Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі перадае наступны камунікат:
05.09.2012Некаторыя СМІ ў Беларусі, спасылаючыся на афіцыйныя крыніцы Беларускай Праваслаўнай Царквы (http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0...2/Page4633.html), перадалі інфармацыю, што Высокапраасвяшчэнны Архібіскуп Навагрудскі і Лідскі Уладыка Гурый дня 3.09.2012 папрасіў Сінод БПЦ прымяніць царкоўныя кары ў адносінах да грэка-каталіцкага святара Яна Майсейчыка, актуальнага душпастыра беларускіх грэка-католікаў у г. Антвэрпане (Бельгія).
На самой справе былы клірык Навагрудска-Лідскай Епархіі БПЦ а. Ян Майсейчык быў выведзены за штат Высокапраасвяшчэнным Архібіскупам Гурыем 6 ліпеня 2001 г., a праз пару тыдняў ён выехаў у Бельгію. Там ён звярнуўся да праваслаўнага архібіскупа Брусельскага Сімана (РПЦ) з просьбай прыняць яго пад свой амафор і 14 лютага 2002 году атрымаў указ з прызначэньнем служыць у парафіі Раства Хрыстовага ў Антвэрпане.
У тым жа годзе, адчуваючы неабходнасць поўнай лучнасці са Святой Каталіцкай Царквой, ён стаў грэка-католікам ды 1 чэрвеня 2003 году ў царкве Святога Сэрца г. Антвэрпана ім была адпраўлена першая Боская Літургія ў саслужэнні Апостальскага Візітатара для беларусаў Замежжа айца Аляксандра Надсана.
Праз два гады, а менавіта 18 ліпеня 2005 году, a. Ян Майсейчык афіцыйна склаў Вызнанне Каталіцкай Веры на рукі Мансіньёра Паўла ван дэн Берхга, каталіцкага біскупа Антвэрпана і быў прыняты ва ўлоньне Каталіцкай Царквы ў наяўным святарскім сане (з захаваннем візантыйскага абраду) ды інкардынаваны ў Анвэрпанскую Рыма-Каталіцкую дыяцэзію, у якой Біскуп даверыў яму душпастырскую апеку над супольнасцю беларускіх грэка-католікаў Антвэрпана. Гэтае служэньне a. Ян Майсейчык выконвае да сёння.
Такім чынам, а. Ян Майсейчык выйшаў з праваслаўнай юрысдыкцыі і ўжо 8 гадоў з’яўляецца грэка-каталіцкім святаром і падлягае выключна юрысдыкцыі каталіцкіх іерархаў.
Дабравольны выбар а. Яна Майсейчыка далучыцца да Каталіцкай Царквы павінен паважацца, падобна як гэта было ў выпадку рыма-каталіцкага іераманаха Габрыэля Бунге, які ў 2011 годзе дабравольна перайшоў у юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхата РПЦ, і да якога ніхто з каталіцкіх іерархаў не прымяняў царкоўных караў.
А. Яўген Усошын
Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
Мінск, 5.09.2012.