9 Паводле Іаана

1 I, праходзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэння.
2 І спыталiся ў Яго вучнi Яго, кажучы: Раввi! хто саграшыў: ён цi бацькi яго, што ён сляпым нарадзіўся?
3 Адказаў Іісус: нi ён не саграшыў, нi бацькi яго, але гэта дзеля таго, каб выявіліся дзеі Божыя на ім;
4 Мне належыць рабiць справы Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль яшчэ дзень; надыходзіць ноч, калi нiхто не можа дзейнічаць;
5 пакуль Я ў свеце, Я святло свету.
6 Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю і зрабiў глей са сліны, і памазаў глеем вочы сляпому,
7 і сказаў яму: ідзi, умыйся ў купальнi Сiлаам (што азначае: Пасланы). Той пайшоў i ўмыўся, i прыйшоў відушчым.
8 Суседзi ж i тыя, хто бачыў яго раней, што ён быў сляпы, гаварылi: ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?
9 Адны казалi: гэта ён. А другія: падобны да яго. Ён жа казаў: гэта я.
10 Тады казалі яму: як у цябе ад-крыліся вочы?
11 І сказаў ён у адказ: Чалавек, Якога завуць Іісус, зрабiў глей, памазаў вочы мае i сказаў мне: “ідзi ў купальню Сiлаам i ўмыйся”. Я пайшоў, умыўся i стаў бачыць.
12 Тады сказалi яму: дзе Ён? Той кажа: не ведаю.
13 Вядуць яго да фарысеяў, таго былога сляпца.
14 А была субота, калi Іісус зрабiў глей i адкрыў яму вочы.
15 Таксама пыталiся ў яго і фарысеi, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў iм: глей паклаў Ён на вочы мае, i я ўмыўся, i бачу.
16 Гаварылi тады некаторыя з фарысеяў: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не прытрымліваецца суботы. Іншыя казалi: як можа чалавек грэшны такiя цуды рабiць? I была нязгода памiж iмi.
17 Кажуць сляпому зноў: а ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў твае вочы? І той сказаў: гэта прарок.
18 Не паверылi аднак Іудзеі ў тое, што ён быў сляпы i стаў бачыць, пакуль не паклiкалi бацькоў таго, хто стаў бачыць,
19 i спыталiся ў iх, кажучы: гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што ён нарадзiўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?
20 У адказ ім бацькi яго сказалі: мы ведаем, што гэта сын наш, і што ён сляпым нарадзіўся;
21 а як ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; сам ён дарослы, у яго спытайцеся; сам пра сябе няхай скажа.
22 Так сказалi бацькi яго, таму што баялiся Іудзеяў, бо Іудзеі ўжо
23 таму бацькi яго і сказалi: ён дарослы, у яго спытайцеся.
24 I вось паклiкалi другi раз чалавека, што быў сляпым, i сказалi яму: уздай славу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэшны.
25 Ён жа ў адказ iм сказаў: цi грэшны Ён, не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
26 І сказалi яму зноў: што Ён зрабiў табе? як Ён адкрыў твае вочы?
27 Той адказаў iм: я сказаў вам ужо, і вы не слухалi; што яшчэ хочаце пачуць? хіба і вы хочаце стаць Яго вучнямi?
28 Яны ж зганілi яго, кажучы: гэта ты вучань Яго, а мы Маісеевы вучнi;
29 мы ведаем, што з Маісеем гаварыў Бог; а пра Яго не ведаем, адкуль Ён.
30 У адказ чалавек той сказаў ім: гэта і дзiўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мае вочы;
31 мы ж ведаем, што грэшнiкаў Бог не слухае; а хто шануе Бога i выконвае волю Яго, таго слухае;
32 адвеку не чуваць было, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння;
33 калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы нiчога зрабiць.
34 У адказ яны сказалi яму: у грахах увесь ты нарадзiўся, i ты вучыш нас? I выгналi яго вон.
35 Пачуў Іісус, што выгналi яго вон, i, знайшоўшы яго, сказаў яму: ты веруеш у Сына Божага?
36 У адказ той сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб я ўвераваў у Яго?
37 Сказаў яму Іісус: i бачыў ты Яго, i Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
38 Ён жа сказаў: верую, Госпадзі! І пакланiўся Яму.
39 I сказаў Іісус: на суд Я ў свет гэты прыйшоў, каб невідушчыя бачылi, а відушчыя сляпымі сталі.
40 І пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, што былi з Ім, і сказалi Яму: няўжо i мы сляпыя?
41 Сказаў iм Іісус: калi б вы сляпыя былi, то не мелi б граху; але паколькі вы кажаце, што бачыце, то грэх ваш застаецца.