Ліст да мітрапаліта Паўла і яго адказ наконт фестывалю праваслаўнай моладзі на "Лініі Сталіна"

З нагоды маючага адбыцца на "Лініі Сталіна" фестывалю моладзі Мінскай епархіі спад. Наталля Васілевіч звярнулася з асабістым  лістом да Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла.

 

Яго Высокапраасвяшчэнству
Высокапраасвяшчэннаму Паўлу,
Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму,
Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі

         Ваша Высокапраасвяшчэнства!

         Шаноўны Ўладыка,

         З вялікай збянтэжанасцю звяртаюся да Вас з нагоды навіны, размешчанай на сайце Беларускага Тэлеграфнага Агенцтва 19 красавіка 2015 года[1], у якой паведамляецца пра запланаваны на 18-19 ліпеня фестываль моладзі Мінскай епархіі з нагоды 70-годдзя Перамогі, дзе адным з мерапрыемстваў праграмы пазначаны хрэсны ход ад Заслаўя да помніка “Лінія Сталіна”, а “Лінія Сталіна” называецца цэнтральным месцам мерапрыемства.

         Лінія, названая іменем Сталіна, - гэта сапраўды сімвалічнае месца. Той, хто едзе ў Заслаўе электрычкай, ведае, што чыгуначная станцыя гэтага горада называецца “Беларусь”, бо менавіта там да 1939 г. пачыналася тэрыторыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а лінія ўмацаванняў была памежнай і пралягала ўздоўж мяжы паміж БССР і Польскай Рэспублікай. Сімвалічная мяжа таксама падзяляла Праваслаўную Царкву Беларусі: паміж тымі прыходамі, манастырамі, епархіямі, якія захаваліся на захад ад гэтай мяжы - у Заходняй Беларусі, і той тэрыторыяй, дзе праз палітыку Савецкай дзяржавы пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна да лета 1939 года не засталося ніводнага (!) афіцыйна дзеючага храма, а святары, епіскапы, у тым ліку, Вашыя папярэднікі па Мінскай кафедры, былі фізічна знішчаныя.

         Свяцейшы Патрыярх Кірыл у сваім слове на Боскай літургіі ў храме на Бутаўскім палігоне 16 мая бягучага года параўнаў сталінскія рэпрэсіі з “вайной супраць нашай Айчыны”, пад час якой “былі кінутыя ў топку мільёны і мільёны жыццяў”, і менавіта ў подзвігу новых пакутнікаў ён бачыць крыніцу той сілы, якая дазволіла народу супрацьстаяць фашызму: “Калі б новыя пакутнікі і вызнаўцы адмовіліся ад веры, ад Хрыста, ад Царквы, то, можа б, і ў народа бракавала б духоўнай сілы для супраціву ворагу”.

         Тое, што ў назве мемарыяльнага комплекса “Лінія Сталіна” мянушка “Сталін” носіць не выпадковы характар, сведчыць наяўнасць усталяванага там помніка, які з’яўляецца цэнтрам пакланення Сталіну, чалавеку, які спрабаваў ператварыць нашыю зямлю ў духоўную пустыню, у адпаведнасці з палітыкай якога знішчаліся не толькі святары, рэлігійныя дзеячы, але і сяляне, і рабочыя, і навукоўцы, і дзеячы культуры, і прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. І не мне расказваць Вам, шаноўны Уладыка, пра сталінскія рэпрэсіі і сталінізм, бо ў іх гарніла трапіў Ваш дзядуля-святар. Вы неаднаразова выказваліся на тэму сталінізму. Яскрава ўспамінаю адну з Вашых перадач на тэлеканале “Союз”, у якой Вы адназначна і вельмі жорстка асудзілі сталінізм і сталінісцкія сантыменты ў царкоўным асяроддзі, назвалі ідэалогію сталінізму “антыгуманнай”, “антычалавечай”, і заявілі пра неабходнасць “Нюрбергскага працэсу” не толькі для фашызму, але і для сталінізму.

         Я разумею, што кіраўніцтва моладзевага аддзелу Мінскай епархіі ні ў якім разе не мела на ўвазе сваім Хрэсным ходам пакланенне Сталіну, і што, хутчэй за ўсё, гэта проста супадзенне, але супадзенне прыкрае, небяспечнае, патэнцыйна канфліктагеннае. Яно можа выклікаць нестраенні не толькі ў асяродку царкоўнай моладзі, але і ў шырокіх колах грамадства. Непазбежны сімвалізм такой падзеі, незалежна ад матывацыі яе ўдзельнікаў, занадта яскрава ставіць у цэнтр не імя Хрыста, не імя новых пакутнікаў і святых, не імёны тых, хто загінуў у гады Другой сусветнай вайны на гэтай зямлі, але страшнае імя Сталіна.

         Таму я звяртаюся да Вас з прашэннем, яшчэ раз перагледзець магчымасць правядзення заяўленага Хрэснага хода, узважыць усе яго адмоўныя духоўныя і рэпутацыйныя наступствы, а таксама ўлічыць меркаванне вернікаў, якія выступаюць супраць ушанавання імя палача і богаборца, няхай сабе і выпадковага.

         З просьбай аб блаславенні,

         Васілевіч Наталля Сцяпанаўна,

         магістр палітычных навук, магістр тэалогіі, дактарантка універсітэта г. Бон

 


[1] Электронны рэсурс: http://www.belta.by/ru/all_news/regions/Festival-molodezhi-Minskoj-eparhii-budet-priurochen-k-70-letiju-Velikoj-Pobedy_i_702566.html

 

На свой зварот Наталля Васілевіч атрымала наступны адказ:

"Лінія Сталіна - гэта ваенна-гістарычны музей пад адкрытым небам аднаго з абарончых вузлоў СССР. Ніякага дачынення да рэпрэсій гэтае месца не мае. Мітрапаліт Павел. 13.06.2015 г."

Рубрыка: 

 

 

Яшчэ па тэме Метастазы сталінізму:Яшчэ па тэме Моладзевы рух у царкве: