Дэлегацыя Ўсяленскага Патрыярхату едзе ва Ўкраіну

Як паведаміў сакратар Святога Сіноду Ўсяленскага Патрыярхату архім. Эльпідафорас Ламбрыніядзіс, 4-5 кастрычніка адбудзецца візіт дэлегацыі Канстанцінопальскага Патрыярхату ва Ўкраіну. Такое рашэнне было прынятае на пасяджэнні Сіноду Ўсяленскага Патрыярхату, якое адбылося 28-30 верасня ў Патрыяршай рэзідэнцыі ў Фанары (Стамбул), яно стала адказам на зварот да Ўсяленскага Патрыярха Варфаламея І Сіноду Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы пад кіраўніцтвам мітр. Мяфода (Кудракова), у якім епіскапы дадзенай царкоўнай структуры заклікалі Ўсяленскі Патрыярхат дапамагчы ў вырашэнні царкоўна-канфесійнай сітуацыі ва Ўкраіне і выказалі гатоўнасць быць прынятымі ў Канстанцінопальскі Патрыярхат на правах аўтаноміі. Для вывучэння дадзенай сітуацыі Канстанцінопалем была створаная адмысловая камісія, члены якой і наведаюць Кіеў на наступным тыдні, у час гэтага візіту запланаваная іх сустрэча з Прадстаяцелем УАПЦ мітр. Мяфодам (Кудраковым).

Нагадаем, што ўлетку 2008 г. адбыўся папярэдні візіт дэлегацыі Канстанцінопальскага Патрыярхату ў Кіеў з нагоды 1020-годдзя Хрышчэння Русі. Тады дэлегацыю ўзначаліў Патрыярх Канстанцінопальскі і Новага Рыму Варфаламей І на запрашэнне Прэзідэнта Ўкраіны В. Юшчанкі. Адначасова з візітам у Кіеў знаходзілася і дэлегацыя Маскоўскага Патрыярхату, да якога належыць адзінай прызнаная на дадзены момант у Сусветным Праваслаўі юрысдыкцыя - Украінская Праваслаўная Царква (МП). Апроч гэтай юрысдыкцыі, вялікая колькасць вернікаў Украіны належыць і да разнастайных непрызнаных царкоўных структураў, найбуйнейшай з якіх з'яўляецца УПЦ (Кіеўскага Патрыярхату), і з мінулым візітам Канстанцінопальскага Патрыярха звязваліся надзеі на ўрэгуляванне кананічнага статусу Кіеўскага Патрыярхат - чакалася нават, што дадзеная структура можа быць ім прызнаная, што відавочна выклікала б незадаволенасць царкоўнай Масквы, якая разглядае Ўкраіну як сваю кананічную тэрыторыю, а ЎПЦ (КП) як раскольнікаў, якія адкалоліся ад Маскоўскага Патрыярхату. У той час сенсацыяў не адбылося - Кіеўскі Патрыярхат нават афіцыйна не ўдзельнічаў у святкаваннях, а святочную літургію Ўсяленскі Патрыярх служыў разам з Маскоўскім - Аляксіем ІІ. Якія будуць вынікі сёлетняга візіту ў Кіеў, пакажа час.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: