Беларускамоўная версія фільма «Караль, чалавек які стаўся Папам» будзе паказана ў Мінску
10.03.201613 cакавіка ў зале тэтра «Зніч» у дольнай частцы Чырвонага Касцёла ў Мінску адбудзецца паказ мастацкага фільма пра св. Яна Паўла ІІ — «Караль, чалавек які стаўся Папам» па-беларуску, паведамляе партал catholic.by.
Гэты фільм паказвае гісторыю звычайнага польскага юнака Караля Вайтылы: студэнта, шахцёра, паэта, акцёра, які … стаў Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ. Будучае пакліканне адкрываецца яму падчас Другой сусветнай вайны. Ён бачыць безліч пакут, смерцяў і несправядлівасці, але ў той жа час знаходзіць моцную веру ў жывога Бога і пераконваецца, што любоў, надзея і малітва, якія Ён дае, могуць перамяніць усё. Караль становіцца святаром і прысвячае сваё жыццё служэнню іншым.
Стужка засяроджваецца не столькі на асобе Караля Вайтылы, колькі распавядае пра гісторыю Польшчы з 1939 года па 1980 гады праз жыццё розных людзей: святароў і камуністаў, працоўных і студэнтаў, здраднікаў і патрыётаў. Фільм паказвае еднасць Касцёла і народа, перапляценне веры са штодзённым жыццём, праз якое Польшча здолела перамагчы і нацызм, і камунізм, і захаваць сваю тоеснасць.
Пачатак прагляду ў 17.00.
На кінапрагляд запрашаюцца ўсе ахвотныя. Уваход вольны.
Працягласць фільма — 186 хвілін.
Кінастужка — адзін з шэрагаў фільмаў, агучаных на беларускую мову.
На беларускую мову фільм агучвалі Святлана Цімохіна, Павел Харланчук, Уладзімір Глотаў і Сяргей Жбанкоў.
Беларускамоўныя трэйлеры, агляды, кіна-рэцэнзі, навіны пра беларускія пераклады, кароткаметражныя фільмы і інш. — гэта тое, што ўваходзіць у праект «Кінаконг», у межах якога і быў здзейснены пераклад фільма пра Папу-паляка.
Апошнія навіны