10 Паводле Іаана

1 Праўду, праўду кажу вам: хто не праз дзверы ўваходзiць у двор авечы, а ўлазiць iнакш, той злодзей i разбойнiк;
2 а хто ўваходзiць праз дзверы, той пастух авечак;
3 яму прыдзвернiк адчыняе, i авечкi голасу яго слухаюцца, i сваiх авечак ён клiча па імёнах i выводзiць iх;
4 i калi сваiх авечак выпусціць, iдзе перад iмi, i авечкi за iм ідуць, бо ведаюць голас яго;
5 за чужым жа не пойдуць, а будуць уцякаць ад яго, бо не ведаюць чужога голасу.
6 Гэтую прытчу сказаў iм Іісус. Яны ж не зразумелi значэння таго, што Ён гаварыў iм.
7 Тады зноў сказаў iм Іісус: праўду, праўду кажу вам: Я — дзверы для авечак;
8 усе, колькi iх нi прыходзiла перада Мною, былі зладзеi ды разбойнiкi; але авечкi не паслухалiся iх;
9 Я — дзверы; хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе; i ўвойдзе, i выйдзе, i пашу знойдзе;
10 злодзей прыходзiць толькi каб украсцi і забiць, i загубiць; Я прыйшоў, каб жыццё мелi, i ўдосталь мелi;
11 Я — Пастыр добры; пастыр добры жыццё сваё аддае за авечак,
12 а наймiт, якi не пастыр і якому авечкi не свае, бачыць, як прыходзіць воўк, i пакiдае авечак i ўцякае, i воўк хапае авечак i разганяе іх;
13 а наймiт уцякае, бо ён наймiт i не дбае пра авечак.
14 Я — Пастыр добры i ведаю Маіх, i Мае ведаюць Мяне;
15 як ведае Мяне Айцец, так i Я ведаю Айца, i жыццё Маё аддаю за авечак;
16 ёсць у Мяне i iншыя авечкі, якія не з гэтага двара, i тых Мне трэба прывесцi; i голас Мой яны пачуюць, і будзе адно стада i адзiн Пастыр.
17 За тое Айцец Мяне любiць, што Я аддаю жыццё Маё, каб зноў прыняць яго;
18 нiхто не адбірае яго ў Мяне, а Я аддаю яго Сам; уладу маю аддаць яго i ўладу маю зноў прыняць яго; гэтую запаведзь атрымаў Я ад Айца Майго.
19 І нязгода зноў узнікла памiж Іудзе-ямі з-за гэтых слоў;
20 гаварылi многiя з iх: Ён мае ў Сабе дэмана i шалее; чаго вы Яго слухаеце?
21 Іншыя гаварылі: гэта словы не апантанага, хіба можа дэман адкрываць вочы сляпым?
22 I настала ў Іерусалiме свята аднаўлення, i была зiма;
23 і хадзiў Іісус у храме, у прытворы Саламонавым.
24 Абступiлi Яго Іудзеі i казалi Яму: дакуль Ты будзеш таміць душы нашы? калi Ты Хрыстос, скажы нам адкрыта.
25 Адказаў iм Іісус: Я сказаў вам, i вы не верыце; справы, якія Я раблю ў iмя Айца Майго, яны сведчаць пра Мяне;
26 але вы не верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
27 Авечкi Мае голасу Майго слухаюцца, i Я ведаю iх, i яны iдуць за Мною,
28 і Я жыццё вечнае даю iм, i не загiнуць давеку, i не вырве iх нiхто з рукi Маёй;
29 Айцец Мой, Якi даў Мне iх, большы за ўсiх, i нiхто не можа вырваць iх з рукi Айца Майго;
30 Я i Айцец — адно.
31 І ўзялі зноў камянямі Іудзеі, каб пабiць Яго.
32 Сказаў iм Іісус: многа добрых спраў паказаў Я вам ад Айца Майго; за якую з гэтых спраў вы хочаце пабіць Мяне камянямі?
33 Адказалi Яму Іудзеі, гаворачы: не за добрую справу мы хочам пабiць Цябе камянямі, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робiш Сябе Богам.
34 Адказаў iм Іісус: хiба не напiсана ў законе вашым: “Я сказаў: вы багi”.
35 Калі Ён назваў багамi тых, да каго было звернута слова Божае, а Пісанне не можа быць парушана,
36 тады як жа Таму, Каго Айцец асвяцiў i паслаў у свет, вы кажаце: “блюзнерыш”, паколькі Я сказаў: “Я Сын Божы”?
37 калi Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне;
38 а калi раблю, то, калі Мне не верыце, дык справам верце, каб вы спазналi i ўверавалi, што Айцец ува Мне i Я ў Ім.
39 Тады шукалi зноў, як схапіць Яго, але Ён унік рук iх
40 i пайшоў зноў за Іардан, на тое месца, дзе раней хрысцiў Іаан, i за-стаўся там.
41 I многiя прыйшлi да Яго i гаварылі, што Іаан не зрабiў нiякага цуду;
42 I многiя там уверавалi ў Яго.