ЛЁС АРХІВА УНІЯЦКІХ МІТРАПАЛІТАЎ
28.04.2010На працягу існавання уніяцкай царквы пры мітрапалітах існавала свая канцылярыя, у якой назапашваліся дакументы рознага характару. З цягам часу гэтыя матэрыялы склалі вялікі комплекс, сёння вядомы пад назвай «Архіў уніяцкіх мітрапалітаў». Гэта каштоўны архіў па гісторыі не толькі царкоўнай уніі, але і па гісторыі самага вялікага ў часавых межах перыяду нашай гісторыі - перыяду Вялікага княства Літоўскага.
Велізарная частка архіва уніятаў захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу, у фондзе № 823, і мае назву «Канцылярыя мітрапаліта грэка-уніяцкіх цэркваў у Расіі». У фондзе сабрана 5850 адзінак захоўвання, якія ахопліваюць прамежак часу ад 1470 па 1871 г. Надзвычай багатая і разнастайная інфармацыя пра унію на Беларусі змяшчаецца таксама ў архівах і рукапісных аддзелах бібліятэк Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны [6].
Уніяцкае духавенства назапасіла і зберагло шмат дакументаў пра суіснаванне хрысціянскіх канфесій, змену іх суадносін у канфесійнай структуры грамадства, міжканфесійныя канфлікты. Акрамя шырокага кола ўласна царкоўных дакументаў (указы духоўных праўленняў, богаслужэбныя кнігі, вопісы царкоўнай маёмасці, метрычныя кнігі, інвентары [9] і г. д. ), якія дапамагаюць уявіць царкоўнае жыццё уніятаў, у названым фондзе прысутнічаюць дакументы, што адлюстроўваюць палітычныя падзеі гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Яны падаюць шматлікія матэрыялы пра войны XVII - XVIII cт. Значную частку фонду складаюць фінансавыя і маёмасныя справы, прывілеі, дарчыя акты, тэстаменты, матэрыялы судовых працэсаў. Выклікаюць цікавасць дакументы па гісторыі асветы Беларусі, звесткі з генеалогіі беларускай шляхты, аб побыце і сямейных адносінах, сфрагістычныя матэрыялы. Архіў уніяцкіх мітрапалітаў змяшчае таксама звесткі па гісторыі беларускага мастацтва [6, с. 121].
Да адмены Брэсцкай царкоўнай уніі архіў уніяцкіх мітрапалітаў называўся «Мітрапалітанскім» або «Мітрапалітальным архівам». Колькі ён фарміраваўся, столькі ішла праца па яго ўпарадкаванню і апісанню. Першы вопіс архіва зрабіў у 1699 г., паводле загаду мітрапаліта Л. Заленскага, яго капелан, базыльянскі манах Язэп Сапаровіч, які з 1709 г. быў старшым Лаўрышаўскага манастыра. У гэты час архіў знаходзіўся ў мітрапалічым маёнтку Рута (Наваградскае ваяводства). Вопіс Сапаровіч сістэматызаваў па прадметах, геаграфічных паказальніках і асабістых імёнах у алфавітным парадку. На дакуменце ўказвалася яго назва, кароткі змест (не заўсёды) і дата. Свой вопіс Сапаровіч назваў: «Archivum Metropolitanum или Каталог» [2, с. 2].
На працягу ўсяго існавання архіва уніяцкіх мітрапалітаў ён неаднаразова падвяргаўся псаванню. Акрамя гэтага, уніяцкія мітрапаліты не мелі пастаяннай рэзідэнцыі, што таксама негатыўна сказвалася на стане архіва. Разам з мітрапалітам па яго рэзідэнцыях і розных маёнтках падарожнічаў і яго архіў або ў поўным складзе, або разбіты на асобныя часткі. Мітрапалічы архіў пабываў у Навагрудку, Варшаве, Гродку, Струні, Львове, Радамышлі, Луцку, Сеняве, Быцені і інш. [1, с. 6].
У другой палове XVIII ст. зноў паўтараецца праца па разбору і апісанню архіва. Яе здзейсніў да 1763 г. архівіст і капелан полацкага архіепіскапа базыльянін Аўгусцін Война. Да складзенага ім вопісу Война дадаў «Реестр остатка найденных бумаг» [2, с. 2]. Акрамя гэтага, у XVIII і пачатку ХІХ ст. быў складзены шэраг кароткіх тэматычных вопісаў асобных груп дакументаў архіва уніятаў.
У 1808 г. па рашэнню Слонімскага ніжняга земскага суда архіў быў перададзены ў ведамства брэсцкага епіскапа Ясафата Булгака і захоўваўся ў Быцені (тады - Слонімскі павет) [10, с. 105]. Напярэдадні вайны напалеонаўскай Францыі з Расіяй, у красавіку 1810 г., архіў быў перавезены ў Вільню, дзе спакойна перачакаў ванныя нягоды. Пры пераездзе мітрапаліта Булгака ў Полацк у кастрычніку 1828 г. туды перавезлі і архіў. У лютым наступнага года пасля праверкі архіў пераправілі ў Санкт-Пецярбург на пастаяннае месца прабывання апошніх уніяцкіх мітрапалітаў. Архіў размясціўся ў памяшканні Грэка-уніяцкай духоўнай калегіі на Васільеўскім востраве. Пасля скону ў 1838 г. мітрапаліта Булгака камплектаванне архіва спынілася.
Пазней тую частку архіва, што заставалася ў Вільні, таксама прывезлі ў Пецярбург. Увесь архіўны збор быў перададзены ў Беларуска-Літоўскую калегію, якая ў той час кіравала справамі былых уніятаў. У 1840 г. у Радамышлі, на Украіне, дзе ў апошнія гады Рэчы Паспалітай знаходзілася мітрапалічая рэзідэнцыя, была знойдзена яшчэ адна частка архіва. Паводле прапановы літоўскага епіскапа Іосіфа Сямашкі і з дазволу Сінода, справы прывезлі ў Пецярбург у Беларуска-Літоўскую калегію [1, с. 7].
Хоць Брэсцкая царкоўная унія была ліквідавана ў 1839 г., пачатак сапраўднай вайне супраць спадчыны уніяцкай царквы быў пакладзены ў 1833-1834 гг., а вось заканадаўчая база пад яе знішчэнне была падведзена яшчэ раней [5, с. 100]. У гэты час зачыняліся уніяцкія цэрквы, навучальныя установы, культавыя пабудовы перадаваліся ў праваслаўнае ведамства, выкараняліся уніяцкія набажэнскія спевы, адмяняліся святы, якіх не было ў праваслаўнай царкве, нават падлягаў выкараненню звычай даваць пры хрышчэнні імёны святых, шанаваных уніяцкай царквой; выганялася з царквы беларуская мова. Сёння богаслужэбныя кнігі беларускіх уніятаў, рукапісныя і друкаваныя, - вялікая рэдкасць. Культурная спадчына уніяцкай царквы у гэтыя нялёгкія для яе часы ў значнай ступені была страчана ў выніку мэтанакіраванага знішчэння.
Але вернемся да лёсу архіва уніяцкіх мітрапалітаў. 14 жніўня 1843 г., пасля закрыцця Беларуска-Літоўскай калегіі, мітрапалічы архіў на працягу некалькіх гадоў перадаваўся ў архіў Сінода. Разборам архіва ў 1840-я г. займаліся чыноўнікі гэтай калегіі: Ігнат Пільхоўскі, Іван Канюшэўскі, Леў Панькоўскі, Ф. І. Серна-Салаўевіч. Агляд дакументаў архіва ў 1844 г. зрабіў рэдактар Археаграфічнай камісіі протаіерэй Іван Грыгаровіч. Ён выявіў невядомы раней значны збор дакументаў XV - XVII ст. гістарычнага і юрыдычнага зместу. Канчатковая перадача архіва была здзейснена толькі ў 1847 г. [2, с. 2].
Матэрыялы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў былі ўпершыню надрукаваны ў гісторыка-дакументальных зборніках: «Акты, относящиеся к истории Западной России», «Акты, относящиеся к истории Южной и Западной Росии», а таксама ў часопісе «Вестник Юго-Западной и Западной России» [4, с. 29].
Па ініцыятыве І. І. Грыгаровіча 6 снежня 1865 г. была створана Камісія па апісанню і прывядзенню ў належны стан спраў, якія захоўваліся ў архіве Сінода. Перагляд і апісанне архіўных спраў прызначаныя для гэтага супрацоўнікі рабілі (з перапынкамі) амаль поўстагоддзя. Менавіта ў гэта час мітрапалічы архіў атрымаў назву, пад якой і вядомы сёння, - «Архіў заходнерускіх уніяцкіх мітрапалітаў».
Спачатку апісанне архіва Камісія даручыла прафесару Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі М. В. Каяловічу, які з-за цяжкай хваробы не змог закончыць справу. Далейшая праца па разбору архіва была даручана яго вучню, кандыдату багаслоўя Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі С. Г. Рункевічу. Пасяджэнне Камісіі 2 снежня 1893 г., разгледзіўшы прадстаўленую Рункевічам частку апісання архіва, накіравала работу ў друк.
Так у 1897 г. выйшаў першы том пад назвай «Описание архива западнорусских униатских митрополитов» [7]. Гэты том змяшчаў апісанне 1065 дакументаў, якія былі складзены ў прамежак часу з 1470 па 1700 г. Апісанне дакументаў было здзейснена ў храналагічным парадку. Спачатку стаіць дата дакумета, затым назва, мова, на якой напісаны дакумент, колькасць аркушаў, змест, а таксама палеаграфічныя і бібліяграфічныя звесткі. Калі дакумент быў раней апублікаваны, гэта адзначалася.
Праз 10 гадоў выйшаў другі том «Описания архива западнорусских униатских митрополитов» [8], у ім змяшчалася апісанне дакументаў з 1701 па 1839 г. Прынцып пабудовы другога тома быў падобны да першага. Акрамя трох паказальнікаў, якія былі ў першым томе (асабовы, месца і прадметны), яшчэ прысутнічаў храналагічны.
Апісанне тома рэдагаваў С. Рункевіч, які ў прадмове да яго адзначыў, што пад кіраўніцтвам выкладчыка Санкт-Пецярбургскай акадэміі П. М. Жуковіча распачата праца над трэцім томам. Але яна завершана не была. У 1905 г. трэці том пачаў друкавацца, аднак падзеі 1917 г. перарвалі яго выданне. Лёс яго нам невядомы, слядоў працы Жуковіча ў савецкі час знойдзена не было.
Праца па разбору мітрапалічага архіва ўзнавілася толькі ў 1952 - 1953 г., а затым - у 1959 - 1960 г. У выніку гэтай работы 315 дакументаў былі падкладзены да тых адзінак захоўвання, якія ўжо ўвайшлі ў першы і другі вопісы фонда. Пры гэтым ніякіх спецыяльных адзнак не было зроблена. З тых матэрыялаў, якія архівісты не змаглі падкласці да ўжо сфарміраваных раней спраў, быў складзены трэці, машынапісны вопіс, складзены да снежня 1962 г. У гэты вопіс былі ўключаны дакументы з 1407 па 1871 г.; ён складаўся з 1587 адзінак захоўвання [2, с. 4].
Пазней выдаваліся працы па архіву уніяцкіх мітрапалітаў, але яны насілі даведачны характар. У сувязі з павышэннем цікавасці да вывучэння архіва ў наш час была выдадзена ў 1999 г. праца « Архіў уніяцкіх мітрапалітаў. Дакументы па гісторыі царквы ў Беларусі XV - XIX стст. у фондзе «Канцылярыя мітрапаліта грэка-уніяцкіх цэркваў у Расіі».
«Архіву уніяцкіх мітрапалітаў», як і іншым архівам Вялікага княства Літоўскага, выпаў вельмі складаны лёс. Перыядычна дакументы архіва падвяргаліся знішчэнню, як свядомаму, так і выпадковаму [3, с. 11 - 12.]. Тым не менш, значная колькасць дакументаў архіва захавалася і зараз складае вялікі фонд у Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве. Дакументы гэтага фонду ўтрымліваюць унікальныя звесткі як па гісторыі царквы, так і па іншым галінам дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Архіў уніяцкіх мітрапалітаў. Дакументы па гісторыі царквы ў Беларусі XV - XIX стст. у фондзе «Канцылярыя мітрапаліта грэка-уніяцкіх цэркваў у Расіі»: Даведнік / Склад. С. І. Паўловіч, Т. М. Мальцава. - Мінск-Полацк, 1999.
2. Иванов, Ю. Н. История описания архива заподнорусских униатских митрополитов / Ю.Н. Иванов // Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы / рэдкал. С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - С. 13 - 18.
3. Караў, Д. Архіўная спадчына Вялікага княства Літоўскага і беларускія архівы ў канцы XVIII - пачатку XX ст. / Д. Караў // Спадчына. - 1996. - № 1. - С. 3 - 25.
4. Коренева, С. А. Из истории архива униатских митрополитов / С. А. Коренева / Архівы на шляху ХХІ ст. : гісторыя, спадчына, сучаснасць. матэрыялы другога беларуска-французскага архіўнага семінара. Мінск, 8-10 лютага 2000 г. / пад рэд. К.І.Козака, У.Н.Сідарцова, М.Ф.Шумейка.- Мінск: НАРБ, 2003. - С. 28 - 30.
5. Марозава, С. В. Лёс культурнай спадчыны уніяцкай царквы ў Беларусі / С.В. Марозава // Спадчына. - 1996. - № 6. - С. 100 - 118.
6. Марозава, С. В. Архіў уніяцкіх мітрапалітаў / С. В. Марозава / Замежная архіўная беларусіка: матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, г. Мінск, 25 - 26 кастрычніка 1996 г. - Мінск, 1998. - С. 115 - 123.
7. Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. - Т. І: 1470 - 1700. - СПб.: Синод. тип., 1897. - 1502 с.
8. Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. - Т. II: 1701 - 1839. - СПб.: Синод. тип., 1907. - 1631 с.
9. Палуцкая, С. В. Інвентары базыльянскіх манастыроў як крыніца па гісторыі культуры Беларусі / С. В. Палуцкая // Тэзісы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы», Мінск, 1 - 2 снежня 1993 г. / Камітэт па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў РБ, Беларускі навукова-даследчы цэнтр дакументазнаўства і архіўнай справы, БДУ, Нацыянальны архіў РБ. - Ч. 1. - Мінск, 1993. - С. 147 - 151.
Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009