6 Паводле Іаана

1 Пасля гэтага пайшоў Іісус на той бок мора Галілейскага, Тыверыядскага;
2 і за Ім ішло мноства народу, таму што бачылі цуды Яго, якія Ён рабіў над хворымі.
3 І ўзышоў на гару Іісус і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
4 А набліжалася Пасха, свята Іудзейскае.
5 Іісус, узвёўшы вочы і ўбачыўшы, што мноства народу ідзе да Яго, кажа Філіпу: дзе нам купіць хлеба, каб яны паелі?
6 Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.
7 Адказаў Яму Філіп: на дзвесце дынарыяў не хопіць ім хлеба, каб кожны з іх хоць трохі атрымаў.
8 Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімана Пятра:
9 ёсць тут адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзве рыбіны; але што гэта для такога мноства?
10 І сказаў Іісус: загадайце людзям узлегчы. Было ж многа травы на тым месцы. І вось узляглі людзі ў колькасці каля пяці тысяч.
11 Узяў жа хлябы Іісус і, узнёсшы падзяку, раздаў вучням, а вучні — тым, што ўзляжалі; таксама і рыбы, колькі хто хацеў;
12 і калі насыціліся, сказаў вучням Сваім: збярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала.
13 І сабралі яны і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці хлябоў ячменных, якія засталіся ў тых, што елі.
14 Тады людзі, якія бачылі цуд, зроблены Іісусам, сказалі: Ён сапраўды Той Прарок, што павінен прыйсці ў свет.
15 Іісус жа, даведаўшыся, што хочуць прыйсці, каб сілаю ўзяць Яго і зрабіць царом, адышоў ізноў на гару адзін.
16 Калі ж настаў вечар, спусціліся вучні Яго да мора
17 і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. І ўжо сцямнела, а Іісус не прыходзіў да іх;
18 і мора з-за таго, што дзьмуў моцны вецер, хвалявалася.
19 Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадый, яны ўбачылі Іісуса, Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі, і спалохаліся;
20 але Ён сказаў ім: гэта Я, не бойцеся.
21 Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку; і адразу лодка прыстала да берага, куды яны плылі.
22 На другі дзень народ, які стаяў па той бок мора, убачыў, што там не было іншай лодкі, апрача адной той, у якую ўвайшлі вучні Яго, і што Іісус не ўваходзіў з вучнямі Сваімі ў лодку, але вучні Яго адплылі адны;
23 і іншыя лодкі прыплылі з Тыверыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, калі Гасподзь узнёс быў падзяку;
24 калі ўбачылі людзі, што там няма ні Іісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі самі ў лодкі і паплылі ў Капернаум, шукаючы Іісуса,
25 і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равві! калі Ты сюды прыбыў?
26 У адказ ім Іісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насыціліся;
27 Дбайце не пра ежу тленную, а пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы, бо Айцец вызначыў Яго пячаццю Сваёю, Бог.
28 Яны ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб здзяйсняць справы Божыя?
29 У адказ Іісус сказаў ім: вось справа Божая: каб вы веравалі ў Таго, Каго паслаў Ён.
30 Яны ж сказалі Яму: якое Ты зробіш знаменне, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што Ты здзейсніш?
31 айцы нашы елі манну ў пустыні, як напісана: “хлеб з неба даў ім есці”.
32 Сказаў жа ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: не Маісей даў вам хлеб з неба, а Айцец Мой дае вам з неба хлеб ісцінны;
33 бо хлеб Божы — гэта Той, Хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету.
34 Яны ж сказалі Яму: Госпадзі! заўсёды давай нам хлеб гэты.
35 І сказаў ім Іісус: Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не зведае голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе мець смагі ніколі;
36 але Я сказаў вам, што і бачылі вы Мяне, і не веруеце;
37 усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, Я не выганю вон,
38 бо Я сышоў з неба не дзеля таго, каб чыніць волю Сваю, але волю Айца, Які паслаў Мяне;
39 а воля Айца, Які паслаў Мяне, у тым, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не загубіў, але ўваскрасіў гэта ў апошні дзень;
40 Воля Таго, Хто паслаў Мяне, у тым, каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
41 Абурыліся тады Іудзеі на Яго за тое, што Ён сказаў: “Я ёсць хлеб, які сышоў з неба”,
42 і гаварылі: ці не Іісус гэта, сын Іосіфаў, бацьку і Маці Якога мы ведаем? як жа Ён кажа: “з неба Я сышоў”?
43 На гэта Іісус сказаў ім: не абурайцеся паміж сабою;
44 ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прывядзе яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень;
45 напісана ў прарокаў: і будуць усе навучаны Богам. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне;
46 гэта не значыць, што Айца бачыў нехта, апрача Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.
47 Праўду, праўду кажу вам: хто веруе ў Мяне, мае жыццё вечнае.
48 Я — хлеб жыцця;
49 айцы вашы елі манну ў пустыні і памерлі;
50 а хлеб, які сыходзіць з неба, такі, што той, хто яго есць, не памрэ;
51 Я — хлеб жывы, які сышоў з неба; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна; і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая, якую Я аддам за жыццё свету.
52 І спрачаліся між сабою Іудзеі, гаворачы: як можа Ён даць нам Плоць Сваю есці?
53 Іісус жа сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі не будзеце есці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Яго, то жыцця не будзеце мець у сабе;
54 хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень;
55 бо Плоць Мая сапраўды ёсць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсць пітво;
56 Хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той ува Мне застаецца і Я ў ім;
57 як паслаў Мяне жывы Айцец і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, жыць будзе Мною;
58 гэта і ёсць хлеб, які сышоў з неба; не так, як айцы вашы елі манну і памерлі; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
59 Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернауме.
60 І многія з вучняў Яго, пачуўшы гэта, сказалі: жудасныя гэта словы; хто можа іх слухаць?
61 Іісус жа, ведаючы ў Сабе, што абураюцца гэтым вучні Яго, сказаў ім: хіба гэта вас спакушае?
62 а што, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
63 дух дае жыццё, плоць не прыносіць ніякай карысці; словы, якія Я кажу вам, ёсць дух і жыццё;
64 але ёсць сярод вас некаторыя, што не веруюць. Бо ведаў ад пачатку Іісус, хто няверуючыя і хто выдасць Яго,
65 і сказаў: дзеля таго Я і гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі не будзе яму дадзена Айцом Маім.
66 З таго часу многія з вучняў Яго адышлі і ўжо не хадзілі з Ім.
67 Сказаў тады Іісус дванаццаці: ці не хочаце і вы адысці?
68 Адказаў Яму Сіман Пётр: Госпадзі! да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага,
69 і мы ўверавалі і спазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
70 Адказаў ім Іісус: ці не Я вас дванаццаць абраў? але адзін з вас — дыявал.
71 Гаварыў жа Ён пра Іуду Сіманавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, будучы адным з дванаццаці.