8 Паводле Іаана

1 Іісус жа пайшоў на гару Елеонскую;
2 а раніцаю зноў прыйшоў у храм, і ўсе людзі ішлі да Яго; і Ён сеў і вучыў іх.
3 І прывялі кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну , якую засталі за пралюбадзействам, і, паставіўшы яе пасярэ-дзіне,
4 кажуць Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну засталі падчас пралюбадзейства;
5 у законе Маісей загадаў нам такіх пабіваць камянямі, а Ты што скажаш?
6 Гаварылі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб было ў чым абвінаваціць Яго. Але Іісус, нізка нагнуўшыся, пальцам пісаў на зямлі, не зважаючы на іх.
7 Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, разагнуўшыся, сказаў ім: хто з вас без граху, няхай першы кіне камень у яе.
8 I зноў, нізка нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
9 Яны ж, пачуўшы гэта і адчуваючы дакоры сумлення, сталі выходзіць адзін за адным, пачынаючы ад старэйшых і да апошніх; і застаўся адзін Іісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
10 Іісус, разагнуўшыся і не ўбачыўшы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: жанчына! Дзе абвінаваўцы твае? Ніхто цябе не асудзіў?
11 Яна адказала: ніхто, Госпадзі! Сказаў ёй Іісус: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы.
12 І зноў прамовіў да іх Іісус, кажучы: Я святло свету; хто пойдзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, а будзе мець святло жыцця.
13 Тады сказалі Яму фарысеі: Ты Сам пра Сябе сведчыш; сведчанне Тваё непраўдзівае.
14 На гэта Іісус сказаў ім: калі Я і Сам сведчу пра Сябе, то сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; а вы не ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
15 Вы па плоці судзіце; Я не суджу нікога;
16 а калі і суджу Я, то суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, а Я і Айцец, Які паслаў Мяне;
17 і ў законе ж вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае;
18 Я Сам сведчу пра Сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.
19 Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Адказаў Іісус: вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы Мяне ведалі, то ведалі б і Айца Майго.
20 Гэтыя словы гаварыў Іісус каля скарбніцы, вучачы ў храме; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.
21 І зноў сказаў ім Іісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў граху сваім; куды Я іду, вы не можаце прыйсці.
22 Іудзеі тады гаварылі: ці не заб’е Ён Сам Сябе, калі кажа: “куды Я іду, вы не можаце прыйсці”?
23 Ён сказаў ім: вы ад нізу, а Я з вышыні; вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету;
24 таму і сказаў Я вам, што памраце ў грахах сваіх; бо калі не ўверуеце, што гэта Я, то памраце ў грахах сваіх.
25 Тады сказалі Яму: хто Ты? І сказаў ім Іісус: Той, Хто ад пачатку, як і кажу вам;
26 многа маю Я пра вас гаварыць і судзіць; але Той, Хто паслаў Мяне, ісцінны, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу свету.
27 Не зразумелі яны, што Ён гаварыў ім пра Айца.
28 І сказаў ім Іісус: калі ўздымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што ад Сябе Я нічога не раблю, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і гавару;
29 і Той, Хто паслаў Мяне, са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю ўгоднае Яму.
30 Калі Ён гаварыў гэта, многія ўверавалі ў Яго.
31 Казаў тады Іісус Іудзеям, якія ўверавалі ў Яго: калі застаняцеся ў слове Маім, то вы сапраўды вучні Мае,
32 і спазнаеце ісціну, і ісціна вызваліць вас.
33 Яны адказалі Яму: мы семя Аўраамава і нікому не былі рабамі ніколі; як жа Ты кажаш: “станеце вольнымі”?
34 Адказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто грашыць, ёсць раб граху;
35 але раб не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна;
36 дык вось, калі Сын вызваліць вас, то сапраўды вольнымі будзеце;
37 ведаю, што вы семя Аўраамава; аднак вы шукаеце, як забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;
38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
39 Яны сказалі Яму ў адказ: айцец наш — Аўраам. Кажа ім Іісус: калі б вы былі дзецьмі Аўраама, то рабілі б учынкі Аўраамавы;
40 а цяпер шукаеце, як забіць Мяне, Чалавека, што сказаў вам ісціну, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў;
41 вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; адзін Айцец у нас — Бог.
42 Сказаў жа ім Іісус: калі б Бог быў Айцом вашым, то вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыйшоў;
бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён паслаў Мяне;
43 чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо не можаце чуць слова Майго;
44 вы — ад айца вашага дыявала, і хочаце выконваць жаданні айца вашага; ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не ўстаяў у ісціне, таму што няма ісціны ў ім; калі ён ілжэ, то сваё гаворыць,
45 а паколькі Я ісціну гавару, то не верыце Мне;
46 хто з вас выкрые Мяне ў ня-праўдзе? калі ж Я ісціну гавару, чаму вы не верыце Мне?
47 хто ад Бога, той словы Божыя слухае; вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога.
48 Адказалі на гэта Іудзеі і сказалі Яму: хіба ня правільна мы кажам, што Ты Самаранін і дэман у Табе?
49 Адказаў Іісус: ува Мне дэмана няма, але Я шаную Айца Майго, а вы зневажаеце Мяне;
50 Я ж не шукаю славы Сваёй; ёсць Той, Хто шукае і судзіць;
51 Праўду, праўду кажу вам: хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці давеку.
52 Тады сказалі Яму Іудзеі: цяпер даведаліся мы, што ў Табе дэман: Аўраам памёр і прарокі, а Ты кажаш: “хто захавае слова Маё, той не спазнае смерці давеку”;
53 няўжо Ты большы за айца нашага Аўраама, які памёр? і прарокі памерлі; каго Ты з Сябе робіш?
54 Адказаў Іісус: калі Я праслаўляю Сам Сябе, то слава Мая нішто; ёсць Айцец Мой, Які праслаўляе Мяне, Той, пра Каго вы гаворыце, што Ён Бог ваш;
55 і вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго; і калі Я скажу, што не знаю Яго, то буду падобны да вас ілгун; але Я знаю Яго і захоўваю слова Яго;
56 Аўраам, айцец ваш, рады быў, што ўбачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся.
57 На гэта сказалі Яму Іудзеі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Аўраама?
58 Сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: перш чым быў Аўраам, Я ёсць.
59 Тады ўзялі яны камяні, каб кінуць у Яго, але Іісус знік і выйшаў з храма, прайшоўшы між імі; і пайшоў так.