МАНІТОРЫНГ СМІ: "Газета для вас": Жыццё як подзвіг служыцеля і воіна Хрыстова Іаана Наўродскага
09.11.2010Іаан Наўроцкі. Фота канца 50-х гадоў
Ружаншчына багата на імёны славутых людзей, некаторыя з якіх вядомы далёка за межамі нашай краіны. Але нямала і тых, хто сёння незаслужана забыты ці, больш таго, ніколі не быў заўважаны.
Сярод апошніх — настаяцель Ружанскай Свята-Петрапаўлаўскай царквы Іаан Наўродскі, дзейнасць якога ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не пабаюся такіх гучных слоў, была сапраўдным подзвігам.
Адзінымі сведкамі жыццядзейнасці айца Іаана з’яўляюцца старажылы пасёлка, якіх, на жаль, ужо засталося зусім мала, і яго дачка Лідзія Наўродская, якая часам прыязджае з Мінска наведаць бацькоўскую хату. Яна — наш сённяшні суразмоўца.
— Напэўна, расказваць пра бацьку не зусім зручна: дзеці звычайна хваляць сваіх бацькоў. Найлепш расказалі б тыя, хто яго ведаў,— спачатку прымяншае Лідзія Іванаўна значнасць тэмы размовы. І разам з тым зазначае, што такіх людзей сёння можна пералічыць па пальцах, да таго ж многія з іх даўно не жывуць у пасёлку.
— Тата нарадзіўся ў самым пачатку стагоддзя — у 1900 годзе ў горадзе Славянск, што ва Украіне, у сям’і святара з вельмі глыбокімі рэлігійнымі каранямі. Ракавым для Наўродскіх стаў 1917 год: бацьку і малодшага брата майго таты расстралялі, а яго самога мабілізавалі ў Чырвоную армію, ён трапіў у палон, а затым асеў у Польшчы, а маці засталася ў СССР.
Да слова, лёс і сацыяльна-палітычныя абставіны складуцца так, што Наўродскі больш ніколі не пабывае ў бацькоўскай хаце.
Юнак паступіў на праваслаўнае аддзяленне Варшаўскага ўніверсітэта. У Новаберазове, непадалёку ад якога студэнт зарабляў грошы на вучобу цяжкай працай на лесанарыхтоўках, ён хадзіў на службы ў права-слаўную царкву. Мясцовы святар, даведаўшыся, што новы прыхаджанін з духоўнай сям’і, каб пазнаёміцца з ім бліжэй, запрасіў яго на нейкае свята ў госці.
— У таго святара было чатыры дачкі. У адну з іх і закахаўся тата. Маці была самай здольнай з усіх дзядулевых дочак: яна закончыла прыватную гімназію Паспелавай у Вільнюсе, вучылася ў Брэсцкай гімназіі, у Варшаве — на зубнога тэхніка, але пасля замужжа вымушана была кінуць вучобу.
Дзённікі, якія вёў Іаан Наўродскі, захаваліся. Гэтыя запісы і яшчэ сотні лістоў, якія дасылалі закаханыя адзін аднаму, падрабязна расказваюць пра гісторыю ўзаемаадносін будучых мужа і жонкі. Дарэчы, усе паперы Лідзія Іванаўна беражліва захоўвае, яны самыя каштоўныя для яе. Праз некаторы час яны пажаніліся.
— Як і цяпер, раней пасля вучобы выпускнікоў размяркоўвалі: спачатку малады бацюшка два гады адслужыў у Камянцы, а затым атрымаў прыход у Ружанах, дзе і пражыў усё астатняе жыццё. Ён ведаў імя, імя па бацьку, прозвішча і нават год нараджэння кожнага з прыхаджан. Такая фенаменальная ў яго была памяць! І тата, і мама, якая ва ўсім падтрымлівала мужа, прыходзілі на дапамогу людзям. Напрыклад, калі пасля вайны ружанцы раз’ехаліся па ўсім свеце і трэба было хаця б элементарна ведаць замежную мову, каб напісаць той жа адрас, бацькі выручалі ўсіх: мама цудоўна валодала французскай, польскай і нямецкай мовамі, тата — нямецкай і польскай, а мая малодшая сястра Мілачка — англійскай.
— Каб не рэвалюцыя, магчыма, усё склалася б інакш,— разважае Лідзія Іванаўна. — Таму што бацька хацеў закончыць рэальнае вучылішча і быць інжынерам. Калі на Паперні будавалі мост, ён прыязджаў туды, садзіўся і пільна сачыў за работамі. Яму гэта было настолькі цікава! А падчас ляснога пажару паб-лізу мястэчка ён памчаўся на дапамогу выратавальнікам.
Не менш выпрабаванняў чакала сям’ю святара наперадзе. Пасля далучэння ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР да Наўродскіх дайшлі чуткі, што іх як “непатрэбных уладзе прадстаўнікоў грамадства” хочуць адправіць у ссылку. Каб зберагчы жонку і чатырохгадовую дачку, галава сям’і пайшоў нават на скасаванне шлюбу.
Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Падчас бамбёжак у 1941 годзе ў Наўродскіх нарадзілася яшчэ адна дачка. Праз некаторы час сям’я павялічылася ізноў: святар прытуліў жонак і дзяцей сваіх аднакурснікаў (аднаго забілі партызаны, другога — немцы).
— Бацька збіў з дошак вялікі стол, каб уся сям’я змяшчалася за сталом, — расказвае Лідзія Іванаўна.
Паводле дакументальна-гістарычных нарысаў, пасля наступлення немцаў у наваколлі мястэчка ляжалі сотні трупаў і шмат параненых чырвонаармейцаў.
Бацюшка ведаў нямецкую мову. Ён накіраваўся да прадстаўнікоў нямецкага камандавання, каб паспрабаваць іх упэўніць у тым, што яны прыносяць шкоду не толькі жыхарам мястэчка, але і сваім салдатам: маўляў, не выключана, што пойдзе эпідэмія. І немцы да яго прыслухаліся: дазволілі збіраць і хаваць забітых, а параненых звозіць у царкву, дзе быў наладжаны лазарэт. Людзям жа Наўродскі загадаў прыносіць салому і ўсё, што можна было выкарыстаць як посцілкі. Па чарзе кожная вуліца варыла параненым па вядру супу.
— Елі хворыя з бляшанак з-пад кансерваў. А палонных немцы трымалі на нашым агародзе. Дык і сёння раз-пораз выкопваю тут чалавечыя косці. Як доўга гэта працягвалася, шчыра кажучы, не памятаю, — працягвае свой расказ Лідзія Іванаўна.
Параненых у царкве аперыравалі. Справа ў тым, што сярод палонных аказаўся доктар. Аперацыі праходзілі прама на алтары пад іконай з выявай Ісуса Хрыста, які ўручае ключы апосталу Пятру. Невядома колькі жыццяў выратавалі хірург Віктар Лякомцаў і яго асістэнт Наўродскі. Варта згадаць, што доктар Лякомцаў пасля вайны стаў заслужаным урачом РСФСР, пра яго пісалі кнігі, здымалі дакументальныя фільмы.
У сваіх пасляваенных лістах Віктар Аляксеевіч схіляў Наўродскага да напісання кнігі пра гэтыя падзеі, але той заўсёды меў шмат клопатаў: то трэба было ехаць спавядаць хворых, то нарыхтоўваць дровы, то касіць траву...
"... Часта ўспамінаю Вас за Вашы добрыя справы ў той час у адносінах да параненых чырвонаармейцаў і камандзіраў. За сваё партызанскае жыццё мы не раз сутыкаліся са святарамі, і ўсе яны былі сапраўднымі сынамі свайго народа..." — пісаў Віктар Лякомцаў яшчэ ў 1944 годзе.
— У лісце ён цікавіўся лёсам пяцігадовага хлопчыка Эдзіка. Я ведаю, што малога ўсынавіў нейкі адвакат, з якім ён выехаў у Польшчу, дзе жыве і сёння.
У другім лісце, дасланым доктарам праз 20 гадоў, чытаю: “...У той далёкі час, у той цяжкі час вайны Вас называлі і спадаром Наўродскім, і панам, і айцом духоўным. Пра Вас у мяне засталіся самыя светлыя ўспаміны. Вы зрабілі шмат добрага воінам Чырвонай арміі, калі мы, параненыя, сцякаючы крывёю, без ежы, вады ляжалі ў Ружанскай царкве...”
— Ад нас, дзяцей, вельмі многае ўтойвалі, каб не балбатнулі, крый Бог, чаго лішняга, — гаворыць Лідзія Іванаўна. — Памятаю, маці перавязвала двух мужчын, якім удалося ўцячы з палаючых Байкоў.
Наўродскі быў вельмі самаадданы. Аднойчы хтосьці з даху выстраліў у немца, і акупанты вырашылі ўстроіць “экзекуцыю”: сабралі мужчын і збіраліся іх расстраляць. За іх пайшоў прасіць бацюшка. Ён даў паруку: “Калі хто-небудзь з гэтых мужчын уцячэ з мястэчка, можаце расстраляць маю сям’ю.” Я здзіўляюся, як ён мог такое сказаць, прынесці такім чынам сваіх блізкіх у ахвяру? Яшчэ тата расказваў, як ён ішоў па вуліцы і не зняў капялюш перад нямецкім камісарам. Апошні схапіў галаўны ўбор святара і кінуў на зямлю, а самому загадаў ісці працаваць з яўрэямі. Тыя незаўважна адправілі бацюшку дамоў. Дзякуй Богу, усё ўладкавалася. Наогул, такіх рызыкоўных выпадкаў хапала, але мы былі малымі, каб іх усе асэнсаваць.
Сёння ў школьным падручніку па гісторыі Беларусі ў раздзеле пра Вялікую Айчынную вайну згадваецца і ружанскі святар, яго подзвіг.
Вайна закончылася, а савецкая ўлада без канца выклікала на допыты святара, вядома, не для таго, каб падзякаваць: цікавіліся, ці не быў белагвардзейцам, як трапіў у Польшчу.
— Мы з сястрой заўсёды адчувалі сябе людзьмі другога гатунку. Бацька не пускаў нас на Вялікдзень у школу, пасля чаго дырэктар перад усімі нас чыхвосціў так, што хацелася праваліцца пад зямлю, — расказвае Лідзія Іванаўна. — Каб дачка святара не атрымала медаль, мне, выдатніцы, знізілі адзнакі. Як праз некаторы час прызнаваліся настаўнікі, ім было за гэта вельмі сорамна. Падчас уступных іспытаў у Ленінградскі тэкстыльны інстытут экзаменатары цікавіліся не маімі ведамі, а бацькам: дзе ён вучыўся, як трапіў у Польшчу? На наступны год я паступіла ў Беларускі політэхнічны інстытут на факультэт, дзе конкурс быў чатырнаццаць чалавек на месца. Калі заканчвала ВНУ, дэкан усё ж не прамінуў мяне ўвагай, зазначыўшы: “Мы і вам даем дыплом з адзнакай”. Тата вельмі ганарыўся тым, што я атрымала чырвоны дыплом.
А вось сястру маю зламаў савецкі рэжым. Яе не залічылі ў Гродзенскі медыцынскі інстытут толькі з-за таго, што ў сваёй аўтабіяграфіі яна ўказала, што бацька — святар. Мілачка прыняла гэта, як кажуць, блізка да сэрца і ў дадатак да парока сэрца, які атрымала ў гады нямецкай акупацыі, на нервовай глебе цяжка захварэла. Яна памерла ў 19 гадоў. Бацькі вельмі перажывалі гэту страту. І літаральна праз два месяцы пасля пахавання маёй сястры загінуў бацюшка: ён трапіў пад колы аўтамабіля. Людзі казалі, што ўсё было падстроена. Але я лічу, што гэта толькі трагічная выпадковасць.
Іаан Наўродскі пайшоў з жыцця ў 1963 годзе.
— Бацькоўскі дом — самае каштоўнае, што ў мяне засталося, — сумна падводзіць вынікі Лідзія Іванаўна. — Пасля таго, як бацькі не стала, улада хацела яго адабраць. Каб захаваць яго, мне прыйшлося прадаць старадаўнюю мэблю, якая цяпер часам выстаўляецца ў якасці экспанатаў у Беларускім мастацкім музеі.
Думаю, тлумачыць не варта, што прыйшлося напрыканцы жыцця перажыць настаяцелю Ружанскай Свята-Петрапаўлаўскай царквы Іаану Наўродскаму. Пра ўсе перажыванні, душэўны боль святара расказваюць тоўстыя папкі з выразкамі з газет і часопісаў, у якіх абразліва ставяцца да людзей у расе. Ёсць сярод іх і ганебныя артыкулы на святароў Пружаншчыны.
Падчас размовы адчуваліся не толькі гонар Лідзіі Іванаўны за бездакорна пражытае бацькам жыццё, настальгія па тым часе, калі яе блізкія былі жывымі, з-за якой падступае камяк да горла. У расказах былі яшчэ і сум, і боль за зняважлівыя адносіны ўлады да святара.
— Ці ведаеце, што некалькі гадоў таму, калі ў чарговы раз папаўнялася партрэтная галерэя святых новамучанікаў і спавядальнікаў Мінскай епархіі, сярод пяці новых партрэтаў быў і партрэт Вашага бацькі — настаяцеля царквы ў Ружанах Іаана Наўродскага? Протаіерэй пасмяротна быў удастоены такой пашаны за тое, што самааддана служыў свайму народу ў гады вайны і ўсё жыццё яго было по-дзвігам служыцеля і воіна Хрыстова. Я лічу, што гэтая ўвага да яго асобы заслужаная, — гавару я.
Вочы дачкі былога Ружанскага святара міжволі напоўніліся слязамі.
— Мне вельмі шкада, што ні мама, ні тата не дажылі да гэтага часу, — адказала яна.
Я больш нічога не магла да гэтага дадаць.