МАНІТОРЫНГ СМІ: РАДЫЁ СВАБОДА: «Крыважэрны Каліноўскі?» Гісторык адказвае прэс-сакратару праваслаўнай царквы ў Беларусі
30.11.2019Гісторык і аўтар біяграфіі Кастуся Каліноўскага Васіль Герасімчык адказвае старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэю Сергію Лепіну.
«Тэрарызм і арганізацыя бандфармаваньняў, забойствы, катаваньні, гвалт, ну, і здрада (і гэта ўсё — ва ўмовах ваеннага часу)», — менавіта так на сваёй старонцы ў LiveJournal Лепін характарызуе віну паўстанцаў, пакараных на тэрыторыі Беларусі, ды вінаваціць ва ўсім «крыважэрнасьць Каліноўскага».
«Нельга маўчаць, калі думка грунтуецца на памылковых фактах»
На фоне ўрачыстага перапахаваньня ў Вільні гэта прагучала як адказ на пытаньне, зададзенае на шэрагу рэсурсаў, дзе прасочваецца тэндэнцыя да рэанімаваньня старой імпэрскай трактоўкі паўстаньня 1863–1864 гадоў як «польскага паўстаньня» і «ксёндза-шляхецкага мяцяжу»1, ды асуджаецца ўдзел афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў мерапрыемствах, якія ладзіліся 22 лістапада ў Рэспубліцы Літва.
Кожны чалавек, кожная арганізацыя мае права на ўласную думку. Аднак нельга змаўчаць, калі яна грунтуецца на памылковых фактах, пачынаючы ад таго, што ў лік запісаных Сергіем Лепіным паўстанцаў трапілі адразу тры царскія казакі, якія паўстаньне душылі.
Гэта асуджаныя на сьмерць, як прыклад іншым салдатам, казакі Данскога 5-га Казацкага палку Ваўжынец Алаеў, Нікіфар Гнутаў, Ян Каргальскоў — «за забойства габрэя, разбой, гвалт сялянскай дзяўчыны». Паказальна, што ў сьпісе, зьмешчаным Сергіем Лепіным, «Korgalskow» трансфармаваўся ў «Коргальский». Што тут дадаць? «Усялякая мана не ад ісьціны».
Сергію Лепіну ў гэтым пляне варта зьвярнуць увагу на прыклад узгаданага ім жа сьвятара Гардзея Шчаглова, які ў трэцім выданьні сваёй кнігі дайшоў да таго, што перагледзеў першапачатковую выснову пра асобу таго, каго называў «галоўным віноўнікам сьмерці»2забітага праваслаўнага сьвятара Данілы Канапасевіча. Ці здольны як мінімум такую пераацэнку зрабіць Сергій Лепін у адносінах Кастуся Каліноўскага? Мяркую, што не, бо ён верыць у «крыважэрнасьць Каліноўскага».
Пацьверджаньнем таму для яго выступае і вобраз «паплечнікаў Каліноўскага», якія, як вынікае з тэксту Сергія Лепіна, панесьлі тое пакараньне, якога заслужылі, нягледзячы на тое, што асабіста ён супраць сьмяротнага пакараньня. Але ці сапраўды ўсё так відавочна?
«Пакараньні ажыцьцяўляліся без належнай папярэдняй праверкі»
Сяргей Лепін перапосьціў у скарочаным варыянце тэкст Алега Карповіча, надрукаваны яшчэ ў 2011 годзе і затым у 2013 годзе зьмешчаны на сайце «Западная Русь» ды растыражаваны на іншых шматлікіх рэсурсах падобнай накіраванасьці. Ніякага аналізу сапраўднай віны асуджаных «паплечнікаў Каліноўскага» Алег Карповіч тады не праводзіў, як ня спраўджваў і падставы вынясеньня сьмяротных прысудаў. А якраз матэрыялы асабістых спраў дазваляюць сьцьвярджаць, што пакараньні ажыцьцяўляліся без належнай папярэдняй праверкі і ў шмат якіх выпадках грунтаваліся на асабістых, суб’ектыўных меркаваньнях віленскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва.
Напрыклад, асуджанаму на 11 гадоў катаргі Станіславу Адамовічу Мураўёў уласнаручна замяніў пакараньне на расстрэл, што і адбылося ў чэрвені 1863 году ў Берасьці.
У шэрагу выпадкаў у справу вымушаны быў умяшацца нават імпэратар Аляксандар ІІ, але яго памілаваньні прыходзілі «запозна» як тое было зь Леанам Плятэрам і Міхаілам Аскеркам3. Часам, праўда, Міхаіл Мураўёў і сам замяняў сьмяротнае пакараньне на ссылку, як тое было з Зыгмунтам Мінейкам. Але гэта каштавала 9 тысяч рублёў. Пасьля ж здушэньня паўстаньня ў Расейскай імпэрыі грамадзкасьць цікавіў лёс 7 млн рублёў, на якія Міхаіл Мураўёў фактычна абрабаваў Беларусь і Літву ў 1863–1864 гадах.
Сам віленскі генэрал-губэрнатар казаў пра абвінавачаных ва ўдзеле ў паўстаньні наступнае: «Вельмі часта саджаю іх без найменшай віны, нават падазрэньня няма, ну, у такім выпадку я заўжды вырашаю: няхай пасядзіць трохі даўжэй пад замком, быць можа, што-небудзь знойдзецца. І што Вы думаеце! Быў такі шчасьлівы, што заўсёды нешта на рахунак майго самотніка знаходзілася. Ну тады падавай мне яго сюды!»4.
Ці паглыбляецца ў такія рэчы чалавек, які піша, што «простых удзельнікаў» за просты ўдзел «не каралі»? Не, як ня ўзгадвае і пра тое, што пакаранага ў Наваградку Адама Пуслоўскага асудзілі ня столькі за ўдзел у паўстаньні, да якога ён быў датычны цягам сутак, колькі за яго прозьвішча — прадстаўніка адной з найвядомейшых сем’яў на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Адзінае, што некалькі зьдзіўляе Сергія Лепіна, гэта лёс ксяндза Фалькоўскага, пакаранага ў Лідзе за прачытаньне паўстанцкага маніфэста і заклік далучыць сялян да паўстаньня.
Царскае «правасудзьдзе» на тэрыторыі Беларусі і Літвы
У тым, як чынілася «правасудзьдзе» з боку царскіх уладаў на тэрыторыі Беларусі і Літвы ў час паўстаньня, паказальны прыклад Аляксандра Кучэўскага, павешанага на падставе ўласных жа прызнаньняў у забойстве ў вёсцы Умкольне селяніна Лапукса, які, у сваю чаргу, дапамагаў уладам лавіць паўстанцаў. Пры гэтым сяляне Умкольне адмовіліся даваць паказаньні супраць Кучэўскага,5 які пасьля перадачы справы ў ваенна-сьледчую камісію «данное и военному начальнику показание объяснял тем, что начальник допрашивал его с пристрастием под ударами казачьих нагаек. Действительно, при осмотре в комиссии, на спине Кучинского оказалось несколько синебагровых полос, по-видимому, следов нагаек» .
У сувязі з новымі акалічнасьцямі камісія зьвярнулася па дапамогу да Мураўёва, які, «возвращая дело, предписал комиссии судить в двадцать четыре часа по имеющимся в деле данным. По приговору Кучинский был подвергнут смертной казни через повешение». Прысуд быў прыведзены ў выкананьне 12 студзеня 1864 году.
Ці турбуюць усе гэтыя акалічнасьці Сергія Лепіна? Зусім не, бо тут галоўнае — падкрэсьліць злачынны характар усіх прысутных у сьпісе, супрацьпаставіўшы іх забітым у большасьці выпадкаў нявызначанымі асобамі мірным жыхарам. Усяму віной называецца «крыважэрнасьць Каліноўскага», і гэта нягледзячы на тое, што ў час пачатку паўстанцкага тэрору, выкліканага тэрорам царскіх уладаў, Кастусь увогуле быў адхілены ад улады і займаў пасаду ўсяго толькі намесьніка кіраўніка гораду Вільні.
Фэйк пра змаганьне паўстанцаў з праваслаўем
Яшчэ агідней выглядае абвінавачваньне паўстанцаў у змаганьні з праваслаўем:
«Рэлігія большасьці беларусаў — праваслаўе — цкавалася, храмы паліліся і рабаваліся, сьвятароў прыніжалі, зьбівалі, дапытвалі і забівалі. Усіх, хто быў нязгодны з парадкам дня паўстаньня і не выконваў загады яго кіраўніцтва, загадана было вешаць, мірныя жыхары гінулі сотнямі, і некаторыя зь іх — у неверагодных пакутах».
Хіба ў такім разе магла існаваць «праваслаўная прысяга на вернасьць мяцяжу», пра якую распавядае адзін з удзельнікаў здушэньня паўстаньня Аляксандар Гейнс6 ? Ці маглі б у такім разе 14 праваслаўных сьвятароў узяць удзел у паўстаньні? Ці тыя чатыры прадстаўнікі духавенства Жыровіцкага манастыра, якія ў ліку касінераў на чале з Валерыем Урублеўскім змагаліся ў бітве пад Мілавідамі, у тым ліку 19-гадовы Іван Шышко зь вёскі Добрая Воля Ваўкавыскага павету, што служыў пры жыровіцкім архімандрыту?
А тысячы іншых удзельнікаў паўстаньня, праваслаўных па веравызнаньні, для якіх у выніку свая канфэсія стала паратункам ад зьняволеньня, бо кіраўніцтва імпэрыі зрабіла стаўку на раскручваньне вобраза «ксёндза-шляхецкага мяцяжу» і праваслаўныя паўстанцы таму былі перашкодай?
Можа, на тое паўплывала і прапаганда вяртаньня да ўніяцтва, скасаванага ўсяго 25 гадоў да таго, пра што сьведчылі ўлады? Нават зьявілася частка паўстанцаў, якіх характарызавалі як «сыны ўніяцкіх сьвятароў», залічваючы да іх і радню сьвятароў праваслаўных? Ці не таму пасьля ўвядзеньня ў Расейскай імпэрыі ў 1905 годзе ўказу аб верацярпімасьці толькі ў адной Віцебскай губэрні цягам 1905–1906 гадоў адбылося 3020 выпадкаў «совращения в католицизм православных»7?
Акадэмія навук і ўрад — за Каліноўскага
Пытаньняў шмат, і яны застаюцца, бо паўстаньне 1863–1864 гадоў у сучаснай Беларусі ня мае суцэльнага канцэптуальнага выданьня, якое расставіла б усе кропкі над «і». Пры гэтым, нягледзячы на зьняважлівыя заўвагі Сергія Лепіна адносна Кастуся Каліноўскага, гэтая сытуацыя выглядае цяпер відавочнай, пра што сьведчыць «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці»:
«Ужо ў ходзе паўстаньня К. Каліноўскі дэкляраваў ідэю пра палітычную суб’ектнасьць Беларусі ў адносінах з Расеяй і Польшчай. Аб гэтым сьведчыць і зварот-пароль паўстанцаў: „Каго любіш?“, водгук — „Люблю Беларусь!“, далей: „Дык узаемна“... У „Лістах з-пад шыбеніцы“ К. Каліноўскі напоўніў сэнсам беларускую нацыянальную ідэю, якая нарадзілася ў полымі вызваленчага руху. Яго заклік змагацца „за свае чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную“ і стаў нацыянальнай ідэяй беларусаў ХІХ — пачатку ХХ ст.»8.
Гэта пацьвердзіў у сваім выступленьні 22 лістапада на ўрачыстасьцях у Вільні і віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. Можа, таму так эмацыйна загучаў пост старшыні Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы?
Дадатковыя крыніцы:
1. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1. Вильно, 1867. С. 214.
2. Щеглов Гордей, священник. Год 1863. Забытые страницы. Изд. 3-е, испр. и доп. Минск: ВРАТА, 2013. 128 с. С. 6.
3. Воспоминания А.А. Ауэрбаха // Исторический Вестник. 1905. Том СІ. С. 672–697. С. 690.
4. Граф Михаил Николаевич Муравьев. Записки его об управлении Северо-Западным краем и об усмирении в нем мятежа, 1863–1866 гг. // Русская старина. 1882. № 12. С. 638.
5. Межецкий М.П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве в 1861–1863 годах // Исторический вестник. 1898. Том LXXIII. С. 825–858. С. 855.
6. Собрание литературных трудов Александра Константиновича Гейнса. Том 3. С.-Петербург, 1899. С. 167.
7. РГИА. Ф. 821. Оп. 128. Д. 697. Л. 1–3 об.Л. 3.
8. История белорусской государственности. В 5 томах. Т.2. С. 221–222.
Крыніца: Радыё Свабода