Памёр беларускі дзеяч і святар Аляксандр Надсан

У Лондане на 89-м годзе жыцця памёр выбітны дзеяч беларускай эміграцыі і святар, апостальскі адміністратар для гэка-каталікоў замежжа Аляксандр Надсан. Вельмі вядомы перакладамі багаслужэння на беларускую мову.

Аляксандр Антонавіч Надсан (сапраўднае прозвішча  - Бочка) нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў Гарадзеі ў сям'і настаўнікаў. Падчас нацысцкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы (скончыў у 1943). Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Альберціне, мінскую афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны.

З 1944 года — на эміграцыі. Удзельнік Руху Супраціўлення ў Францыі. Ваяваў у 2-м Польскім корпусе генерала Андэрса, паранены ў бітве пад Монтэ-Касіна (Італія). З 1946 жыве ў Вялікабрытаніі. Выпускнік матэматычнага факультэта Лонданскага ўніверсітэта (1953). Стваральнік, кіраўнік (1951—53) Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Магістр багаслоўя рымскай грэчаскай калегіі (1953—58). У 1958 годзе прыняў святарскае свячанне. Дырэктар школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966—75). Заснавальнік і кіраўнік бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане (з 1971). Кіраўнік беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (з 1981). Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (з 1986). Старшыня Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі (з 1989). Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня).

Пераклаў з грэчаскай і славянскай моў на беларускую значную частку корпуса ўсходніх літургічных тэкстаў. Аўтар больш за 250 навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства ХХ ст, малітаўніка «Госпаду памолімся» (2002), які з'яўляецца афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Вызначыў год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (1522), а таксама расчытаў і ўвёў у навуковы ўжытак аль-кітабы беларускіх татараў.

Быў ганаровым доктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Ведаў 9 моў.

Рубрыка: