УДЗЕЛ ДУХАВЕНСТВА Ў НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВАЛЕНЧЫМ РУХУ 30-х гг. ХІХ ст. НА БЕЛАРУСІ

1830-я гг. - адзін з найбольш значных этапаў нацыянальна-вызваленчага руху на землях Беларусі ў ХІХ ст. Акрамя паўстання 1830-1831 г., яго складаемымі часткамі былі так званая экспедыцыя Ю. Заліўскага і тайныя, канспіратыўныя арганізацыі, сярод якіх вылучаецца таварыства, утворанае Ш. Канарскім. Духавенства, у першую чаргу каталіцкае, у рознай ступені і ў розных формах прымала актыўны ўдзел у гэтым руху.

Даследаванні сацыяльнага складу ўдзельнікаў паўстання 1831 г. на Беларусі паказваюць, што каталіцкае, праваслаўнае і уніяцкае духавенства складала 5,4 % ад агульнай колькасці паўстанцаў [7, c. 127]. Гэта шостая па колькасці сацыяльная група, але яе роля ў разгортванні нацыянальна-вызваленчай барацьбы была куды больш значнай за іншыя. Аналіз крыніц і літаратуры дазваляе вылучыць наступныя асноўныя формы ўдзелу духавенства ў паўстанні 1831 г.

Па-першае, белае і чорнае духавенства актыўна садзейнічала распаўсюджванню ўзброенай барацьбы на тэрыторыі Беларусі праз агітацыю. У снежні 1830 г., калі паўстанне на ўсход ад Нёмана яшчэ не распачалося, у Гродзенскай губерні па даносу быў арыштаваны святар Прывальскага прыхода С. Вайткевіч, які «стращал прихожан», і аддадзены пад ваенна-палявы суд [14, арк. 1, 8]. Яшчэ больш актывізавалася духавенства ў плане агітацыі і прапаганды пасля пачаткау паўстання ў Літве і Беларусі. Як сведчаць данясенні расійскіх улад, ксяндзы даволі часта з амбона звярталіся да сваіх прыхаджан з заклікам падтрымаць вызваленчую барацьбу, зачытвалі паўстанцкія адозвы, служылі ўрачыстыя імшы і г.д. У падобных «супрацьпраўных дзеяннях» царскімі ўладамі былі выкрыты дзесяткі ксяндзоў у розных рэгіёнах Беларусі, ахопленых паўстаннем. А колькі іх засталіся невядомымі?

У адрозненне ад белага чорнае духавенства не мела такой магчымасці ўплываць на прыхаджан, але і манахі прымалі ўдзелу ў распаўсюджванні полымя ўзброенай барацьбы. Чорнае духавенства таксама заклікала народ на барацьбу, асабліва актыўна - падчас набліжэння інсургентаў або заняцця імі гарадоў і вёсак. У Наваградку пасля таго, як горад апынуўся ў руках інсургентаў Ю. Кашыца, манахі дамініканскага, баніфрацкага і базыльянскага кляштараў актыўна і небезвынікова агітавалі жыхароў далучацца да паўстання. Улады западозрвалі, што без іх удзелу не абышлося ў справе ўступлення ў паўстанцкі атрад вучняў (14-18 гадоў) мясцовага вучылішча. Найбольш наракалі на ксяндза фарнага касцёла К. Длускага, які «з асаблівым запалам нагаворваў народ да паўстання» [12, арк. 152, 230, 232]. У Лідзе падчас знаходжання там атрада Д. Хлапоўскага актыўнічалі манахі-піяры і кармеліты. Падобнае мела месца ў Ашмянах, Лужках, Маладзечне, Радашковічах, Глыбокім, Вілейцы, Бярозе-Картузскай, Драгічыне (Кобрынскі ўезд) і інш. населеных пунктах. Не выклікае сумнення, што дзейнасць духавенства садзейнічала павелічэнню паўстанцкіх шэрагаў.

Па-другое, духавенства актыўна прымала ўдзел у падрыхтоўцы выступленняў. У Ашмяны ў якасці эмісара для ўзняцця паўстання ў Гродзенскай губерні быў накіраваны ксёндз Л. Ясінскі. У Лепельскі ўезд з той жа мэтай быў вызначаны ксёндз піярскага кляштара Дзісненскага ўезда Ст. Заленскі. У падрыхтоўцы паўстання ў Белавежскай пушчы актыўны ўдзел прымалі ўніяцкі святар А. Клышынскі і каталіцкі ксёндз Пануфнік (абодва з Шарашова). Акрамя таго, Пануфнік абяцаў «узбунтаваць» (далучыць да ўзброенай барацьбы) Сялецкую парафію. У Радашковічах ксёндз С. Вайткевіч і ксёндз В. Завадскі ў Свянцанах выступілі ў ліку галоўных ініцыятараў узброенага выступлення [12; 1; 2; 8].

Нягледзячы на тое, што кананічна духавенства падпарадкоўвалася Апостальскай сталіцы, якая забараняла ўдзел у рэвалюцыях, на асуджэнне паўстання главой рымска-каталіцкай калегіі ў Санкт-Пецербурзе С.М. Гедройцам і мітрапалітам уніяцкай царквы І.Булгакам, ніжэйшы клір на землях Беларусі актыўна далучаўся да ўзброенай барацьбы. Найбольш яскравым прыкладам з'яўляецца дзейнасць манахаў з Бярозы-Картузскай Пружанскага ўезда. Яны арганізавалі асобны атрад на чале з манахам Ламбертам Плюшчэўскім і намерваліся злучыцца з паўстанцамі Белавежскай пушчы. Але злучэнню перашкодзіла царскае войска. Манахі францішканскага кляштару ў Шэйбакполі абвінавачваліся ў нападзе на пошту ў Ваўкавыскім уездзе [13, арк. 55]. Ксяндзы былі ў складзе большасці вядомых паўстанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Яны пераважна выконвалі функцыі капеланаў. Ксяндза А. Лога - капелана ў корпусе Д. Хлапоўскага, і ўлады, і самі паўстанцы лічылі адной з ключавых фігур, якая натхняла на ўзброеную антыўрадавую барацьбу [3; 9; 12, арк. 235]. Ксёнд Л. Ясінскі з касцельнай харугвай у руках павёў жыхароў Ашмян на рускі гарнізон, а пасля ўдзельнічаў у сутычках і бітвах пад Вільна, Вілейкай, Глыбокім і Кушкарышкамі. У некаторых мясцовасцях духавенства ўваходзіла ў склад уездных паўстанцкіх камітэтаў. Акрамя таго служыцелі рэлігійнага культа прыводзілі інсургентаў да прысягі, назапашвалі, выраблялі і дастаўлялі зброю, ахвяравалі грашовыя сродкі, давалі прытулак паўстанцам, урачыста віталі іх, служылі святочныя службы, пастаўлялі апалчэнцаў і г.д. Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што каталіцкае духавенства з'яўлялася адным з асноўных рухаючых элементаў паўстання 1831 г. на землях Беларусі. Каталіцкі клір Беларусі і Літвы больш актыўна падтрымаў і ўдзельнічаў у паўстанні, чым іх «калегі» з тэрыторыі Каралеўства Польскага [10; 4].

Белае уніяцкае духавенства, абцяжаранае сем'ямі, гаспадарчай дзейнасцю, падтрымлівала паўстанне не так актыўна. Больш актыўную пазіцыю займала чорнае духавенства (базыльяне), што дало падставу ўладам пасля задушэння паўстання распачаць масавае закрыццё кляштараў гэтага ордэна.

«Экспедыцыя Заліўскага» ўяўляла сабой спробу ўзнаўлення барацьбы за незалежнасць Рэчы Паспалітай супольна з агульнаеўрапейскім рэвалюцыйным рухам. Ю. Заліўскі - адзін з арганізатараў паўстання на землях былога ВКЛ. У эміграцыі ён стварыў арганізацыю «Помста Народа» («Zemsta Ludu»). Яна згуртавала пэўную колькасць эмігрантаў, якія згадзіліся выехаць на радзіму ў якасці эмісараў з мэтай аднаўлення ўзброенай барацьбы на тэрыторыі Каралеўства Польскага і заходніх губерняў Расійскай імперыі. Далёка не ўсім удалося дабрацца да месца прызначэння і распачаць актыўныя дзеянні. На тэрыторыі Беларусі ў 1833 г. гэта паспеў зрабіць толькі М. Валовіч. Астатнія з прыбыўшых на месца эмісараў - М. Шыманскі, А. Пішчатоўскі, Ю. Гардынскі толькі пачалі наладжванне канспіратыўных сувязяў. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што за выключэннем М. Валовіча, астатнія кіраўнікі ў сваёй эмісарскай дзейнасці ў асноўным абапіраліся на мясцовае духавенства. Менавіта каталіцкія ксяндзы і манахі давалі рэкамендацыі адносна надзейных людзей, прадастаўлялі сховішча, перадавалі тайную пошту, нагаворвалі мясцовую шляхту да выступлення. Паводле ўспамінаў тагачаснага гродзенскага губернатара М. Мураўёва, па справе эмісараў у губерні было арыштавана каля 200 асоб [11, c. 18]. Архіўныя дакументы сведчаць, што колькасць асоб духоўнага звання, прыцягнутых да следства, перавышае 10 %. У якасці пакарання большасць іх была пераведзена ў іншыя епархіі. 10 асоб (ксяндзы І. Нецюнскі, Я. Сянкевіч, А. Шымборскі, В. Багінскі, Ф. Зялінскі, А. Садкоўскі, С. Шышко, К. Важынскі, Ф. Ляскоўскі, С. Гілеўскі) за падтрымку эмісараў саслалі ў Сібір або ў цэнтральныя губерні Расіі. Некаторыя з іх былі пазбаўлены шляхецкай годнасці і духоўнага сану. Таксама за «обнаруженное участие монахов злонамеренных замыслах преступников, возвратившихся из-за границы», у 1833 г. быў ліквідаваны гродзенскі дамініканскі кляштар [6, c. 346].

Канцом 1830-х гг. датуецца стварэнне і дзейнасць на землях былога ВКЛ канспіратыўнай арганізацыі «Садружнасць польскага народа», якую ўзначальваў Ш. Канарскі. З'яўляючыся прадстаўніком ліберальна-дэмакратычнай плыні нацыянальна-вызваленчага руху, выступаючы за рэфармаванне палітычнай і сацыяльнай сістэмы, Ш. Канарскі, тым не менш, быў вымушаны ў сваёй дзейнасці абапірацца на тыя ж самыя слаі грамадства, што і яго папярэднікі. Усведамляючы той факт, што духавенства мела найбольшы ўплыў на мясцовае насельніцтва, кіраўнік «Садружнасці» імкнуўся далучыць да яе дзейнасці каталіцкі і уніяцкі клір. Вядомы прозвішчы ксяндзоў Зялінскага, Грабоўскага, Яржына, Трынкоўскага, Шалевіча, Тарлецкага, уніяцкага святара Кузьміцкай плебаніі Ваўкавыскага ўезду Ярмаловіча (які чытаў селяніну атрыманыя ад Тарлецкага кнігі) і інш. [5, c. 39]. Гэтыя факты дазваляюць зрабіць выснову, што нягледзячы на выразную тэндэнцыю дэмакратызацыі нацыянальна-вызваленчага руху, духавенства (пераважна каталіцкае) працягвала адыгрываць у ім надзвычай важную ролю.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Breżko, B. Odglosy powstania 1830-1831 roku na Witebszczyźnie i Infliantach / B. Breżko // Pamętnik V powszechnego zjazdu historykow polskich w Warszawe. - Lwów, 1930.

2. Mienicki, R. Powstanie w Radoszkowiczach w r. 1831 / R. Mienicki // Ateneum Wileńskie. - 1929. - Zeszyt 9.

3. Popowska, M. Rys dziejów Kartuzji Bereskej w latach 1648-1831 / M. Popowska. - Wilno, 1938.

4. Powstanie listopadowe 1830-1831. Dzeieje wewnętrze. Militaria: Europa wobec powstania. Warszawa: PWN, 1990.

5. Zahorski, W. Szymon Konarski (życie i czyny) / W. Zahorski. - Wilno, 1907.

6. Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. документов и материалов: В 4 т. / Ин-т. ист. Акад. наук БССР. - Минск: Наука и техника, 1961-1990. - Т. 4: Социально-политическая история и культура Белоруссии первой половины XIX в. / Сост. В.В. Чепко, В.В. Шатилло. - 1979.

7. Гарбачова, В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусі / В. Гарбачова. - Мінск: БДУ, 2001.

8. Гарбачова, В. Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі: біябібліяграфічны слоўнік / В. Гарбачова. - Мінск: БДУ, 2006.

9. Дамейка, І. Мае падарожжы / І. Дамейка. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002.

10. За вольнасць і веру. Ігнаці Клюкоўскі і яго ўспаміны аб падзеях паўстання 1830 - 1831 гадоў. - Мінск: Лімарыус, 2007.

11. Краткий очерк жизни и деятельности графа М. Н. Муравьёва. - Вильно, 1898.

12. НГАБ у Гродне. - Ф. 1. - Воп. 27. - Спр. 64.

13. НГАБ у Гродне. - Ф. 1. - Воп. 3. - Спр. 1239. - Арк. 55.

14. НГАБ у Гродне. - Ф.1. - Воп. 3. - Спр. 846.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Радзюк А.Р.

Рубрыка: