Стагодзе з дня народзін пратапрэсвітара Віталія Баравога
18.01.201618 студзеня 2016 спаўняецца сто гадоў з дня народзін вядомага праваслаўнага пастыря, багаслова, прапаведніка і педагога пратапрэсвітара Віталія Баравога.
Айцец Віталій нарадзіўся ў 1916 у в. Несцераўка Барысаўскага павету Мінскай губэрні (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобл.) у беднай сялянскай сям’і.
Скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю, а потым праваслаўны Багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту.
У 1944 годзе быў рукапакладзены у сьвятара. Прымаў удзел у адраджэньні Мінскай духоўнай сэмінарыі ў Жыровічах, быў яе інспэктарам. Потым стаў прафесарам па кафедры царкоўнай гісторыі ў Ленінградскай духоўнай акадэміі.
З канца 50-х гадоў быў накіраваны на працу у Аддзел зьнешніх царкоўных адносін. Шмат гадоў быў прадстаўніком РПЦ у Сусветным савеце цэркваў. Быў таксама прадстаўніком праваслаўнай царквы на ІІ Ватыканскім саборы.
У 1973-78 гг. а. Віталій – любімы прыхажанамі настаяцель патрыяршага сабору ў Маскве, але хутка зноў быў адасланы фактычна у высылку ў Жэнэву, у ССЦ.
Айцец Віталій быў непераўзыдзёным у свой час багасловам, бліскучым праведнікам, выдатным выкладчыкам, якому шмат чым абавязаны вядомыя зараз багасловы і герархі. Ён заўсёды выступаў за абнаўленьне царкоўнага жыцьця, каб Царква была «моцнай не ўладай, а верай і Божай ласкай». Ён заўсёды імкнуўся да праўды, не хаваўся ад балючых праблемаў Царквы і выступаў за тое, каб яны свабодна абмяркоўваліся і вырашаліся. Айцец Віталій заўсёды падтрымліваў тых, хто нёс ў Царкву нешта новае і сьвежае, што давала надзею на сапраўднае адраджэньне Царквы. Даволі часта яму прыходзілася такіх людзей сваім аўтарытэтам абараняць ад ціску і ганеньняў збоку афіцыяльнай царкоўнай улады.
Спачыў айцец Віталій 7 красавіка 2008 года, як раз у дзень Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы.
Айцец Віталій Баравой ніколі не забываў пра свае беларускія карані, шчыра спачуваў беларускаму нацыянальнаму адраджэньню і вельмі радаваўся любым кантактам з землякамі. «Жыве Беларусь!» – з гэтага заўсёды пачыналася ў такіх выпадках ягоная размова.
Апошнія навіны