Новы каталіцкі біскуп прызначаны ў Беларусь

9 чэрвеня 2015 г. папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандра Яшэўскага, да гэтага настаяцеля салезіянскай супольнасці ў Мінску, надаючы яму тытулярную біскупскую кафедру Фурнас Вялікі. Аб гэтым паведаміла Ватыканскае радыё.

кс. Аляксандр Яшэўскі

Кс. Аляксандр Яшэўскі нарадзіўся 6 жніўня 1974 г. у Смаргоні. У 1991 годзе уступіў у Таварыства св. Францішка Сальскага. Вывучаў філасофію ў Салезіянскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Лодзі і тэалогію ў Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята дагматычнай тэалогіі.

Святарскае пасвячэнне атрымаў 24 чэрвеня 2000 г. Выконваў абавязкі пробашча ў парафіі св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах, а пазней пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў в. Жодзішкі, у Гродзенскай дыяцэзіі. З 2001 па 2002 г. выконваў абавязкі кіраўніка салезіянскага навіцыяту ў п. Акцябрскі, у Маскоўскай вобласці, Расійскай Федэрацыі. З 2002 г. выконваў абавязкі пробашча парафіі св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах. У 2003 г. прызначаны інспектарыяльным сакратаром Салезіянскай Усходняй Акругі з цэнтрам у Маскве. З 2005 па 2008 г. быў кіраўніком Салезіянскай супольнасці ў Мінску.

З 2006 па 2010 г. з’яўляўся дырэктарам Катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і членам Катэхетычнай секцыі пры Канферэнцыі Каталіцкім Біскупаў у Беларусі. З 2009 г. – выкладчык дагматычнай тэалогіі ў Тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. З 2011 г. кіраўнік Салезіянскай супольнасці ў Смаргоні і адказны за фармацыю прэнавіцыяў. 

25 жніўня 2013 г. быў прызначаны вікарыем і эканомам Рэлігійнай каталіцкай місіі “Таварыства св. Францішка Сальскага” у Беларусі. З 24 жніўня 2014 г. – дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску. 

Кс. Аляксандр Яшэўскі стаў чацьвёртым беларускім біскупам, прызначаным папам Францішкам. 29 лістапада 2014 г. Святы Айцец кс. Алега Буткевіча – Біскупам Віцебскім, кс. Юрыя Касабуцкага – дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, кс. Юзафа Станеўскага – дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Такім чынам беларускі епіскапат будзе складацца з васьмі іерархаў.

Рубрыка: