КАТЭХІЗІЧНАЕ КАЗАННЕ на пачатак Вялікага Посту (2011)

ВАРФАЛАМЕЙ

ЛАСКАЙ БОЖАЙ

АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ

І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА І МІР ЗБАЎЦЫ І ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА, З НАШАЙ МАЛІТВАЙ, БЛАСЛАВЕННЕМ І ПРАБАЧЭННЕМ

Любыя браты і блаславёныя дзеці ў Госпадзе,

“Вось, бегавішча цнотаў адкрытае, усе ахвочыя спаборнічаць, уваходзьце, добра падрыхтаваўшыся да поснага змагання”, нават лепей сказаць, гэтае бегавішча - заўжды адкрытае, з таго самага часу, калі Ўсяміласцівы Госпад Славы з добрай волі прыняў чалавечую прыроду. З таго часу Святой Царквой кожны чалавек заклікаецца да ўдзелу ў бязмежных дарунках ласкі Найсвятога Духа, асабліва цягам гэтага блаславёнага перыяду Святой і Вялікай Саракоўніцы.

Любыя дзеці ў Госпадзе,

Бязмежнае Дабро, у Тройцы ўсляўляемы праўдзівы Бог наш, паводле Сваёй любові, і толькі, стварыў чалавечы род, для таго, каб зрабіць людзей, наколькі магчыма для чалавечай прыроды, супольнікамі і ўдзельнікамі велічы Сваёй Боскай славы. Гэта і ёсць выключнай мэтай чалавечага жыцця ва ўсе часы. Каб насамрэч гэтая мэта была дасягнутая, усё святое духаноснае Паданне нашае Праваслаўнае Царквы навучае, вытлумачае і паказвае ўвесь спектр духоўнага жыцця і сродкаў духоўнай барацьбы, карыстаючыся якімі, вернік мае рухацца наперад з мужнай перакананасцю.

Кожны хрысціянін праз святарнае таемства Хросту атрымлівае ласку Святога Духа. Калі мы пачынаем усёй сваёй душой любіць Бога, тады неспасціжным чынам ласка перадае нам багацце сваіх дабротаў. Такім чынам, кожны, хто імкнецца атрымаць досвед гэтае ласкі, мусіць з вялікай радасцю адрынуць ад сваёй душы дачасныя даброты гэтага веку, каб здабыць сабе маёнтак са схаваным скарбам ісцінага жыцця. Наколькі душа прасоўваецца ў духоўнай барацьбе, настолькі ў ёй праяўляецца дарунак Боскай ласкі, схаванай у глыбінях Божае добрасці, і яна становіцца надзейным стырном у шматстайнай духоўнай барацьбе.

Гэтая духоўная барацьба для кожнага верніка бесперапынная, а гэта вымагае ад нас, каб мы наноў пачыналі кожны дзень, кожнае імгненне. “Прыйшоў час пачатаку духоўнага змагання, перамогі над дэманамі, устрымання ў поўным узбраенні, ангельскай дасканаласці, адвагі перад Богам”. Святы Пост і ёсць пастаянным пачаткам духоўнага адраджэння і аднаўлення людзей. Таму і гімнограф Трыёдзі накіроўвае нас да слушнага разумення, што цялесны пост як устрыманне ў ежы, калі не суправаджаецца духоўнай барацьбой і змаганнем з жарсцямі, не прыводзіць да выпраўлення нашых жыццяў, а таму Бога такі пост адрынае, як фальшывы.

Безумоўна, засяроджанне нашага розуму на спазнанні Бога, навяртанне яго з жарслівага рассеяння, вымагае руплівай і даўгачасовай працы. Аднак гэта неабходна і вызначальна для нашага духоўнага дабрабыту і супольнага жыцця. Гэтая дарога цноты здаецца цяжкой і невыноснай для тых, хто толькі пачынае гэты шлях; аднак, не таму што гэтак ёсць насамрэч, але таму, што чалавечая прырода прывучаная да лёгкіх асалодаў. Для тых жа, хто адольвае гэты шлях да сярэдзіны, ён становіцца насамрэч прыемным і простым.

Часта, не могучы зразумець вялікае таямніцы гэтае пабожнасці, кажуць, што праваслаўная аскетычная традыцыя - невыносны цяжар, што яна вядзе да пазбаўлення творчага пачатку, самабытнай ініцыятывы, асалодаў жыцця наогул і, нарэшце, радасці ад яго. Гэта не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю. Усё, што было створана Богам, было створана “вельмі добрым” і прапанаванае нам, каб мы атрымлівалі асалоду і захапляліся, каб ўзносілі пастаянную хвалу нашаму Дабрадзею. Божыя запаведзі стырнавалі нас і казалі нам, як правільна выкарыстоўваць гэтыя божыя дары, каб нашае цела, розум і душа, у гармоніі з усімі гэтымі матэрыяльымі дарамі, сталі крыніцай сапраўднай радасці, сапраўды спрыяльнымі для нашага жыцця. Наадварот, эгаістычнае, аўтаномнае і грэблівае выкарыстанне матэрыяльных дароў, прапанаваных нам Творцам, прыводзіць да мэтаў зусім іншых, чым Бог чакае ад нас, спараджаючы дэпрэсію, трывогу і няўдачы, хаця можа здавацца, што гэтыя дары задавальняюць нашую пыху.

Наш Збаўца, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, які неспасціжна адкрываецца пакорлівым, тым, што могуць атрымаць Яго нятворную ласку, Госпад славы і Госпад гісторыі, які вядзе нашую душу і розум, які трымае сусвет у сваёй Боскай правідэнцыі - ад найменшай часцінкі Свайго стварэння да самых неспасціжных з’яваў нашага свету, назаўжды ёсць Шлях, Праўда і Жыццё. (Ян 14:6) Яго, як іпастазаваную крыніцу Жыцця, не магла ўтрымаць смерць, якая была знішчана Ягоным уваскрасеннем, гэтак не можа існаваць ніякага чалавечага жыцця без удзелу ў жыццядайным Целе Уваскрэслага Хрыста, у Праваслаўнай Царкве, і боганатхнёным Святым Паданні. Карацей кажучы, Госпад царуе навекі, тады як пыхлівыя чалавечыя ідэі - аблудныя. Ці, як выдатна сказаў св. Дыядох: “Няма нічога больш беднага, чым розум, які стараецца філасофнічаць пра Бога без Бога”.

Любыя дзеці ў Госпадзе,

уступаючы на ніву Святога і Вялікага посту, мы па-бацькоўску заклікаем вас не баяцца і не ленавацца на духоўным бегавішчы у найбольш важны для вашага жыцця перыяд. Наадварот, будзьце адважныя і моцныя, каб вы змаглі ачысціць свае душы і целы ад усіх грахоў, каб дасягнуць Царства Божага, якое ўжо дадзенае ў гэтым жыцці тым, хто шукае яго са шчырасцю і усёй сваёй душой.

Няхай ласка Бога і Ягоная бясконцая міласэрнасць будзе з усімі вамі.

Святы і Вялікі Пост 2011

+Варфаламей Канстанцінопальскі

Палымяны хадайнік за ўсіх вас перад Богам