ПРАВАСЛАЎНЫЯ БРАТЭРСТВЫ ПІНСКАГА ПАВЕТА (ДРУГАЯ ПАЛОВА ХІХ ст.)

На основе архивных материалов и исследований и на примере Пинского уезда определены причины возрождения православных братств во второй половине ХІХ века, возможности вступления в них и их материальное обеспечение, проведен анализ условий деятельности, особенности братских организаций. Сформулированы основные тенденции функционирования пинских братств.

Стык каталіцызму і праваслаўя, а адначасова лацінскай і візантыйскай культур былі спецыфічным фактарам гісторыі Беларусі, зыходным пунктам яе разнастайных інтэпрэтацый і палітычных інспірацый. Асабліва гэта праявілася ў другой палове ХІХ ст. пасля паўстання 1863-1864 гг. Яно стала прычынай для дзеянняў царскай адміністрацыі, сапраўднай мэтай якіх было імкненне да поўнага зліцця Беларусі з Расіяй [8, с. 446].

Такая пазіцыя абумовіла ўзнікненне ўрадавага курсу на ўстанаўленне жорсткага кантролю за дзеяннямі каталіцкага духавенства на беларускіх землях. Быў выдадзены шэраг цыркуляраў і распараджэнняў, якія абмяжоўвалі магчымасці для прапаганды каталіцызму [5, с. 101]. У першую чаргу яны датычылі дзейнасці саміх каталіцкіх храмаў, якія ў гэты час зачыняюцца, і пераводу часткі веруючых у праваслаўе, а таксама рэгулявання парадку правядзення касцёльных мерапрыемстваў і чытання пропаведзяў. Так, у Пінскім павеце ў 1864-1865 гг. уся маёмасць скасаванага Охаўскага касцёла была перададзена ў праваслаўнае ведамства, а 620 прыхаджан пераведзены ў праваслаўе [4, арк. 20-21]. У 1882-1883 гг. у Мінскую духоўную кансісторыю рэгулярна паступаюць ведамасці святароў Пінскага дабрачыння пра асоб рымска-каталіцкага веравызнання, якія далучыліся да праваслаўнай царквы [2, арк. 2-4]. На працягу другой паловы ХIХ ст. вялася перапіска пінскага павятовага спраўніка, паліцмайстраў з Дэпартаментам духоўных спраў пра шкодныя пропаведзі ксяндзоў [7, арк. 2-3]. Усе гэтыя меры прадпрымаліся з мэтай распаўсюджвання праваслаўнай веры, а разам з ёй і рускага характару.

Садзейнічаць захаванню праваслаўных царкоўных пазіцый на беларускіх землях павінны былі і праваслаўныя братэрствы (ПЦБ). Найбольш шырокі размах у ХIХ ст. братэрскі рух набыў з 1864 г., калі былі зацверджаны «Асноўныя правілы для заснавання праваслаўных братэрстваў». Закон 8 мая 1864 г. выдаваўся ўжо наўздагон з'явіўшымся праваслаўным царкоўным братэрствам і быў прызначаны для таго, каб неяк зацвердзіць іх дзейнасць: «По поводу значительного распространения в последнее время в разных местностях России православных церковных братств, Государь Император Высочайше повелеть соизволил...» [3, арк. 3]. «Пад ПЦБ закон 1864 г. разумее таварыствы, якія складаліся з праваслаўных асоб рознага звання і маёмасці, для служэння патрэбам і карысцям Праваслаўнай Царквы, для процідзення замахам на яе правы з боку іншаверцаў, для тварэння і ўпрыгожання праваслаўных храмаў, для спраў хрысціянскай дабрачыннасці, для развіцця і сцвярджэння духу асветы « [3, арк. 3].

Іншага, небюракратычнага, рашэння ў адносінах братэрстваў і быць не магло ва ўмовах функцыянавання дзяржаўнага апарату Св. Сіноду, які рэгламентаваў ўсе сферы царкоўнага жыцця. Тым не менш, наяўнасць вышэйназваных «Правілаў...» аказала несумненную дапамогу справе ўзнаўлення царкоўных братэрстваў і ў некаторай ступені магло выканаць ролю каталізатара працэсаў стварэння ПЦБ у парэформенай Расійскай імперыі.

Братэрствы звычайна засноўваліся пры царквах і манастырах і ад іх атрымлівалі свае назвы. Так, у 1863 г. у прыходах Пінскага павета Мінскай епархіі састаялі братэрствы: у Прэабражэнскіх царквах вёсак Любешоў, Пніоўке і Судчэ, Параскеўскіх у сёлах Бучын, Кухоцкай-Волі і Марачна, Крыжаўздвіжанскіх - сёл Быхаў і Цыріне, Міхайлаўскіх - сёл Валынь Любяшоўскай, Белым і Вітчоўцы, Пакроўскіх - сёл Дзеравок, Дольск і Жалезніца, Мікалаеўскай - сяла Любязь, Петрапаўлаўскай - сяла Махро і інш. [1, арк. 8-10]. Іх дзейнасць рэгулявалася статутамі, якія прадстаўляліся на зацвярджэнне Свяшчэннага Сінода.

Членамі (братчыкамі) маглі быць як служкі Царквы (мітрапаліты, архіепіскапы, епіскапы, ігумены, інакі, свяшчэннікі), так і свецкія асобы (шляхта, мяшчане, сяляне) мужчынскага і жаночага полу. Яны неабавязкова з'яўляліся жыхарамі той мясцовасці, дзе знаходзілася братэрства. Жадаючыя ўступіць у братэрства аб'яўлялі пра гэта праз братэрскага прэсвітэра. Па прыняцці ў братэрства прысягалі ў захаванні таямніцы, у вернасці і паслушанні.

З рапарта старшыні царкоўнага савета свяшчэнніка Стэфана Керкевіча вынікае, што ўсе братчыкі Любяшоўскай Царквы (951 прыхаджанін) павінны: уносіць у братэрскі кубак вядомую колькасць грошаў; аказваць дапамогу збяднелым членам братэрства і тым, хто пацярпеў няшчасце; прысутнічаць у прызначаны час пры здзяйсненні службы Божай у храме; прысутнічаць пры пахаванні памерлага брата і потым памінаць яго ва ўстаноўленыя дні; клапаціцца пра Царкву, утрыманне прычту, аб школах, друкарнях, багадзельнях, аб усіх дабрачынных братэрскіх установах [1, арк. 183; 6, с. 284].

Кожны год ва ўсіх братэрствах выбіраліся 4 старшыні, якія загадвалі і распараджаліся братэрскай казной, клапаціліся пра памнажэнне братэрскай маёмасці, назіралі за выкананнем абавязкаў у Царкве, спынялі спрэчкі і па заканчэнні сваёй службы прадстаўлялі справаздачу.

Вышэйшым братэрскім судом, дзе рашаліся ўсе пытанні, з'яўляліся сходкі, ці сходы, якія праводзіліся ў братэрскім доме пры царкве кожны тыдзень (галоўныя, «пространнейшие» - кожны месяц). Нарады, якія ўносіліся ў кнігі, былі агульнымі: спачатку абмяркоўвалі справы малодшыя браты, а потым ўжо рашэнне зацвярджалася старэйшымі. Справы, якія выносіліся на абмеркаванне, заставаліся пад покрывам таямніцы, і ніхто з братчыкаў не мог іх выносіць на бок пад пагрозай пакарання. Сходкі праводзіліся не толькі з мэтай рашэння пэўных праблем, але і для падтрымання братэрскага духу. Пасля заканчэння нарадаў чыталі свяшчэнныя кнігі, гутарылі на тэмы маралі.

Адной з традыцый братэрства Любяшоўскай царквы Пінскага павета было мёдаварэнне да свята Раства Хрыстова. Атрыманы з мёду воск ужывалі для асвячэння Царквы, а мёд распіваўся прыхаджанамі, і сума, якая выручалася ад яго, трацілася на закупку мёду на наступны год. Такім чынам Царкве удавалася пакрыць затраты на асвятленне [1, арк. 154].

Згодна з уставам праваслаўнага Свята-Багародзіцкага братэрства Пакроўскай царквы ваколіцы Плотніца Пінскага павета (2159 прыхаджан), яго мэтай з'ялялася садзейнічанне рэлігійна-маральнай асвеце плотніцкіх прыхаджан, пераважна змешанага праваслаўна-каталіцкага насельніцтва [3, арк. 6; 6, с. 289]. Уступіць у братэрства маглі тыя, хто дасягнуў паўналецця, а таксама жыхары другіх прыходаў. Састаў ПЦБ быў неаднародны. Да ліку сапраўдных членаў належалі асобы, якія ўносілі не менш 50 капеек кожны год ці адначасова не менш 12 рублёў 50 капеек. Членамі-дабрачыннікамі станавіліся братчыкі, якія ўносілі кожны год не менш 2 рублёў ці адначасова не менш 50 рублёў. Асобы, якія аказвалі маральны ўплыў на акругу, з'яўляліся ганаровымі членамі [1, арк. 6]. Згодна з уставам, Плотніцкае братэрства мела харугву з выявай на адным баку Пакрова Прэсвятой Багародзіцы, а з другога - Св. Аляксандра Неўскага. Гэтую харугву разам са святымі абразамі Царквы выкарыстоўвалі ў крыжовых ходах [1, арк. 7].

Свята-Багародзіцкае братэрства існавала на сродкі ад штомесячных членскіх узносаў і добрасумленных адначасовых ахвяраванняў грашыма і рэчамі. Казначэй Савета захоўваў маёмасць, прымаў грошы і вёў прыходна-расходныя кнігі братэрства. Штогод у дзень каранавання імператара Аляксандра ІІІ - 15 мая - члены Плотніцкага братэрства збіраліся на агульны сход для слухання малебна за здароўе і выратаванне братчыкаў, састаўлення гадавой справаздачы, зацвярджэння каштарысу на наступны год і выбару ўпаўнаважанага па праверцы за год мінулы.

Для рашэння важнейшых пытанняў ствараўся спецыяльны Савет, члены і старшыня якога выбіраліся агульным сходам на тры гады. Савет збіраўся па запрашэнню старшыні. У час яго адсутнасці па хваробе ці другіх прычынах яго абавязкі выконваў адзін з членаў. Сход Савета лічыўся законным, калі ён складаўся са старшыні і не менш чым двух членаў [1, арк. 9].

Праваслаўныя братэрствы на Піншчыне выконвалі ролю арганізацый праваслаўных міран і духавенства, якія ствараліся пры храмах і ставілі сваімі мэтамі дабрачыннасць, асвету, місіянерскую і царкоўна-уладкавальную дзейнасць, а часта ўсе чатыры мэты адначасова, ва ўсіх выпадках разумеючы пры гэтым падтрымку адзін аднаго ў цяжкіх жыццёвых абставінах і абарону сваёй рэлігіі ад яе ворагаў.

Пінскія братэрствы бачылі сваё прызначэнне ў дапамозе Царкве несці праваслаўны дух у сям'ю і грамадства: садзейнічаць асвеце народа Святлом Евангельскай Ісціны, супрацьстаяць праяўленням зла, паводзіць сябе ў духу любові і міласэрнасці з усімі, берагчы давяральную інфармацыю братэрства. Побач з гэтым, праваслаўнае духавенства, як бліжэйшыя настаўнікі і кіраўнікі братэрстваў, выступалі свайго роду ў якасці душы рускага народа [9, с. 28]. Таму пры садзеянні і падтрымцы ўрада духавенства мела ўсе сродкі для таго, каб больш эфектыўна праводзіць дзяржаўную палітыку.

У даследуемы перыяд праваслаўныя братэрствы актыўна адраджаліся. Гэта ў большасці было звязана, па-першае, з падзеямі 1863-1864 гг., па-другое, для ўрада актуальнай заставалася задача актывізацыі ўдзелу міран ў царкоўным жыцці. Прызначэнне братэрстваў заключалася ў тым, каб здзейсніць рэлігійна-асветніцкую, дабрачынную і місіянерскую работу. Іх вызначальнай асаблівасцю ў другой палове ХIХ ст. з'яўлялася сувязь з дзяржаўнымі і палітычнымі структурамі. Членамі братэрскіх арганізацый, галоўным чынам, былі прадстаўнікі вышэйшай царкоўнай іерархіі, урадавых колаў, грамадскія дзеячы. Таму па меры павелічэння колькасці братэрстваў узрасло іх грамадска-палітычнае значэнне. Але найбольш важным напрамкам іх дзейнасці былі рэлігійна-праваслаўная асвета народа.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Ведомости о наличии церковных братств в приходах Минской епархии // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). - Фонд 136. - Воп. 1. - Спр. 30544.

2. Дело о переходе лиц разных вероисповеданий в православное по Пинскому уезду за 1882-1883 гг. // НГАБ. - Фонд 136. - Воп. 1. - Спр. 35810.

3. Дело об открытии прихожанами Покровской церкви религиозно-нравственного братства // НГАБ. - Фонд 136. - Воп. 1. - Спр. 35844.

4. Дело об упразднении Оховского костёла, передаче его имущества в православное ведомство и переходе прихожан из римско-католического вероисповедания // НГАБ. - Фонд 136. - Воп. 1. - Спр. 30932.

5. Линкевич, В. Н. Конфессиональная политика царской администрации в Беларуси после поражения восстания 1863-1864 гг. (по документам Национального исторического архива Беларуси в Гродно) / В. Н. Линкевич // Архівы і справаводства. - 2004. - № 2. - С. 101 - 105.

6. Николай. Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем / Николай. - СПб.: Журн. «Странник», 1864. - 340 с.

7. Переписка с департаментом духовных дел МВД, уездными исправниками и полицмейстерами о вредных проповедях ксендзов против русского народа // НГАБ. - Фонд 295. - Воп. 1. - Спр. 8087.

8. Туронак, Ю.Б. Мадэрная гісторыя Беларусі / Ю. Б. Туронак. - Вільня [Вільнюс]: Інстытут беларусістыкі, 2006. - 877, [1] c., [12] л. іл.

9. Чихачёв, Д.Н. Вопрос о располячении костёла в прошлом и настоящем / Д.Н. Чихачёв. - СПб.: Типолит. Б. И. Соломонова, 1913. - 236 с.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Марозька К.У.

Рубрыка: