Надрукаваныя першыя старонкі факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля.
28.08.2009Пачаўся друк факсімільнай копіі рукапіснага помніку ХVI ст. - Слуцкага Евангелля, вядомага яшчэ як Евангелле Юрыя Алелькавіча. Публікацыю ажыццяўляе Выдавецтва Беларускага Экзархата пры фінансавай падтрымцы беларускай дзяржавы. Унікальны асобнік Слукага Евангелля ў ручным пераплёце, з вокладкай з рэдкай скуры (арыгінальнае евангелле мае аксамітную вокладку) мае быць уручаны Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу у часе ягонага візіту ў Беларусь у верасні бягучага году.
Слуцкае Евангелле - твор працы Юрыя Юр'евіча Алелькавіча, князя Слуцкага - бацькі (паводле іншых сведчанняў, дзеда) Св. праведнай Сафіі Слуцкай. Скончаная ў 1582 г. і прынесеная ў дар Свята-Траецкаму манастыру, кніга захоўвалася там да 20-х гг. мінулага стагоддзя. Пасля рэвалюцыі 1917 г. манастыр быў зліквідаваны, Евангелле патрапіла ў Слуцкі краязнаўчы музей, пазней - у Мінскі дзяржаўны музей, а ў 1929 г. - у Музей у Магілёве, дзе захоўвалася ў адмысловым пакоі разам з вялікай колькасцю беларускіх культурных і рэлігійных скарбаў, у т.л. Крыжом Св.Еўфрасіні Полацкай і Бялыніцкай іконай Божай Маці.
У 1941 г., пасля пачатку нямецкай акупацыіі Беларусі, усе скарбы з Магілёўскага музею эвакуяваліся ўглыб Расеі, пасля чаго зніклі. У 1980-х гг. Евангелле трапіла ў рукі святару Мінскай епархіі Віктару Белякову, які атрымаў яго ад састарэлай жанчыны пасля адпяванне ейнага сваяка. Паводле словаў жанчыны, Евангелле яна выхапіла з агню, калі яго, разам з шэрагам іншых прадметаў, спрабавалі спаліць. Да пач. 2000-х г. Слуцкае Евангелле захоўвалася ў святара, які нават і не падазраваў, наколькі гэта вялікі скарб, аднак вырашыў занесці яго ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне. Навукоўцы, пакліканыя для экспертызы, былі вельмі ўражаныя, калі зразумелі, які артэфакт знаходзіцца перад імі. Важнасць гэтага помніка таксама і ў тым, што ён дае надзею на тое, што іншыя экспанаты Магілёўскага музею могуць быць адшуканыя.
Крыніца:
Апошнія навіны