7 Паводле Іаана
17.12.20101 І хадзіў Іісус пасля гэтага па Галілеі, бо не хацеў па Іудзеі хадзіць, таму што Іудзеі шукалі, як забіць Яго.
2 А было блізка свята Іудзейскае — пастаўленне кушчаў.
3 Сказалі тады Яму браты Яго: пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш;
4 бо ніхто ўпотай не робіць нічога і стараецца сам навідавоку быць; калі Ты такое робіш, пакажы Сябе свету.
5 Бо і браты Яго не веравалі ў Яго.
6 Сказаў жа ім Іісус: час Мой яшчэ не прыйшоў, а ваш час заўсёды наяўны;
7 не можа свет ненавідзець вас, Мяне ж ён ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхія;
8 вы пайдзіце на гэтае свята, а Я яшчэ не пайду на свята гэтае, таму што час Мой яшчэ не настаў.
9 I, сказаўшы гэта ім, Ён застаўся ў Галілеі.
10 Калі ж пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшоў на свята, не адкрыта, а нібы ўпотай.
11 А Іудзеі шукалі Яго на свяце і гаварылі: дзе Ён?
12 І многа спрэчак было пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а іншыя казалі: не, Ён жа ўводзіць у зман народ.
13 Ніхто, аднак, адкрыта не гаварыў пра Яго з-за страху перад Іудзеямі.
14 Калі ж свята дайшло ўжо да паловы, увайшоў Іісус у храм і вучыў;
15 і здзіўляліся Іудзеі, гаворачы: як Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?
16 У адказ ім Іісус сказаў: Маё вучэнне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;
17 калі хто хоча волю Яго выконваць, то даведаецца пра гэтае вучэнне, ці ад Бога яно, ці Я Сам ад Сябе гавару;
18 хто гаворыць сам ад сябе, той уласнай славы шукае, а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма няпраўды ў Ім;
19 ці не даў Маісей вам закон? і ніхто з вас не выконвае закону. Чаму вы хочаце забіць Мяне?
20 Народ адказаў: дэман у Табе; хто хоча забіць Цябе?
21 У адказ Іісус сказаў ім: адну справу зрабіў Я, і вы ўсе здзіўляецеся;
22 вось Маісей даў вам абрэзанне, — хоць яно і не ад Маісея, але ад айцоў, — і ў суботу вы абразаеце чалавека;
23 калі абрэзанне прымае чалавек у суботу, каб не быў парушаны закон Маісееў, — чаму на Мяне вы гневаецеся, што ўсяго чалавека Я ацаліў у суботу?
24 не судзіце па выгляду, а праведным судом судзіце.
25 Гаварылі тады некаторыя з Іерусалімлян: ці не Той гэта, Якога шукаюць, каб забіць?
26 і вось, Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць; няўжо на самай справе дазналіся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?
27 але Гэтага мы ведаем, адкуль Ён; калі ж Хрыстос прыйдзе, ніхто не бу-дзе ведаць, адкуль Ён.
28 Прамовіў голасна тады Іісус у храме, вучачы і гаворачы: і Мяне ведаеце, і ведаеце, адкуль Я; і не Сам ад Сябе Я прыйшоў, але ісцінны Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ведаеце;
29 Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
30 Тады шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.
31 А многія з народу ўверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, хіба Ён больш цудаў зробіць, чым Гэты зрабіў?
32 Пачулі фарысеі, што народ так спрачаецца пра Яго; і паслалі фарысеі і першасвятары слуг, каб схапілі Яго.
33 Сказаў тады ім Іісус: яшчэ нядоўга Я буду з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;
34 будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці.
35 I гаварылі Іудзеі паміж сабою: куды Ён збіраецца ісці, што мы не знойдзем Яго? ці не да расселеных між Грэкамі збіраецца Ён ісці і навучаць Грэкаў?
36 што значаць гэтыя словы, якія Ён сказаў: “будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці”?
37 У апошні ж вялікі дзень свята стаяў Іісус і ўсклікнуў, кажучы: калі хто мае смагу, няхай прыходзіць да Мяне і п’е;
38 хто веруе ў Мяне, як сказана ў Пісанні, у таго з нутра пацякуць рэкі вады жывой.
39 А сказаў Ён гэта пра Духа, Якога меліся прыняць веруючыя ў Яго; бо не было яшчэ на іх Духа Святога, таму што Іісус яшчэ не быў праслаўлены.
40 Многія з народу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок.
41 Іншыя казалі: гэта Хрыстос. А другія казалі: хіба ж з Галілеі Хрыстос прыйдзе?
42 ці ж не сказана ў Пісанні, што з семені Давідавага і з Віфлеема, таго паселішча, адкуль быў Давід, Хрыстос прыйдзе?
43 Дык вось нязгода ўзнікла ў народзе з-за Яго.
44 Некаторыя ж з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
45 І вось прыйшлі слугі да перша-святароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: чаму вы не прывялі Яго?
46 Слугі адказалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.
47 На гэта фарысеі сказалі ім: няўжо і вас увялі ў зман?
48 хіба хто з начальнікаў увераваў у Яго, ці з фарысеяў?
49 а народ гэты, што не ведае закону, — пракляты ён.
50 Кажа ім Нікадзім, які прыходзіў да Яго ўначы і быў адзін з іх:
51 хіба закон наш судзіць чалавека, не выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?
52 У адказ сказалі яму: ці не з Галілеі і ты? даследуй і пабач, што з Галілеі
53 І пайшлі кожны ў свой дом.