4. Манаства

Упершыню я сустрэўся з манахамі на багаслоўскім факультэце ў Варшаве. Там былі студэнты-манахі з Пачаеўскай Лаўры19. Ня меў аказіі паразмаўляць, але сымпатызаваў ім. Ад калег-студэнтаў з Валыні я чуў расповеды пра Пачаеўскую Лаўру, пра Пачаеўскі цудадзейны абраз Божай Маці, пра сьвятыя мошчы вялебнага Іова, ігумена Пачаеўскага, пра Ступню Божай Маці з крыніцай гаючай вады. Даведаўшыся пра гэта, мне захацелася паехаць у Лаўру і памаліцца ля яе сьвятыняў. На калядныя вакацыі я паехаў дадому ў Завітую. Сямейнікам я распавёў пра Пачаеўскую Лаўру і пра сваё жаданьне яе наведаць. Пярэчаньня не было. Але пра свой пострыг у манаства я тады ня думаў. Можа таму, што яго ня ведаў і ня меў уяўленьня пра манастырскае жыцьцё. Маё атачэньне зь дзяцінства не схіляла да манаства.

Тады я ўспомніў пра Жыровіцкі манастыр20, які знаходзіўся ў Слонімскім павеце, прыблізна за 60 кілямэтраў ад маёй Завітой. Са старажытных часоў у гэтым манастыры знаходзіўся сьвяты цудадзейны абраз Божай Маці, названай Жыровіцкай21. Яна славілася многімі цудамі пры вылечваньня хворых. Памятаю зь дзяцінства, як па дарозе паўз нашай хаты праходзілі натоўпы багамольцаў, якія паломнічалі ў гэты манастыр. Пабывала ў ім і мая родная маці. Захацелася і мне наведаць Жыровіцкі манастыр і памаліцца перад яго цудадзейным абразам. Жаданьне сваё я зьдзейсьніў, калі вярнуўся дадому на велікодныя вакацыі. Для гэтага спэцыяльна прыехаў цягніком у горад Слонім і адтуль 10 кілямэтраў прайшоў пешшу па вясновым бездарожжы. Наведаў манастыр, агледзеў яго, памаліўся ля абраза Божай Маці і пешшу вярнуўся на цягнік у Слонім. Прыгажосьць і веліч манастыра вельмі моцна мяне ўразілі. Падчас паломніцтва ў сьвятое месца я потым цэлы дзень нічога ня еў і ня піў. Пра гэта нават і ня думаў, зачараваны бачаным і перажытым.

Пасьля заканчэньня акадэмічнага года на ўнівэрсытэце я паехаў у Пачаеўскую Лаўру. Гэта была мая мара, і я яе ажыцьцявіў. Са мной ехаў мой калега Нікандр Гаскевіч, каб прыняць у Лаўры пострыг. Ён гаварыў мне, што адчувае сябе хворым і хоча памерці манахам. Але ня стаў ім. На наступны дзень пасьля прыезду ў Лаўру ён паехаў да свайго брата-сьвятара і адмовіўся ад пострыгу, пакрыўджаны кепскім прыёмам у а. намесьніка Лаўры. Я ж застаўся, спыніўшыся ў манастырскім гатэлі. Тут правёў усё лета, штодзённа наведваючы манастырскія богаслужбы.

Пачаеўская Лаўра ўразіла мяне сваёй грандыёзнасьцю і прыгажосьцю. Яна стаяла на высокай гары і відаць была за 10 кілямэтраў. а яе высокая званіца - яшчэ далей. Пачаткам існаваньня тут Лаўры лічаць XIII стагодзьдзе.

На вяршыні Пачаеўскай гары ў XIII стагодзьдзі цудоўна зьявілася ў вогненным слупе Божая Маці і пакінула на скале сьлед Сваёй ступні. адкуль пацекла гаючая вада ў выглядзе крыніцы. Цягам часу на вяршыні гэтай гары быў пабудаваны манастыр, які ў наш час вядомы пад назвай "Пачаеўская Лаўра". Польскі магнат граф Патоцкі пабудаваў на свае сродкі цяперашні Сьв.-Усьпенскі сабор Лаўры і брацкія кельлі вакол сабора, а таксама высокую галерэю перад уваходам у яго. Цудадзейны абраз Божай Маці прынесла ў манастыр праваслаўная памешчыца Ганна Гойская ў XVI стагодзьдзі. Сьвятыя мошчы вялебнага Іова, ігумена Пачаеўскага, захоўваюцца ў Пячорскай царкве з XVII стагодзьдзя.

Настаяцелем Пачаеўскай Лаўры быў мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Полыпчы Дыянісій, а намесьнікам Лаўры — архімандрыт Дамаскін (Малюта), адораны талентам прапаведнік і сьвятар у манастве. У Лаўры ён наладзіў электрычную станцыю і млын, а таксама пазалотную і іканапісную майстэрні. У лаўраўскіх майстэрнях выраблялі царкоўныя рэчы і забясьпечвалі імі прыходзкія храмы. У рызьніцы захоўваліся дарагія парчовыя расы, падораныя расейскімі імпэратарамі, і шмат каштоўных чараў і напрастольных эвангельляў у дарагіх акладах. У бібліятэцы захоўваліся рукапісы кнігі з XVII і XVIII стагодзьдзяў. Усё багацьце Лаўры было незьлічонае. У Лаўры за маім часам налічвалася да 200 чалавек браціі, з паслушнікамі і труднікамі.

У Лаўры я ўсім цікавіўся і ўсё аглядаў. Пазнаёміўся і пасябраваў з рызьнічым герадыяканам Якавам, які загадваў архірэйскім домам, гераманахам Лаўрэнціем, пасечнікам-гераманахам Алімпіем, якія паказалі мне ўсе славутасьці Лаўры.

3 а. намесьнікам Лаўры архімандрытам Дамаскінам маё знаёмства адбылося пры асаблівых абставінах. Аднойчы ён запрасіў мяне да сябе на сьняданак, калі я стаяўу саборы на ютрані. Пры сустрэчы зь ім у яго пакоях ён сказаў: "Я даўно хацеў пазнаёміцца з вамі, але быў заняты і ня мог". А на самай справе ён здалёку назіраў за мной і за маімі паводзінамі. Пасьля сьняданка прапанаваў штодзённа заходзіць на гарбату пасьля ютрані. Аднойчы я прыйшоў, але калі яго келейнік пачаставаў мяне гарбатай у келейнай, я пакрыўдзіўся і болып не пайшоў, хоць жыў тады без сьняданкаў і вячэраў, задавальняючыся абедамі. Прайшло пасьля гэтага некалькі дзён, як ён зноў запрасіў мяне на сьняданак, калі быў на ютрані. Гэтым разам я прыйшоў. За сьняданкам, папракнуўшы мяне за тое, што не прыходзіў раніцай да яго келейніка на гарбату, прапанаваў мне прамовіць казаньне ў сьвята Ператварэньня Гасподняга ў Пячорскай царкве за раньняй літургіяй да багамольцаў. Я рашуча спрабаваў адмовіцца, але беспасьпяхова. Ён настойваў і пераконваў не адмаўляцца. I я вымушаны быў пагадзіцца. Упершыню ў жыцьці выступаць з казаньнем у царкве перад вернікамі! Я хваляваўся да адчаю і баяўся выступаць. Вопыту яшчэ ня меўу гэтым і казаньня не напісаў, каб вывучыць яго. У вызначаны час у алтары апранулі мяне ў стыхар. Зь вялікім хваляваньнем я выйшаў на царкоўны амбон, але не разгубіўся, пачаў сваё імправізаванае казаньне. Ці доўга я гаварыў, ня ведаю, як толькі скончыў, пасьпешліва зьняў стыхар і выйшаў з алтара, адчуваючы сябе няёмка. Зачыніўся ў сваім пакоі ў гатэлі і саромеўся сустракацца з сябрамі-манахамі. Мне здавалася, што я аскандаліўся.

Назаўтра а. намесьнік паклікаў мяне да сябе праз свайго келейніка. Зь вялікай няёмкасьцю я ішоў да яго, як вінаваты хлопчык да роднага бацькі. Нечакана ён прыняў мяне ласкава і падзякаваў за казаньне, спасылаючыся на добрыя водгукі манахаў, якія чулі мяне. Пачаставаў мяне гарбатай з закускамі і падараваў вялікі свой партрэт з надпісам: "Студэнту багаслоўскага факультэта Варшаўскага ўнівэрсытэта Антону Мартасу на памяць пра першае прамоўленае ім казаньне ў Пачаеўскай Сьвята-Усьпенскай Лаўры ў сьвята Ператварэньня Гасподняга 6/19 жніўня 1927 года. Архімандрыт Дамаскін. намесьнік Лаўры".

Архімандрыт Дамаскін, узбадзёрыўшы мяне пахвалою і ўласным партрэтам, прапанаваў мне прамовіць казаньне і на сьвята Ўсьпеньня Божай Маці 15/28 жніўня. Зноўя спрабаваўухіліцца ад гэтага паслушэнства, але а. намесьнік настойваў на сваім. За паслушэнства я пагадзіўся. Ён даў мне кнігу казаньняў, ня памятаю, якога прапаведніка. Да гэтага казаньня я падрыхтаваўся і, па загадзе а. намесьніка, прамовіў яго ў Шпітальнай царкве за раньняй літургіяй. На гэтым мая "прапаведніцкая дзейнасьць" у Лаўры завяршылася. Надышоў ужо месяц верасень, і я неўзабаве паехаў у Варшаву на пачатак акадэмічнага года на ўнівэрсытэт. Тады я быў маладым цывільным студэнтам. Але першыя казаньні ў Пачаеўскай Лаўры былі нібы прарочыя і прадказвалі маё духоўнае манаскае пакліканьне. Я тады яшчэ ня ведаў і ня думаў, што ў хуткім часе прыму ў Лаўры пострыг.

Восеньскі трыместр акадэмічнага года праляцеў непрыкметна. Надышлі калядныя вакацыі. Студэнты разьяжджаліся з інтэрната на сьвята да сваіх бацькоў. Я сабраўся таксама ехаць дадому. Але атрымалася паводле прымаўкі: "Чалавек думае, а Бог робіць". Мне не наканавана было ехаць дадому. Гасподзь Бог клікаў мяне ў Пачаеўскую Лаўру да манаскага жыцьця. Гэта адбылося такім чынам.

У дзень ад'езду студэнтаў я выпадкова сустрэў на калідоры нашага інтэрната намесьніка Пачаеўскай Лаўры, архімандрыта Дамаскіна. які лічыўся студэнтам багаслоўскага факультэта і прыехаў здаваць свае ўнівэрсытэцкія залікі. Сустрэўшы мяне, ён спытаў:

- Ты куды едзеш на вакацыі?

- Дадому, - адказаў я.

- Студэнты Нарко і Возераў едуць у Лаўру прымаць пострыг. Далучайся да іх і будзеш трэці, - запрапанаваў ён. Я зьбянтэжыўся ад нечаканай прапазыцыі і спачатку разгубіўся, прамармытаўшы:

- А ці мне можна?

- Чаму нельга?! Пішы прашэньне на імя мітрапаліта, які цяпер у інтэрнаце, але сьпяшайся, бо ён зьбіраецца выяжджаць з інтэрната ў Мітраполію. Я занясу тваё прашэньне і падам яму, — сказаў мне а. архімандрыт.

Без ваганьня і маруджаньня я зайшоў у свой пакой і напісаў кароткае прашэньне з просьбай блаславіць мяне на пострыг. Напісаўшы, занёс а. архімандрыту, а ён занёс мітрапаліту. Праз некалькі хвілінаў ён выйшаў з пакою мітрапаліта і з радасьцю сказаў мне:

- Уладыка мітрапаліт блаславіў. 3 Богам! Выпраўляйся ў Лаўру, -пры гэтым архімандрыт Дамаскін блаславіў мяне.

Вырашыўшы свой лёс такім чынам, я адчуў радасьць і палёгку на душы. Мне здавалася, што я знайшоўтое, што таемна шукаўдля сябе самога.

На наступны дзень, уночы, тры студэнты багаслоўскага факультэта - Уладзімір Нарко (3-ці курс), Антон Мартас (2-гі курс) і Мікалай Возераў (1-шы курс) - імчаліся кур'ерскім цягніком з Варшавы ў горад Крамянец на Валыні ў напрамку Пачаеўскай Лаўры. Зіма выдалася сьцюдзёная: бушавала завея, трашчаў люты мароз, а ў купэ 3-й клясы было цёпла і душна. Пасажыры драмалі, седзячы на цьвёрдых драўляных лаўках. Зімовая ноч - доўгая і цёмная.

На станцыю "Крамянец" прыехалі раніцай. Ужо пачаўся дзень. Адсюль трэба было нам дабірацца на санях 25 кілямэтраў Танна мы нанялі селяніна з худым конікам, запрэжаным у простыя сані без сядзеньняў. Па дарозе ён завёз нас у вёску ў сваю хату, загадаў жонцы накарміць нас гарачым, зрабіў сядзеньні ў санях, і выправіліся ў дарогу. Мы апрануліся па-студэнцку лёгка: у восеньскія паліто, і нічога цёплага на сабе. Ехалі ўвесь дзень і настала ноч. Брама Пачаеўскай Лаўры ўжо была зачыненая для чужых. Заначавалі ў лаўрскім гатэлі з неабагрэтымі пакоямі. Дзьверы прызначанага для нас пакоя выходзілі на вуліцу і пад імі ляжалі гурбы сьнегу і лёду. Загадчык гатэлю, прыемны стары ігумен Валянцін, са спачуваньнем сказаў: "Начуйце тут. Гэты пакой болып цёплы, бо іншыя яшчэ халаднейшыя за яго". Горш за ўсё было тое, што мы, галодныя, хацелі штокольвек зьесьці, але рэстараны былі ўжо зачыненыя. Так і праспалі ўсю ноч у голадзе і холадзе. Загартоўваліся для манаскага подзьвігу. Маладосьць брала сваё. Сталейшы з нас быў Возераў, сын губэрнатара, які закончыў Пажскі корпус і быў паранены ў Добраахвотніцкай арміі ў час вайны з балыпавікамі. Ён болып пакутаваў ад холаду, чым я і мой таварыш Нарко. Але мы не прастудзіліся, нават катару не атрымалі, і мае хворыя лёгкія вытрымалі. Гасподзь нас умацаваў.

Уранку нас уладкавалі ў манастырскім корпусе і памясьцілі ў кельлю двухмэтровай таўшчыні са скляпеньнямі. Кельля была халодная. Далі нам сырыя ды ў сьнезе дровы, але яны не гарэлі, а сухіх для распальваньня не было. Так мы і жылі ў неабагрэтай кельлі. Манастырская ежа бедная: капуста ды грэцкая каша без алею. Калядны, ці Піліпаў пост строга выконваўся браціяй манастыра. Страўнікі нашы ад нязвыклай манастырскай ежы бунтаваліся, але ў хуткім часе супакоіліся і задаволіліся.

Цяжка было ўставаць раніцай а 4 гадзіне на ўсяночную і ютрань. але мы ўставалі і па халодных калідорах сьпяшаліся ў царкву. Там маліліся і мерзьлі ў неабагрэтай Пячорнай царкве. I так штодня. Маліліся таксама за літургіяй. Чакалі пострыгу ў манаства.

Айцец намесьнік Лаўры прызначыў кожнаму з нас старца з тых. што вызначаліся падзьвіжніцкім жыцьцём. Мой старац быў гераманах Аполас. Старцы рыхтавалі нас да манаства. У манастырскай кравецкай майстэрні пасьпешліва шылі нам рызы і манаскае адзеньне. Калі ўсё было падрыхтавана, а. намесьнік абвясьціў нам, што за тры дні да сьвята Нараджэньня Хрыстова адбудзецца наш пострыг. Нас цікавіла, якое імя кожнаму з нас дадуць пры пострыгу, але а. намесьнік утойваў гэта. Прыйшоў дзень пострыгу. Зранку старцы павялі нас у Пячорную царкву, дзе мы ўкленчылі перад мошчамі вялебнага Іова Пачаеўскага. На яго рацы начавала нашае ўбраньне. Мы маліліся перад мошчамі сьвятога, прасілі ягонай дапамогі ў манаскім подзьвігу. Пасьля гэтага спавядаліся ў сваіх грахах у старцаў.

Пасьля чытаньня часоў да літургіі нас паставілі за шырмай у прытворы Пячорнай царквы. Тут мы зьнялі сваю звычайную вопратку і на голае цела апранулі валасяніцы: доўгія цьвёрдыя кашулі, якжалезныя вярыгі. Кожны пра штосьці думаў, перажываў у гэты момант. Думкі паляцелі, як спалоханыя птушкі. На Малым уваходзе літургіі клірасная брація засьпявала сьціхіру Набажэнства нядзелі пра Блуднага сына: "Объятие Отча". Сьпявалі працягла і ўрачыста, памалу рухаючыся са сьвечкамі ў руках у паўзмроку велізарнага храма ў доўгіх чорных мантыях у шэрагу па два чалавекі, накіроўваючыся да нас. Старцы пакрылі нас сваімі мантыямі і сагнутымі, са складзенымі накрыж на грудзях рукамі павялі да алтара ўсьлед за пеўчай браціяй. На амбоне перад адчыненай Царскай брамай мы ўкленчылі з раскінутымі накрыж рукамі і ляжалі так некалькі хвілінаў, пакуль а. намесьнік, архімандрыт Дамаскін, не крануў кожнага з нас сваёю рукою ў знак, што мы павінны ўстаць на ногі. Сваім мэлядычным барытонам ён гучна і строга спытаў:

- "Что пришел еси, брате, припадая ко святому жертвеннику и ко святей дружине сей?"

Пачалася кранальная і працяглая цырымонія пастрыжэньня ў манахі. Расказвалі, што некаторыя з багамольцаў плакалі. Пастрыжаныя атрымалі новыя імёны, якімі назваў а. намесьнік, са словамі: "Брат наш, имя рекъ, постригаетъ власы главы своея в знамение отрицания мира, й всех яжа в мире, и во отвержение своея воли и всехъ плотских похотей, во имя Отца и Сына и Святого Духа: рцемъ о немъ все, Господи помилуй". Брація спявала тройчы Тосподи, помилуй".

Апранутыя ва ўсё манаскае адзеньне, з запаленымі сьвечкамі і крыжамі, стаялі мы на клірасе ў час літургіі пасьля пострыгу, як анёлы ў плоці. Пасьля сьпеву "Запрйчастна" мы прыступілі да сьвятой чары і прычасьціліся Сьвятых Цела і Крыві Хрыстовых. Пасьля заканчэньня літургіі а. намесьнік павіншаваў нас і сказаў цудоўную прамову ў павучаньне нам.

3 царквы перавялі нас у другую царкву ў затвор, дзе мы прабылі тры дні і тры ночы. На трэці дзень нас вывелі з затвора і дазволілі быць вольнымі. Было сьвята Нараджэньня Хрыстова.