Урачыстая сустрэча з Патрыярхам Кірылам адбылася ў Палацы Рэспублікі

 

 

 

 

Увечары 25 верасня, у першы дзень візіта Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева) ў Беларусь, пасля наведання Свята-Духава кафедральнага сабора і храма ў гонар Усіх святых і сустрэчы з Прэзідэнтам А.Лукашэнкам у вялікай актавай залі Палацу Рэспублікі адбыўся ўрачысты сход і святочны канцэрт у гонар архіпастырскага візіта Патрыярха з ягоным удзелам. Разам з Патрыярхам на сустрэчу прыбылі віцэ-прэм'ер Рэспублікі Беларусь У.Патупчык і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт (Вахрамееў), Патрыяршы Экзарзх усяе Беларусі. Сустрэча пачалася са спазненнем на гадзіну, бо больш за запланаваны час - амаль дзве гадзіны - цягнулася закрытая сустрэча Патрыярха з Прэзідэнтам Лукашэнкам, які, аднак на сустрэчу ў Палац Рэспублікі не прыбыў - і ў залі пуставала, бадай, адно толькі месца - месца праваруч ад Патрыярха Кірыла, месца паміж Патрыярхам і архіеп. Валакаламскім Іларыёнам (Алфеевым), якое імаверна прызначалася для Першай асобы Беларускай дзяржавы, у шэрагу сярод епіскапаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама кіраўніка Рымска-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі Мітрапаліта Мінскага Тадэвуша Кандрусевіча. Як вядома, Прэзідэнт не ўдзельнічаў і падобным ўрачыстым акце з нагоды леташняга візіта ў Беларусь Патрыярха Аляксія ІІ (Рыдзегера). Як патлумачылі прадстаўніку партала "Царква" журналісты беларускага тэлебачання, у сувязі з адсутнасцю ў Палацы Рэспублікі Прэзідэнта была адмененая і прамая трансляцыя выступлення Патрыярха, якая першапачаткова планавалася.

 

 

 

 

Сустрэча пачалася вітальным словам віцэ-прэм'ера Ў. Патупчыка, які прывітаў Патрыярха Кірыла і выказаў думку, што Праваслаўная Царква дапамагае "супрацьстаяць пагрозам сучаснага свету". Мітрапаліт Філарэт таксама каротка прывітаў Патрыярха і падзякаваў яму за архіпастырскі візіт. Свяцейшы Патрыярх пачаў свой выступ з таго, што звярнуў увагу прысутных на расцяжку на амфітэатры актавай залі "За моцную і квітнеючую Беларусь", пажадаўшы, каб менавіта такой Беларусь і была.

 

 

 

У сваім выступленні Патрыярх крануўся некалькіх тэмаў. Перш за ўсё, ён зазначыў, што кожны чалавек створаны Богам свабодным і яму нададзеная здольнасць адрозніваць дабро ад зла - сумленне, а Царква прыкліканая да таго, каб абараняць гэты "інструмент". Чалавек жыве, і самавызначаецца маральна ў свеце, аднак у сучасным свеце, у эпоху глабалізацыі ўсё пераблытана і чалавеку цяжка зразумець, дзе праўда, а дзе аблуда. Глабалізацыя, паводле словаў Патрыярха, прыводзіць да таго, што іншакультурныя ўплывы ўрываюцца жыцці этнасаў і рэлігій, і нам неабходна захоўваць традыцыю Святой Русі, каб не заблытацца, захаваць свае духоўныя і маральныя каштоўнасці.

 

 

Ацэньваючы ролю Беларускай Праваслаўнай Царквы ў справе духоўнага стырнавання беларускага народу, Патрыярх адзначыў, што ўплыў БПЦ у беларускім грамадстве падобны ціхаму ветрыку, лёгкаму подыху, і нечакана (бо сам Патрыярх з'яўляецца актыўным прыхільнікам яскравага ўдзелу Царквы ў грамадскім жыцці, заклікае праваслаўных місіянераў збіраць стадыёны) ацаніў такую далікатнасць Царквы ў Беларусі вельмі станоўча: "важна, каб Царква не атаясамлівала сябе з уладай, сілай, магутнасцю", адначыў Патрыярх Кірыл, бо толькі такім чынам навяртанне чалавека да веры можа стаць "свядомым, свабодным, разумным паваротам", і царкве нельга праяўляць свой дыктат і сваю ўладу ў грамадстве. Адзначыўшы адносныя поспехі Царквы ў Беларусі, такія, як рост рэлігійнай свядомасці, рост колькасці храмаў, навяртанне інтэлігенцыі да царквы і дыялог з грамадствам, першаіерарх Рускай Праваслаўнай Царквы засяродзіўся на галоўнай частцы свайго дакладу - ролі Беларусі ў спадчыне Святой Русі.

  

 

Палемізуючы з выказваннем, часта паўтараным у т.л. і беларускім Прэзідэнтам, што Беларусь - мост паміж Расеяй і Захадам, Патрыярх адзначыў, што Беларусь ёсць "часткай праваслаўнай цывілізацыі, а ніякі ні мост, ні шлюз". Паводле сцверджання Патрыярха, Беларусь - праваслаўная краіна, якая, аднак, ёсць памежнай зонай, знаходзячыся на мяжы праваслаўнай цывілізацыі з Еўропай. Беларусь, паводле словаў Патрыярха, часта прымала на сябе першыя ўдары захопнікаў з Захаду, асабліва ў час Вялікай Айчынай вайны. Патрыярх успомніў расповеды аднога беларускага святара ваеннага часу, які расказваў, як цяжка было абараніць сваю паству ад вынішчэння. Лёс Беларусі быў цяжкі, але беларусы, паводле словаў М.Багдановіча, верш "Летапісец" якога працытаваў Патрыярх, маглі "збіраць мёд з горкіх кветак". Архіпастар адзначыў, што у падмурку поспеху і стабільнасці нашай краіны стаяць працавітасць, працоўная культура і свабоднае выяленне беларускага народу; што высокая ступень народнай згоды - гэта заслуга ў т.л. Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама пазіцыі лідараў іншых канфесій у Беларусі, дзякуючы якім існуе ўзаемапага паміж канфесіямі, няма міжрэлігійных канфліктаў. Важна адзначыць, што Патрыярх не ўгледзеў вялікай ролі беларускай дзяржавы ў спрыянні эканамічнай стабільнасці, нацыянальнай згоды і міжканфесійнага міру - а менавіта сабе, у першую чаргу, гэтыя заслугі прыпісвае беларускі рэжым.

  

 

Апроч таго, вялікую ўвагу ў сваім выступленні Патрыярх надаў і еднасці Русі - пэўнай цывілізацыйнай прасторы, у якую ўваходзяць Расея, Беларусь, Украіна, Малдова і іншыя краіны. Супольнасць Русі, паводле словаў Госця, першасная, у той час, як палітычная кан'юктура - другасная; еднасці Расеі, Беларусі і Ўкраіны не здолелі зламаць ні спробы раздзяліць гэтыя краіны, ні падзенне рэжымаў. Аднак, нягледзячы на яскравы дыскурс заходне-русізму, Патрыярх Кірыл адзначыў, што стасункі трох братніх народаў падобныя на стасункі трох дарослых братоў, у кожнага з якіх ёсць свой дом, свае сем'і; заклікаючы ўсіх палітыкаў і палітычныя эліты даражыць Саюзам Расеі і Беларусі не ставіць ніякія палітычныя і эканамічныя выгады вышэй за Саюз, ідэя якога, на погляд Прадстаяцеля РПЦ, мае кансалідуючае значэнне і вызначае асаблівае месца Беларусі як часткі Святой Русі - бо ніякія "катастрафічныя рэаліі", якімі Патрыярх назваў у першую чаргу распад Савецкага Саюзу, вынікам якога сталі не толькі эканамічныя патрасенні, але і небяспека ўзнікнення варажнечы, не змаглі адарваць Беларусь ад Расеі, бо кіраўнікі гэтых дзвюх краінаў пагадзіліся на ідэю Саюзу. Патрыярх выказаў вялікае перажыванне за далейшы лёс Саюзу, нават ужыў рэдкае для сваёй гутаркі слова "Бог", які будзе судзіць за "парушэнне запаветаў Святой Русі", відавочна, для Саюзу Расеі і Беларусі сапраўды насталі цяжкія часы, калі Патрыярху Маскоўскаму даводзіцца так падрабязна даводзіць шырокай публіцы неабходнасць гэтага Саюзу.

 

 

 

 

Зрабіў Патрыярх і тое, чаго не мог бы сабе дазволіць ніводны беларускі епіскап - гаворачы пра цяжкасці гістарычнага лёсу Беларусі, якая перажыла нягоды нямецкай акупацыі падчас дзвюх сусветных войнай, сталінскія рэпрэсіі, паланізацыю Заходней Украіны (імаверна, проста агаварыўся), а таксама Чарнобыльскую трагедыю, Свяцейшы Кірыл адзначыў, што сімвалам пакутаў Беларусі з'яўляюцца ўрочышча Курапаты пад Менскам і вёска Хатынь. Курапаты, месцы масавых захараненняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, мемарыял, пра які не папулярна гаварыць на афіцыйных мерапрыемствах, існаванне якога "заціраецца", дзе рэгулярна ажыццяўляюцца акты вандалізму, які даглядаюць, арганізоўваючы талаку і ставячы памятныя крыжы тыя, каго нашая дзяржава і дзяржаўныя смі называюць "апазіцыянерамі" і "адмарозкамі", крыжы, якія асвячаюць у т.л. прадстаўнікі непрызнанай Беларускай Аўтакефальнай (Народнай) Праваслаўнай Царквы. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, нягледзячы на афіцыйную ідэалогію беларускай дзяржаўнасці, Патрыярх паказаў не толькі сваю абазнанасць, але зрабіў і даволі моцны, па беларускіх маштабах, крок - пэўна, у сценах Палаца Рэспублікі не так часта гучыць гэтае слова - "Курапаты".

  

 

Не змог маскоўскі госць і абмінуць два часта выкарыстоўваемых "бела-чорных" вобразаў - "белі" Белай Русі і "духоўнага Чарнобыля". Белы колер, які прысутнічае ў назве нашай краіны, па словах Патрыярха, сімвалізуе колер чысціні, міру і духоўнасці, але на гэтым колеры больш яскрава бачныя плямы, праўда, Свяцейшы Кірыл не сказаў, якія плямы на белым колеры нашай краіны ён пабачыў, звярнуўшы сваю ўвагу, галоўным чынам, на "плямы" Еўропы, на ейныя хваробы - эканамічныя і маральныя праблемы еўрапейскай цывілізацыі, страту маральных каштоўнасцяў, якія могуць прывесці да "духоўнага Чарнобылю", аднак сёння Праваслаўная Царква, на думку Прадстаяцеля РПЦ, можа сёння памагчы Еўропе гэтыя праблемы вырашыць, даць ёй прыклад клопату аб духоўным здароўі - праз сістэму царкоўна-дзяржаўных адносінаў, праз партнёрства царквы і дзяржавы супрацьстаяць "спробам змяніць чалавечую свядомасць", памагчы адрозніць хваробу ад здароўя, назваць хваробу хваробай, а здароўе здароўем, не змешваць чорнага з белым. Такім чынам, Патрыярх зноў звярнуўся да тэмы маральнага рэлятывізму, на які хворы сучасны свет, з якой і пачаў свой выступ. Адной з асноўных праблемаў сучаснай цывілізацыі Маскоўскі Патрыярх бачыць у духу канкурэнцыі, калі поспех мысліцца найгалоўнай катэгорыяй, калі канкурэнтаў "адштурхоўваюць лакцямі", трэба ж будаваць грамадства на сістэме салідарнасці, самадысцыпліны і ўстрымання. Інакш, чалавек не зможа быць паспяховым у духоўным сэнсе гэтага слова.

 

 

Варта адзначыць, што Патрыярх найбольш часта ў дачыненні да нашай краіны ўжываў слова "Беларусь", некалькі разоў гучала і "Белоруссія" і "Белая Русь", аднак тэндэцыя відавочная. Цытаваў Свяцейшы Кірыл і Беларускіх класікаў - М. Багдановіча, Я. Коласа (двойчы), досыць "апазіцыйнага" і не дужа шанаванага сучасным беларускім рэжымам В.Быкава; узгадваў такіх дзячоў як Еўфрасіня Полацкая, Сімяон Полацкі, Францыск Скарына, адзначаючы іх важнасць для гістарычнага лёсу Беларусі. Пры гэтым ніводнага разу ні назваў імёнаў сучасных палітыкаў - ні беларускага Прэзідэнта, ні ягоных расейскіх калегаў. У адрозненне ад Украіны, высокі госць таксама практычна абмінуў тэму царкоўных разладаў, а таксама ўнутраных царкоўных і міжцаркоўных пытанняў - місіі, катэхізацыі, служэння, экуменічнага руху, гэта можна патлумачыць тым, што Патрыярх рыхатваўся выступаць перад пераважна свецкай аўдыторыяй, і менавіта такой гэтая аўдыторыя і была, хаця вялікі адсотак складалі святары, супрацоўнікі царкоўных арганізацый, члены праваслаўных прыходаў. На жаль, няшмат было на ўрачыстым мерапрыемстве і моладзі, спецыяльная сустрэча Патрыярха з якой, аднак, мае адбыцца ў рамках візіта Патрыярха ў Віцебску. У параўнанні з візітам папярэдніка Патрыярха Кірыла - Аляксія ІІ, людзі выказвалі большую зацікаўленасць у сустрэчы: калі ў мінулым годзе заля Палацу Рэспублікі была незапоўненая ці запоўненая студэнтамі, якіх на мерапрыемства проста ў лепшых беларускіх традыцыях "зганялі", то новага Прадстаяцеля РПЦ сустракалі ў Менску з большым энтузіязмам, у залі не было вольных месцаў, а некаторая колькасць жадаючых так і не змагла патрапіць у Палац.

  

 

У залі, сярод праваслаўных епіскапаў прысутнічаў і кіраўнік Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, і многіх цікавіла пытанне аб перспектывах магчымай сустрэчы Патрыярха Кірыла з Папам Рымскім, і хаця Патрыярх гэтага пытання не закранаў, аднак, выходзячы з залі пасля ўрачыстага канцэрту, праходзячы побач з перашіерархам РКЦ у Беларусі, якога ведаў яшчэ па ягоным служэнні ў Маскве, Свяцейшы Кірыл з радасцю прыняў раскрытыя абдымкі Мітрапаліта Кандрусевіча, тройчы па-брацку яго пацалаваўшы. Інтрыга з магчымай сустрэчай Папы і Патрыярха Маскоўскага расце, асабліва пасля візіту ў Рым архіеп. Іларыёна (Алфеева), які ўзначальвае Аддзел знешніх царкоўных зносінаў, а таксама заяваў некаторых каталіцкіх агенцтваў, аднак дагэтуль застаецца невядомым, ці настойваў на гэтай сустрэчы ў часе гутаркі з Патрыярхам Прэзідэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які ўжо даўна выношвае ідэю такой сустрэчы ў краіне, якой кіруе ўжо цягам 15 год, альбо гаворка толькі йшла пра магчымае запрашэнне Бенедыкта XVI у Беларусь у наступным годзе.

 

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: