КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА ГРЭКА-КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ Ў БЕЛАРУСІ Ў ХІХ - ХХ ст.: ІНТЭГРАЦЫЯ Ў СІСТЭМУ КАШТОЎНАСЦЕЙ І СФЕРУ ЎЖЫТКУ НОВЫХ УЛАДАЛЬНІКАЎ
28.04.2010Што ж можна лічыць асноўнай прычынай страты такой вялікай часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы? Пажары ва ўсе часы былі адной з важнейшых прычын знішчэння царкоўнай маёмасці: гарэлі цэрквы і манастыры разам са шматлікімі іконамі, скульптурай, царкоўным посудам, кнігамі і г.д. Аднак, безумоўна, пажары і іншыя стыхіі не могуць лічыцца галоўнай прычынай знікнення асноўнай часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы. Тым больш, што на стан захавання нематэрыяльнай спадчыны яны ўплывалі ў нязначнай ступені. Тое ж тычыцца і шматлікіх разбуральных войнаў, якія непасрэдна закраналі беларускія землі. Вайна неразборліва знішчала культурную спадчыну розных канфесій і помнікі свецкай культуры, аднак знішчыць тую ці іншую традыцыю яна не была здольнай. Вываз культурных каштоўнасцей за межы Беларусі (продаж, рабаўніцтва ў час войнаў, прымусовая канфіскацыя і г.д.) у ХІХ - ХХ стст. хоць і меў масавы характар, але і ён не можа лічыцца асноўнай прычынай страт. Па-першае, вываз культурных каштоўнасцей закрануў спадчыну ўсіх канфесій, але не нанёс непапраўнага ўрону ні адной з іх. Па-другое, ён не мог закрануць ў значнай ступені нематэрыяльную і нерухомую (найперш, архітэктурную) спадчыну.
Часта таксама даводзіцца сустракаць меркаванне пра свядомае вынішчэнне культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы дзяржавай і іншымі канфесіямі (найперш, праваслаўнай царквой). Некаторыя аўтары нават кажуць пра «сапраўдную вайну супраць спадчыны грэка-каталіцкай царквы» [3, с. 100]. На наш погляд, у ХІХ - ХХ стст. мела месца не вайна супраць гэтай спадчыны, а спроба іншых канфесій, прыватных асоб і дзяржавы інтэграваць гэту спадчыну ва ўласную сістэму каштоўнасцей, прыстасаваць яе да ўласных патрэб. Безумоўна, далёка не ўсё магло быць прынятым, таму на гэтым шляху інтэграцыі і адаптацыі не магло абысціся без страт.
Такім чынам, асноўнай прычынай знішчэння культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі стала знікненне самой царквы. Знікненне носьбіта традыцыі не магло не выклікаць яе частковую ці поўную страту. У такім разуменні тыя структуры, якія выявілі імкненне інтэграваць культурную спадчыну грэка-каталіцкай царквы ва ўласную сістэму каштоўнасцей і сферу ўжытку не павінны ўспрымацца як знішчальнікі даўняй традыцыі. Наадварот, дзякуючы іх намаганням каштоўнасці, якія ўзніклі ў грэка-каталіцкім асяроддзі, здолелі захавацца да нашага часу. Значна горшы лёс чакаў тую частку культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы, якая засталася незапатрабаванай, - рана ці позна яна зусім знікла.
Найбольш пацярпела пасля ліквідацыі уніі нематэрыяльная (духоўная) спадчына грэка-каталіцкай царквы. Калі матэрыяльныя аб'екты часта працягвалі сваё існаванне незалежна ад існавання асяроддзя, у якім яны ўзніклі, то нематэрыяльная спадчына (музычная творчасць, абраднасць, інтэлектуальнае і манаскае жыццё і інш.) не можа існаваць доўга пасля знікнення свайго носьбіта. Напрыклад, нехарактэрным для праваслаўнай царкоўнай практыкі было існаванне манаскіх ордэнаў. У выніку яшчэ да 1839 г. пачалася рэарганізацыя ордэна базыльян, перадача праваслаўнай царкве базыльянскіх манастыроў (з адпаведнымі зменамі ў манаскім жыцці) і нават іх закрыццё. Абраднасць, якая вызначалася штодзённай практыкай грэка-каталіцкай царквы і адрознівалася ад практыкі набажэнства праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, не магла развівацца без існавання самой царквы.
Безумоўна, на працягу развіцця ўсходняга хрысціянства ў Беларусі (у форме праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў) назапасілася нямала рыс, якія адрознівалі яго ад расійскага праваслаўя. Аднак ва ўмовах, калі гэтыя цэрквы перасталі існаваць у якасці самастойных адзінак, нельга было спадзявацца на захаванне іх спецыфікі. Праваслаўная царква Расійскай імперыі не магла прыняць запазычаныя з заходнехрысціянскай практыкі святы (напрыклад, свята Божага Цела), таму іх святкаванне працягвалася толькі прадстаўнікамі рыма-каталіцкай царквы (у т.л. сярод былых грэка-католікаў, што далучыліся да яе). У сваю чаргу, нельга было спадзявацца і на захаванне абраднасці грэка-католікамі, якія перайшлі ў каталіцтва.
Разам з абраднасцю ў нябыт адыходзілі і іншыя практыкі, якія на працягу больш чым двух стагоддзяў выпрацоўвала грэка-каталіцкая царква. Напрыклад, значнаму рэфармаванню падлягала музычнае мастацтва грэка-каталіцкай царквы. Іншы характар, уласцівы праваслаўнаму і каталіцкаму богаслужэнню, вымагаў адпаведных змен у музычным суправаджэнні набажэнства. Традыцыі грэка-каталіцкай царквы ўжо не маглі быць выкарыстаны ў поўнай меры. Хаця яшчэ доўгі час пасля ліквідацыі уніі ў народзе жылі элементы яе музычнай культуры.
Адным з найвышэйшых дасягненняў царквы была шматузроўневая разгалінаваная адукацыйная сістэма. Безумоўна, яна таксама не магла быць выкарыстана ў поўнай меры ў новых умовах. Так, амаль адразу была пастаўлена па-за законам практыка навучання ў заходніх універсітэтах і калегіях [5]. Нехарактэрным для Расійскай імперыі было таксама існаванне свецкіх адукацыйных устаноў пры манастырах. У выніку пачалася іх рэарганізацыя і ліквідацыя. Для замацавання разрыву з даўняй традыцыяй і рэарганізацыі адукацыйнай сістэмы па новых узорах праводзіўся таксама і перанос былых грэка-каталіцкіх навучальных устаноў на новае месца. Так, найбуйнейшыя школы пры Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах былі перанесены адпаведна ў Вільню і Гродна [1, с. 9; 4, с. 302]. Адна за адною былі закрыты або рэарганізаваны многія навучальныя ўстановы грэка-каталіцкай царквы. Дарэчы, падобная сітуацыя склалася і з праваслаўнай царквой у Беларусі пасля далучэння яе да Расіі: нешматлікія навучальныя ўстановы, якія існавалі пры праваслаўных манастырах (як напрыклад, магілёўскія школы), былі закрыты.
Змянялася таксама і моўная практыка ў царкоўным жыцці Беларусі. У грэка-каталіцкім асяроддзі мела месца выкарыстанне беларускай мовы ў прапаведніцкай дзейнасці. На першых парах пасля ліквідацыі уніі яе выкарыстанне часткова захоўвалася. Аднак у практыцы праваслаўнай царквы Расійскай імперыі (незалежна ад рэгіёну краіны) было распаўсюджана максімальнае выкарыстанне рускай мовы. Таму падчас шматлікіх рэвізій беларускіх епархій у ХІХ ст. пастаянна ажыццяўляўся кантроль за добрым веданнем святарамі рускай мовы, а цэрквы апрача богаслужэбнай літаратуры маскоўскага друку забяспечваліся кнігамі ўзорных казанняў на рускай мове. Выкарыстанне беларускай мовы паступова змяншалася да поўнага яе выкаранення з царкоўнай сферы. Тое ж можна сказаць і пра каталіцкую царкву, якая на тэрыторыі Беларусі апрача сакральнай лацінскай мовы пры правядзенні катэхізацыі і ў казаннях выкарыстоўвала пераважна польскую мову. У выніку былыя прыхаджане грэка-каталіцкай царквы, якія былі вымушаны схіліцца ці да праваслаўнай ці да рыма-каталіцкай царквы, збліжаліся то з рускамоўным, то з польскамоўным асяроддзем.
Матэрыяльная культурная спадчына грэка-каталіцкай царквы захавалася значна лепш, бо яе захаванне ў меншай ступені залежала ад існавання стваральніка і носьбіта. Матэрыяльная спадчына не знікала ўслед за знікненнем таго асяроддзя, у якім яна ўзнікла і бытавала. Хаця змяненне спецыфікі бытавання, меншая або поўная незапатрабаванасць гэтай спадчыны ў новых умовах вяла да значнага змяншэння яе колькасці.
Сказанае можна праілюстраваць на прыкладзе кніжнай спадчыны. У сувязі са змяненнем абрадавай практыкі, пераарыентацыяй на дагматычныя пазіцыі праваслаўнай або рымска-каталіцкай цэркваў амаль знікла запатрабаванасць у богаслужэбнай літаратуры грэка-каталіцкай царквы. Таму амаль адразу сталі прымацца меры па ліквідацыі выданняў, прызначаных для богаслужэння ў грэка-каталіцкіх храмах. Не прызначаная для вядзення набажэнства грэка-каталіцкая літаратура, за рэдкімі выключэннямі (напрыклад, ідэйна неадпаведныя выданні), пераходзіла ў кнігазборы праваслаўных, каталіцкіх і прыватных бібліятэк.
Гэтаксама амаль не прымалася спецыяльных мер па знішчэнні грэка-каталіцкіх архітэктурных помнікаў пасля ліквідацыі уніі. Многія храмы былі значна перабудаваны (часам, непазнавальна), што таксама сведчыць пра спробы адаптацыі новымі ўладальнікамі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы да ўласных патрэб. Тым не менш, змены праводзіліся не ў адпаведнасці з мясцовай традыцыяй, часам узнікала неабходнасць ліквідаваць архітэктурныя элементы, не ўласцівыя праваслаўнай традыцыі, - амбоны, бакавыя алтары, элементы інтэр'еру (лаўкі, званочкі) і інш.
З выкарыстання ў праваслаўных цэрквах выводзіліся абразы, якія не адпавядалі ўсходняй традыцыі іканапісання, у храмах пачалося аднаўленне ці рэканструкцыя іканастасаў, у якіх месца старажытных абразоў занялі новыя іконы работы расійскіх жывапісцаў. Абсалютна не адпавядала практыцы расійскай праваслаўнай царквы выкарыстанне аб'ёмных скульптурных выяў ва ўнутраным аздабленні храмаў. Таму са скульптурай сапраўды вялася самая жорсткая барацьба. Больш пашанцавала тым скульптурным творам, якія трапілі ў каталіцкія касцёлы, дзе працягвалі шанавацца і выкарыстоўвацца па сваім асноўным прызначэнні.
Няздольнасць у поўнай меры інтэгравацца ў сістэму каштоўнасцей і сферу ўжытку новых уладальнікаў заставалася асноўнай прычынай страт культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы і ў ХХ ст. ў Савецкай Беларусі. У сувязі з палітыкай барацьбы з рэлігіяй загінула нямала культурных багаццяў нашай краіны. Зноў з-за неадпаведнасці новым умовам, «незапатрабаванасці» царкоўныя пабудовы і іх матэрыяльныя каштоўнасці знішчаліся ці канфіскаваліся. Вялікія масы народу па сваёй волі ці супраць яе адышлі ад царкоўнага жыцця. У атэістычнай дзяржаве не было месца для царкоўных каштоўнасцей і помнікаў сакральнага мастацтва.
Такія ўмовы не маглі не спрыяць знікненню даўніх традыцый, знішчэнню ці змене функцыянальнага прызначэння істотнай часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы. Вынікам таго стала знішчэнне і пераабсталяванне царкоўных пабудоў пад іншыя патрэбы (клубы, музеі, архівы, жылыя ці службовыя памяшканні і г.д.), канфіскацыя царкоўных каштоўнасцей (золата, срэбра, каштоўныя камяні, абразы, кнігі і інш.) для барацьбы з голадам і павышэння дабрабыту асобных устаноў, рэгіёнаў і дзяржавы ў цэлым.
Такім чынам, значная колькасць культурных багаццяў, якія засталіся пасля знікнення грэка-каталіцкай царквы, была знішчана на працягу наступнага паўтара стагоддзя. Мы не схільны вінаваціць у гэтым знішчэнні праваслаўную і каталіцкую цэрквы, як і дзяржаўныя структуры. Наадварот, можна казаць, што пераход часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы да новых уладальнікаў станоўча паўплываў на яе захаванне, бо застаўшыся ў іх руках культурная спадчына працягвала быць запатрабаванай, гэта значыць працягвала сваё існаванне. Напрыклад, у выніку праведзенага намі аналізу кнігазбораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі было высветлена, што пераважная большасць кніжных помнікаў грэка-каталіцкай царквы захоўвалася да 1920‑х гг. у праваслаўных цэрквах, манастырах і навучальных установах, а пазней трапіла ў дзяржаўныя зборы. Тое ж тычыцца іншых помнікаў. Тыя ж каштоўнасці, што не былі запатрабаваны, прыходзілі ў заняпад, знішчаліся, прападалі з народнай памяці. Напрыклад, пасля ліквідацыі базыльянскага манастыра пры Сафійскім саборы ў Полацку яго будынак быў закінуты, з яго знялі медзяны дах, які быў адпраўлены ў Пецярбург на будаўніцтва Ісакіеўскага сабора. Ад недагляду пабудова згарэла у выніку пажару. Магутны будынак датрываў да 1913 г., калі яго прадалі расійскаму падрадчыку, які разабраў сцены і сплавіў цэглу па Дзвіне ў Рыгу [2, с. 53-54]. Пабудовы, якія трапілі да новых уладальнікаў, напаткаў значна лепшы лёс: яны працягвалі выкарыстоўвацца па прызначэнню і, у пераважнай большасці, перажылі ХІХ і ХХ стагоддзі. Больш таго, перавод пэўнай часткі культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы ў ХХ ст. у бібліятэчныя, музейныя, архіўныя і іншыя зборы дазволіў забяспечыць іх лепшае захаванне, вывучэнне, а часам і папулярызацыю.
Такім чынам, мы не пагаджаемся са сцвярджэннем аб мэтанакіраванай вайне тых ці іншых сіл супраць культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы. На нашу думку, асноўнай прычынай страты значнай часткі гэтай спадчыны з'яўляецца яе незапатрабаванасць у новых умовах, якія склаліся пасля знікнення царквы.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Далматов, Н. Краткое описание Супрасльского Благовещенского монастыря Гродненской губернии, Белостокского уезда / сост. архим. Николай. - Вильна: Тип. А. Г. Сыркина, 1885. - 12 с.
2. Ластоўскі, В. Выбраныя творы / В. Ластоўскі. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. - 512 с.
3. Марозава, С.В. Лёс культурнай спадчыны уніяцкай царквы ў Беларусі / С. В. Марозава // Спадчына. - 1996. - № 6. - С. 100 - 118.
4. Паевский, Л. С. Жировицкий и Брест-Литовский архивы (к вопросу о значении провинциальных архивов для западно-русского края) / свящ. о. Л. Паевского // Труды девятого археологического съезда в Вильне: 1893. В 2 т. / под ред. графини Уваровой и С. С. Слуцкого. - М. , 1895 - 1897. - Т. 1. - 1895. - С. 299 - 308.
5. Рождественский, С.В. Исторический обзор деятельности Министерства Народного Просвещения, 1802 - 1902 / сост. С. В. Рождественский; изд. М‑ва нар. просв. - СПб.: Гос. тип., 1902. - 787 с., 17 л.
Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009