ДА ПРАБЛЕМЫ ПОЛІКАНФЕСІЙНАСЦІ ГАРАДСКОЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ XVI - XVIII ст.

Важнае месца ў даследаванні беларускага горада займае вывучэнне такой складанай дэфініцыі як гарадская культура. Тэрмін «гарадская культура» з'яўляецца даволі агульнай катэгорыяй: гэта арганізаваная сукупнасць фізічных, сімвалічных аб'ектаў, каштоўнасных фармаванняў, якія ўключаюць не толькі матэрыяльныя аб'екты (артэфакты), але і такія элементы культуры як нормы і этыка дадзенай гарадской абшчыны, сацыяльная псіхалогія гарадской грамады, менталітэт гараджан, развіццё адукацыі і навукі і г.д.

Эпоха з канца XVI да пачатку XVIII ст. дастаткова яскравая, але і складаная ў гісторыі гарадоў і гарадскога жыцця на Беларусі. Гэты час даследчыкі разглядаюць асобна, адзначаючы, што перыяд пасля Лівонскай вайны і да пачатку казацкіх паўстанняў можна назваць «залатым векам» гарадской культуры ВКЛ. У галіне архітэктуры з'яўляюцца новыя тыпы абарончых збудаванняў - замкі бастыённага тыпу, мураваныя гарадскія ратушы [7, c.11]. Агульны росквіт, рэнесансавыя тэндэнцыі уплывалі на горадабудаўнічую культуру беларускіх гарадоў і мястэчак у XVI-XVII стст. З'яўляючыся асяродкамі грамадскай актыўнасці, між тым, духоўнае і культурнае жыццё ў сярэднявечных гарадах развівалася пераважна ў канфесіянальных рамках [6, c. 94].

Існаванне беларускіх земляў у складзе поліэтнічных дзяржаўных утварэнняў - Вялікага княства Літоўскага, а пазней і Рэчы Паспалітай, знаходжанне на перакрыжаванні шляхоў заходняй цывілізацыі і візантыйскага свету абумовілі складанасць і стракатасць канфесійных адносінаў на працягу XVI - XVIII стст., неадназначны ўплыў на культурныя працэсы, якія адбываліся ў беларускім грамадстве.

Царква ў феадальным грамадстве заўсёды выконвала шэраг важных функцый - акрамя непасрэдна ідэалагічных, нацыянальна-кансалідацыйных, царква займалася распаўсюджваннем культурных ведаў. Адпаведна, справай адукацыі і асветы на Беларусі займаліся установы, якія належалі да розных канфесій.

Асветніцкая і дабрачынная дзейнасць праваслаўных канцэнтравалася вакол брацтваў - рэлігійных арганізацый насельніцтва. Брацтвы ставілі рэлігійныя і дабрачынныя мэты. Пад іх патранатам дзейнічалі ў асноўным пачатковыя школы, выкладанне ў якіх вялося на царкоўнаславянскай ці старабеларускай мове, друкарні, шпіталі. Брацтвы былі важным кампанентам сацыяльнай актыўнасці гараджан - іх дзейнасць накладвала адбітак на вытворчыя адносіны, палітычную дзейнасць праваслаўнай грамады [5, c. 37].

У справе арганізацыі асветы небяспечным канкурэнтам праваслаўных брацтваў былі каталіцкія ўстановы. Ужо ў другой палове XVI ст. ствараюцца езуіцкія калегіі ў Вільні, Нясвіжы, Полацку. У 1579 г. пачынае дзейнічаць Віленская езуіцкая акадэмія - першая вышэйшая навучальная ўстанова ў межах Вялікага княства Літоўскага. Да 70-х гг. XVIII ст. толькі на тэрыторыі ВКЛ езуіты стварылі каля 90 пунктаў (рэзідэнцыі, місіі, калегіі), якія на Беларусі дзейнічалі ў Нясвіжы, Пінску, Берасці, Вільні, Мінску, Навагрудку, Віцебску і інш. Значная роля ў прапагандзе езуітаў адводзілася дзейнасці сяброў ордэна ў прытулках, шпіталях і турмах.

Дзейнасць езуітаў мела неадназначныя вынікі для культуры Беларусі. З аднаго боку, здольныя дзеці з розных сацыяльных груп мелі магчымасць атрымаць гуманітарную адукацыю еўрапейскага ўзроўню, з другога боку, інтэлектуальная эліта ўсё больш губляла сувязь з нацыянальнай глебай.

Цікавасць уяўляе дзейнасць уніятаў, як рэфарматараў, што ўпершыню паспрабавалі спалучыць рымскія і праваслаўна-візантыйскія традыцыі. Найбольшую актыўнасць уніяты праяўлялі ў справе арганізацыі асветы і кнігадрукавання [5, c. 40]. Сістэма адукацыі уніятаў (напрыклад, базыльян) уключала ўсе тыпы навучальных устаноў: духоўныя вучылішчы, манаскія і епархіяльныя, а таксама грамадскія калегіі і школы, прыходскія школы, якія выхоўвалі моладзь на аснове хрысціянскага вопыту як Усходу так і Захаду.

У XVI ст. разам з уплывамі Рэнесансу беларускія землі закрануў такі агульнаеўрапейскі працэс, як Рэфармацыя. У межах рэфармацыйнага руху бяруць свой пачатак многія формы свецкай гарадской культуры: у прыватнасці, літаратурнага і мастацкага мецэнацтва [3, c. 97]. Трэба адзначыць вялікую ролю рэфармацыйнага мецэнацтва ў справе пашырэння асветы сярод розных сацыяльных слаёў насельніцтва, арганізацыі сталага кнігадрукавання, у пераўтварэнні шэрагу мястэчак і прыватнаўласніцкіх беларускіх гарадоў у культурныя цэнтры [2, c. 445]. Да таго ж пры шэрагу пратэстанцкіх збораў дзейнічалі пачатковыя школы, гімназіі, дзе маглі вучыцца прадстаўнікі розных саслоўяў (напрыклад, у Ракаве). Дэмакратычная этыка рэфармацыі накіроўвала дзеянні яе прадстаўнікоў на прапаганду ідэй адукаванасці, ведаў, адкрытасці да ўсяго новага [6, c.130].

Такім чынам, нягледзячы на тое што распаўсюджваннем ведаў займаліся пераважна канфесійныя ўстановы, культурнае значэнне гэтай дзейнасці знаходзілася па-за канфесійнымі рамкамі. Разам з ведамі гараджанін засвойваў пэўную сістэму каштоўнасцей, светапогляд, што фармаваліся ў межах адукацыйных устаноў розных канфесій.

Поліканфесійнасць стварала стракатасць ментальнага, этычнага слоя гарадской культуры. Напрыклад, актавыя запісы магістратаў беларускіх гарадоў фіксуюць праявы тыповых рысаў пратэстанцкіх гарадскіх супольнасцей: культ добрасумленнай працы, ашчаднасці, сацыяльнага прэстыжу, грамадскай актыўнасці [10, c. 250]. Сустракаюцца і запісы аб справах па чараўніцтву, ведаўству, што адлюстроўвае пэўныя забабоны менталітэту тагачаснага мяшчанства [4, c. 267]. Поліканфесійнасць (а пазней і поліэтнічнасць), якая асабліва ўзмацнілася з другой паловы XVII ст., вяла да стракатасці паўсядзённых стасункаў паміж гараджанамі.

У айчынай гістарыяграфіі замацаваўся погляд на талерантныя адносіны паміж прадстаўнікамі розных канфесій. Між тым, варта пазбягаць ідэалізацыі гэтага працэсу: захаваліся, напрыклад, дакументы пра канфлікты паміж рознымі цэхамі ці нават унутры аднаго цэха па рэлігійнай прыкмеце; існавала сістэма прадстаўніцтва ў гарадскім магістраце ад праваслаўнай і каталіцкай абшчын. У сувязі з наплывам яўрэйскага насельніцтва расла напружанасць у адносінах апошніх з мясцовым насельніцтвам, у дакументах сустракаюцца звесткі пра забойствы на рэлігійнай глебе [9, c. 250]. Аднак трэба уважліва вывучаць падобныя звесткі і дакладна адрозніваць сітуацыі, дзе прычынай канфлікта з'яўлялася рэлігійная прыналежнасць, а дзе - сацыяльная канкурэнцыя.

Шматканфесійнасць уплывала і на прасторавае асяроддзе беларускіх гарадоў. Для беларускіх гарадоў эпохі позняга рэнесансу характэрным з'яўлялася існаванне значных тэрытарыяльных комплексаў з монаканфесіянальнай забудовай. Склаліся комплексы забудоў, арганізацыйна належачых пэўнай канфесіі - «праваслаўныя», «іудаісцкія», «каталіцкія», нават «уніяцкія» горадабудаўнічыя кампаненты [8, c. 17]. Рэфармацыя прынесла новы тып культавага будынку - кальвінісцкі збор. Езуіты імкнуліся размяшчаць свае калегіі і касцёлы ў цэнтрах гарадоў, ствараючы шыкоўныя барочныя комплексы [3, c. 97]. Падобная планіровачная структура склалася ў Гародні ў XVI - XVII стст., калі ў раёне рынкавай плошчы склаліся архітэктурныя комплексы каталіцкіх ордэнаў з Фарным, Бернардзінскім касцёлам. На тэрыторыі старажытнага пасада існаваў уніяцкі манастырскі комплекс з царквой Раства Багародзіцы ў якасці архітэктурнай дамінанты [1, c. 217]. Безумоўна, падобная структура магла аформіцца ў межах поліканфесійнай абшчыны беларускіх гарадоў. У гэтым - значная асаблівасць гарадской культуры ВКЛ.

Такім чынам, нягледзячы на значнасць уздзеяння канфесійных устаноў на культурнае жыццё ў беларускіх гарадах, трэба адзначыць рознасць і стракатасць форм гэтага ўздзеяння: арганізацыя асветы, кнігадрукавання, палемічнай публіцыстыкі; гуманізм і антыклерыкалізм Рэфармацыі, рэлігійная талерантнасць дазволіла пранікаць на Беларусь розным свецкім формам культуры (як матэрыяльнай, так і духоўнай), секулярызаваць культурную місію царквы, грамадскую думку, вяла да стварэння спецыфічна гарадскога асяроддзя, гарадской грамады, блізкай па каштоўнасцях, манеры паводзін, менталітэту да іншых бюргерскіх супольнасцей Еўропы. Аднак інтэлектуальная эліта, адукаваная частка насельніцтва выхоўвалася ў розных, часам процілеглых ментальных праекцыях, засвойвала розныя каштоўнасці, што, з аднаго боку, вяло да ўзбагачэння зместу гарадской культуры, з другога, - падзяляла, раз'ядноўвала мяшчанства, вяла да страты грамадзянскага адзінства.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Гардзееў, Ю. Магдэбургская Гародня / Ю.Гардзееў. - Гародня - Wrocław, 2008.

2. Иванова, Л.С. Меценацтво и Реформация В Белоруссии (вторая половина XVI - первая половина XVII вв.) / Л.С.Иванова // Наш радавод. - 1993. - Кн.4. Ч.2. - С. 442 - 447.

3. Клімуць, Л. Мецэнацтва і шляхецкі патранаж у Рэчы Паспалітай XVI - XVIII стст. і іх сацыяльнае значэнне / Л.Клімуць // Роднае слова. - 2003. - №11. - С. 97 - 98.

4. Марзалюк, І. Актавыя кнігі магілёўскага магістрата XVI - XVII ст. як крыніца па гісторыі ментальнасці беларускага мяшчанства/ І.Марзалюк // Castrum, urbis et bellum: зборнік навуковых прац. - Мінск, 2002. - С. 263 - 272.

5. Новицкая-Ежова, А. Орден базилиан и его культурно-просветительская деятельность на украинско-белорусско-литовских землях Речи Посполитой / А. Новицкая-Ежова // Славяноведение. - 1996. - №2. - С. 33 - 46.

6. Парашкоў, С.А. Гісторыя культуры Беларусі / С.А.Парашкоў.- Мінск: Беларуская навука, 2004.

7. Трусаў, А. Агульныя тэндэнцыі ў гарадской матэрыяльнай культуры Вялікага княства Літоўскага / А.Трусаў // Спадчына. - 1994. - №6. - С. 11 - 12.

8. Чантурия, Ю.В. Развитие градостроительства Беларуси (вторая половина XVI - первая половина XIX вв.): автореф. дис. … д-ра архитектуры / Ю.В.Чантурия. - Минск, 2003.

9. Археографический сборник документов, относящийся к истории Северо-Западной Руси. - Т.IV. - Вильна, 1867. - С. 250 - 252.

10. Археографический сборник документов, относящийся к истории Северо-Западной Руси. - Т. VІ. - Вильна, 1869. - С. 214 - 216.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Барташэвіч А.Ю.

Рубрыка: