5 Паводле Іаана

1 Пасля гэтага было свята Іудзейскае, і прыйшоў Іісус у Іерусалім.
2 Ёсць жа ў Іерусаліме каля Авечых варот купальня, што называецца па-яўрэйску Віфезда, і мае пяць крытых хадоў;
3 у іх ляжала вялікае мноства хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых, што чакалі руху вады;
4 бо Ангел Гасподні час ад часу сыходзіў у купальню і ўзрушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасля ўзрушэння вады, той выздараўліваў, якой бы хваробай ні быў апанаваны.
5 Быў жа тут нейкі чалавек, што трыццаць восем гадоў пакутаваў ад хваробы сваёй.
6 Іісус, убачыўшы яго ляжачым і даведаўшыся, што ўжо доўгі час ён хварэе, кажа яму: хочаш стаць здаровым?
7 Адказаў Яму хворы: так, Гаспадар, але не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзрушыцца вада; а пакуль я прыходжу, іншы сыходзіць раней за мяне.
8 Кажа яму Іісус: устань, вазьмі пасцель тваю і хадзі.
9 І адразу выздаравеў чалавек; і ўзяў пасцель сваю і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.
10 Таму казалі Іудзеі ацалёнаму: сёння субота, і нельга табе браць пасцелі тваёй.
11 Ён адказаў ім: Той, Хто мяне ацаліў, сказаў мне: “вазьмі пасцель тваю і хадзі”.
12 Тады спыталіся ў яго: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “вазьмі пасцель тваю і хадзі”?
13 Ацалёны ж не ведаў, хто Ён, таму што Іісус скрыўся, бо натоўп быў на тым месцы.
14 Пасля таго Іісус сустрэў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровым; больш не грашы, каб не здарылася з табою чаго горшага.
15 Пайшоў чалавек гэты і паведаміў Іудзеям: гэта Іісус ацаліў мяне.
16 І таму Іудзеі сталі гнаць Іісуса і імкнуліся забіць Яго, што Ён рабіў гэта ў суботу.
17 Іісус жа казаў ім: Айцец Мой дагэтуль дзее, і Я дзею.
18 І з-за таго яшчэ больш імкнуліся Іудзеі забіць Яго, што Ён не толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
19 На гэта Іісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не можа Сын рабіць Сам ад Сябе нічога, калі не будзе бачыць, што Айцец робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама;
20 бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць; і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, так што вы дзівіцца будзеце;
21 бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча;
22 бо Айцец і не судзіць нікога, але суд увесь аддаў Сыну,
23 каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца; хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
24 Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, мае жыццё вечнае і на суд не прыходзіць, але перайшоў ад смерці ў жыццё.
25 Праўду, праўду кажу вам: настае час, ды і цяпер ёсць, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць,
26 бо як Айцец мае жыццё ў Самім Сабе, так даў і Сыну жыццё мець у Сабе,
27 і ўладу даў Яму суд чыніць, бо Ён ёсць Сын Чалавечы.
28 Не здзіўляйцеся гэтаму: бо настае час, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
29 і выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрасенне жыцця, а тыя, што рабілі зло, ва ўваскрасенне суду.
30 Не магу Я рабіць Сам ад Сябе нічога. Як чую, так суджу, і суд Мой праведны, бо не шукаю волі Маёй, але волі Айца, Які паслаў Мяне.
31 Калі б Я сведчыў пра Сябе, то сведчанне Маё непраўдзівае;
32 іншы ёсць, які сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сведчанне, якім Ён сведчыць пра Мяне;
33 вы пасылалі да Іаана, і ён засведчыў пра ісціну.
34 Я не ад чалавека сведчанне прымаю, але кажу гэта, каб вы збаўлены былі;
35 ён быў свяцільнікам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі пацешыцца нейкі час пры святле яго.
36 Але Я маю сведчанне, большае за Іаанава: бо справы, што даў Мне Айцец, каб здзейсніць, самі справы, якія Я раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне,
37 і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне. Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні аблічча Яго не бачылі,
38 і не маеце слова Яго, якое было б у вас, бо Таму, Каго Ён паслаў, вы не верыце.
39 Даследуйце Пісанні, бо вы думаеце праз іх мець жыццё вечнае, а яны сведчаць пра Мяне.
40 Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
41 Славы ад людзей Я не прымаю,
42 але ведаю вас, што любові да Бога вы не маеце ў сабе.
43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне; а калі іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце.
44 Як вы можаце вераваць, калі славу адзін ад аднаго прымаеце, а славы, якая ад Адзінага Бога, не шукаеце?
45 Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом; ёсць той, хто абвінавачвае вас, Маісей, на якога вы спадзеяцеся.
46 Бо калі б верылі вы Маісею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
47 Калі ж вы яго пісанням не верыце, як Маім словам паверыце?