МАНІТОРЫНГ БЛОГАЎ: БЕЛАРУСКІ ПАРТЫЗАН: Сакрэтны візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь

 Можна было б падумаць, што сродкі масавай інфармацыі ўзялі на ўзбраенне новую стратэгію - ігнараваць Патрыярха Кірыла і яго візіт у Беларусь у бліжэйшыя выходныя. Аднак маўчаць не толькі сродкі масавай інфармацыі, пра гэты візіт не паведамляюць і афіцыйныя крыніцы - ні Рускай Праваслаўнай Царквы, ні Беларускай Праваслаўнай Царквы. І толькі ў невялічкім роліку на ютубе на 2:26 прот. Віктар Белякоў, настаяцель Свята-Пакроўскага храма як бы паміж іншым, распавядаючы пра парадак святакавання прастольнага свята Пакрова 14 кастрычніка паведамляе: "А 9-й гадзіне мы з Вамі сустракаем Патрыярха Кірыла ўсе Русі, першасвяціцеля. З Вамі тут сустракаем Патрыярха," - і па-змоўніцку абводзіць вачыма прыхаджанаў.

І працягвае: "Госпад так судзіў, што ўпершыню за 400 год існавання храма нашага ў нас будзе здзяйсняць служэнне Патрыярх у саслужэнні 16-ці архіярэяў і мноства простых святароў... Значыць, здзяйсняецца служэнне ў нас Патрыярха з сонмам архіярэяў, а потым адразу пасля адпусту Патрыярх гаворыць вітальнае слова і з'яжджае. Ён тут знаходзіцца з працоўнымі візітам. А т.я. святар не можа заставацца без богаслужэння ў святочныя дні, Госпад управіў яго выбраць наш храм. Нагода ёсць вядома, Пакроў і 400 год. Калі Бог не зменіць свайго рашэння, то мы сустракаем Патрыярха".

Са словаў прот. Вікатара вынікае, што візіт не прымеркаваны да 400-годдзя храму, а носіць працоўны характар. Нагодай для выбару храму магло стаць не толькі прастольнай свята і ўрачыстасці, але і блізкасць храма да рэзідэнцыі Прэзідэнта ў Драздах. Блізкасць настолькі вялікая, што калі Прэзідэнт выбраўся на галасаванне 23 верасня, то служба бяспекі замуравала людзей у храме ў час літургіі, ніхто не мог ні зайсці, ні выйсці.

Сустрэча Патрыярха з 16-ці архіярэямі, з іх, як можна меркаваць, усімі беларускімі, таксама падзея вялікай значнасці, асабліва ва ўмовах нямогласці Прадстаяцеля БПЦ Мітрапаліта Філарэта. Як паведамляе партал "Царква", апроч удзелу ў літургіі вядома, што Патрыярх наведае прыход Усіх Святых і асвеціць там помнік свайму папярэдніку Патрыярху Аляксію ІІ. Настаяцелем гэтага прыходу з'яўляецца прот. Фёдар Поўны, адзін з самых уплывовых дзеячаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, блізкі да Прэзідэнта Лукашэнкі, на загад якога дзеля будаўніцтва аб'ектаў прыходу Ўсіх Святых - Дома міласэрнасці і аднайменнага храма-помніка выдаткоўваліся бюджэтныя сродкі, храм, у які сам Лукашэнка эксклюзіўна і наведваецца апошнім часам, дзе сустракаецца з Сінодам і епіскапамі БПЦ.

Чаго чакаць ад гэтага візіту? Пра гэта можна хіба здагадвацца. Але падзея абяцае быць цікавай, таму, спадарства журналісты, не праспіце, падрыхтуйцеся.

Блог Наталлі Васілевіч на "Беларускім Партызане"

Наталля Васілевіч

Рубрыка: