На Сінодзе Біскупаў у Ватыкане ідзе дыскусія наконт магчымасці Камуніі для разведзеных i тых, хто жыве ў несакрамэнтальных саюзах

Пра гэта распавёў у  інтэрв'ю парталу catholic.by удзельнік Сіноду Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

"Адносна такiх складаных праблем, як Камунiя для разведзеных i тых, хто жыве ў несакрамэнтальных саюзах, абсалютная большасць моўных груп вельмi ясна выказалася за захаванне традыцыйнага вучэння i заклiкала да выключэння супрацьпастаўлення сумлення з маральным законам. Несакрамэнтальныя саюзы не адпавядаюць вучэнню Касцёла, i таму ў iх справах неабходна прытрымлiвацца традыцыйнага вучэння Касцёла i асаблiва вучэння бл. Паўла VI, прадстаўленага ў энцыклiцы аб чалавечым жыццi «Humаnae vitae», i вучэння св. Яна Паўла II, прадстаўленага ў Апостальскай адгартацыi аб сям'i «Familiaris consortio».

Закраналася i тэма «шляху пакаяння» для разведзеных i тых, хто жыве ў новых несакрамэнтальных саюзах, з мэтай даць ім магчымасць прыняць святую Камунiю. Цяжка сабе практычна ўявiць, як гэта павiнна адбывацца, але сама прапанова заслугоўвае ўвагі, каб ёй заняцца. Менавiта таму  прагучала прапанова стварыць з нагоды Года Мiласэрнасцi адмысловую камiсiю для вывучэння гэтага пытання.

У справе Камунii для несакрамэнтальных сужэнскiх саюзаў абсалютная большасць Айцоў Сiнода прытрымлiваецца традыцыйнага вучэння Касцёла. Для перадачы функцыi прыняцця рэшэння па гэтым пытанні мясцовым бiскупскiм канферэнцыям, як здаецца, яшчэ не надышоў час, бо такое рашэнне можа прывесцi да парушэння еднасцi Касцёла. Яно прывядзе да таго, што ў суседнiх краiнах будуць дзейнiчаць розныя правiлы. Тое, што ў адной краiне будзе называцца святатацтвам, у суседняй назавуць ласкай".

Супраць свабоды дзеяння мясцовых епіскапатаў у пытанні разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, выказаўся і прэфект ватыканскага Сакратарыяту па эканамічных справах кардынал Джордж Пэл:

«Касцёл не можа двум людзям у адной і той жа сітуацыі сказаць у Польшчы, што прыняцце св. Камуніі з’яўляецца святатацтвам, а ў некалькіх кіламетрах далей у Германіі, што гэта крыніца ласкі», — сказаў ён у інтэрв’ю французскай газеце Le Figaro.

З задавальненнем, як сказаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч,  Айцы Сiнода прынялi рашэнне Папы Францiшка аб спрашчэннi працэсу прызнання сужэнства, якое распалася, несапраўдным, што таксама дапаможа ў вырашэннi гэтай праблемы.

"Пры гэтым Айцы Сiнода ўказваюць на неабходнасць больш фундаментальнага вывучэння сiтуацыi разведзеных i ўступiўшых у новы несакрамэнтальны саюз, каб такiм чынам знайсцi шлях дапамогi iм. Тут важным з'яўляецца заданне фармацыi праўдзiвага сумлення ў сужэнцаў.

Важнымі былi заўвагi аб тым, што дзяржава павiнна прымаць згодныя з Божай воляй законы i спрыяць рэлiгiйнай свабодзе, бо сям'я з'яўляецца галоўнай клеткай кожнага грамадства.

Гомасексуальныя саюзы не могуць быць прызнаны сужэнствам, бо не адпавядаюць Божаму плану аб сям'i i традыцыйнаму вучэнню Касцёла, i не могуць быць месцам усынаўлення дзяцей.

У той жа час было падкрэслена, што неабходна ахапіць пастырскай апекай як разведзеных i тых, хто жыве ў новых несакрамэнтальных саюзах, так i тых, хто знаходзіцца ў гомасексуальных саюзах, з мэтай дапамагчы iм выйсцi на шлях навяртання.

Падкрэслiваўся таксама пазiтыўны аспект мiжканфесiйных сужэнстваў i нават выказвалася неабходнасць падрыхтаваць для iх асобны абрад шлюбу.

Адным словам, справаздачы лiгвiстычных груп пацвярджаюць волю Сiнода прытрымлiвацца традыцыйнага вучэння i практыкi Касцёла адносна сям’i i адначасова не зачыняць дзвярэй на новыя iнiцыятывы" - падсумаваў мітрапаліт.

Конфессии: 
Рубрыка: