Перавесці гадзіннік назад

У дзень памяці святых новамучанікаў беларускіх

 

У дзень, калі гадзіннік пераводзяць назад, Беларуская Праваслаўная Царква святкуе памяць святых навамучанікаў беларускіх. Памяць? Ці ўспомнім мы іх імёны, не гаворачы ўжо дэталі іх жыццяпісаў? А гісторыі тыповыя - як тыповыя шэрыя тэчкі з надпісам "справа №", і гэтыя гісторыі хаваюцца за нумарамі, якія давалі ім замест імёнаў, якіх мы не памятаем.

Мы памятаем савецкія часы - з кілбасой па руб. з кап. за кілаграм, з "высокім маральным ладам", калі па целіку не паказвалі "усякую распусту", з перамогай у Вялікай Айчыннай вайне пад кіраўніцтвам тав.Сталіна, помнік якому нядаўна ўсталяваны на лініі яго імя. Мы памятаем імёны правадыроў Кастрычніцкай рэвалюцыі, помнікамі якіх застаўленыя ўсе гарады і мястэчкі Беларусі. Мы зноўку начэпліваем піянерскія гальштукі сваім дзецям. А імёны Уладзімераў, Іаанаў, Аляксандраў, Міхаілаў - не гавораць нам нічога, дый што яны могуць сказаць, гэтыя, бадай, самыя распаўсюджаныя ў Беларусі імёны?

Іх катавалі не за веру, не за імя Хрыста. Гэтыя простыя словы, само імя Хрыстовае - страшнае для бязбожнай улады. Ім "паялі" "калабарацыю" і "контррэвалюцыю", паводле слова ап.Паўла "тыя, каго ўвесь свет быў няварты" - "пераносілі здзекі і пабоі, палон і цямніцу, іх пабівалі камянямі, перапільвалі, катавалі, яны паміралі ад мяча". Іх не разумелі сужэнцы, іх зракаліся дзеці, дый браты і сёстры ў Хрысце часта "давалі пацалунак, як Іуда", і выціралі людзей са сваёй памяці. Нашая памяць знявечаная гэтымі выцертымі, вымаранымі аркушамі паперы, які мы вырывалі са сваёй "асабістай справы №".

У дзень, калі гадзіннік пераводзяць назад, Беларуская Праваслаўная Царква тужыць аб бяспамяцтве пра святых пакутнікаў. Гэты дзень - святых пакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай - найдаўжэйшы ў годзе.

Наталька Базылевіч

Рубрыка: