Ікона Серафіма Сароўскага ў галоўным алтары каталіцкай капліцы
03.09.2010Днямі ў вёсцы Бярозаўка Віцебскай вобласці была асвечаная каталіцкая капліца Маці Божай Вастрабрамскай. У галоўным алтары новага храма, побач з абразом святога Францыска Асізскага, змешчаны абраз шанаванага Праваслаўнай Царквой святога Серафіма Сароўскага.
Капліца ў Бярозаўцы была перабудавана з былой калгаснай канторы намаганнямі манахаў ордэну капуцынаў з Докшыц. У наваколлі няма праваслаўных цэркваў, таму каталіцкія набажэнствы часам наведваюць і праваслаўныя вяскоўцы. У нядзельную школку таксама прыходзяць дзеці абедзьвух хрысціянскіх канфесій.
Змяшчэнне выявы Серафіма Сароўскага выклікала гарачыя дыскусіі на некаторых каталіцкіх інтэрнэт-форумах. Шмат хто ўгледзеў у гэтым парушэнне Кананічнага Права, якое прадпісвае шанаваць як святых толькі тых асобаў, якія былі кананізаваныя Касцёлам. У той жа час прадстаўнікі каталіцкага духавенства спакойна ставяцца да такога "адступлення ад нормаў".
"Выява Серафіма Сароўскага ў капліцы – гэта сімвал яднання. Рэальнага яднання, якое ўжо існуе паміж простымі людзьмі. Дык можа якраз надыходзіць той час, калі пара адыйсці ад нудных канферэнцый пра адзінства і спрабаваць яго паказаць у літургіі хоць і сімвалічна?", - мяркуе пробашч каталіцкай парафіі з суседняга Бягомля кс. Віктар Місевіч.
Фота кс. Віктара Місевіча
Крыніца:
Апошнія навіны