У катэдральных касцёлах Беларусі прайшлі традыцыйныя экуменічныя набажэнствы

Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў завяршыўся 23 студзеня традыцыйнымі экуменічнымі набажэнствамі, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій і дэнамінацый.

У мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі з боку Каталіцкай Царквы ў Беларусі ў набажэнстве прымаў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Праваслаўную царкву, як заўсёды, прадстаўляў прат. Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі. У набажэнстве таксама прынялі ўдзел: пастар гродзенскай абшчыны святога Яна Евангеліцка-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў, выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі Ігар Міхайлаў, намеснік старшыні Саюза Евангельскіх Хрысціян-Баптыстаў біскуп Аляксандр Лотар, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, біскуп-дапаможнік Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Богаслужэнне складалася з двух частак: літургіі слова і літургіі святла.

У першай частцы кожны з удзельнікаў выступіў з словам пра важнасць міжхрысціянскага адзінства і дыялогу.

У другой частцы набажэнства ўдзельнікі запалілі сімвалічныя свечкі ад аднаго пасхала. Прысутныя абмяняліся затым сімвалічным цалаваннем супакою і атрымалі благаславенне ад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Аналагічнае экуменічнае набажэнства ў гэты ж дзень адбылося ў кафедральным саборы св. Францыска Ксаверыя ў Гродне. У малітве, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прынялі ўдзел прадстаўнікі Рымска-Каталіцкай Царквы, Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангеліцка-лютэранскай абшчыны.

Ад Праваслаўнай Царквы прысутнічаў прадстаўнік біскупа Варонежскага і Ваўкавыскага Арцемія протаіерэй Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі ў Гродне, Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляў пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне святар Андрэй Крот, Евангеліцка-лютэранскyю супольнасць у Гродне - дыякан Юрый Лабоцкі.

Падзею традыцыйна абышлі маўчаннем афіцыйныя СМІ Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Па матэрыялах парталу catholic.by.

Страны: 
Рубрыка: