КАНФЕСІЙНАЯ ПРАБЛЕМАТЫКА НА СОЙМІКАХ ПОЛАЦКАГА ВАЯВОДСТВА Ў КАНЦЫ XVI - СЯРЭДЗІНЕ XVII ст.

Полацкае ваяводства ў першай палове XVI cт. было своеасаблівым рэгіёнам ВКЛ. Тут захоўваліся многія элементы аўтаномнага жыцця, якія замацоўваліся ў праве і пацвярджаліся манархамі [10, c. 85-92]. Мясцовая палітычная эліта, калі не ўлічваць намеснікаў ці, пазней, ваяводаў, мела мясцовае паходжанне і складалася ў падаўляючай большасці з праваслаўных. Попіс войска ВКЛ 1528 г. сведчыць, што полацкія баяры і князі за невялікім выключэннем належалі да праваслаўных. Выснова гэта заснавана на аналізе анамастычнага матэрыялу дакумента, што не гарантуе ад памылак, але носьбітаў відавочных каталіцкіх імёнаў у спісе адзінкі (Марцін, Бертош) [8, c. 154-155]. Не змянілася становішча і на 1552 г., што адлюстравала «Полацкая рэвізія»: прыналежнасць да неправаслаўнага веравызнання можна суаднесці толькі з некалькімі асобамі сярод больш сотні, уключаных у спіс полацкіх шляхціцаў [7, c. 495-496]. Калі абапірацца на гэтыя статыстычныя крыніцы, то яшчэ ў сярэдзіне XVI cт. падаўляючую большасць полацкіх шляхціцаў трэба аднесці да вызнаўцаў праваслаўя. Разам з тым, нельга не заўважыць, што сярод палачанаў былі прыхільнікі не толькі традыцыйнага веравызнання.

Ужо ў сярэдзіне XVI cт. полацкая шляхта адчула на сабе ўздзеянне ідэй пратэстантызму. Цяжка сказаць, хто і калі пачаў пашыраць новае вызнанне на Полаччыне, не выключана, што гэтаму спрыялі выхадцы з Польшчы. Так, актыўнымі прыхільнікамі пратэстантызму былі Францкевічы-Радзімінскія. Прыналежнасць гэтага польскага рода, шчыльна звязанага з пратэстантызмам [22, s. 170], да полацкай шляхты фіксуе «Полацкая рэвізія 1552 г.» [9, с. 48, 60, 123-124]. У Полацку пратэстанцкая абшчына існавала ўжо да 1563 г., а пасля вызвалення горада ад маскоўскай акупацыі ў 1579 г. полацкі ваявода М.М. Дарагастайскі заснаваў тут новы збор [6, c. 512]. Менавіта полацкая шляхта дала рэфармацыйнаму руху такога выдатнага дзеяча, як Васіль Цяпінскі, які меў у сваім маёнтку Цяпіна ў Полацкім ваяводстве друкарню [2, c. 127]. Не застаўся абыякавым да «новай» веры найбольш уплывовы і разгалінаваны шляхецкі клан ваяводства - Корсакі [22, s. 119-120]. Корсакі далі і адну з самых колькасных у ВКЛ, хаця і не вельмі паслядоўную, групу шляхецкіх «евангелікаў» [22, s. 280, 282].

Што датычыцца каталіцкага веравызнання, то яно пусціла карані на Полаччыне задоўга да XVI cт., але стан каталіцкай царквы тут быў досыць хісткім. На цэлае ваяводства да сярэдзіны XVI cт. прыходзілася толькі адна парафія [19, s. 237]. Заснаваны ў 1498 г. у Полацку бернардынскі кляштар[19, s. 250] не быў у стане выканаць маштабных місіянерскіх задачаў, з якімі каталіцкая царква не давала рады нават на захадзе ВКЛ з-за вялікай тэрыторыі і нешматлікасці святароў [19, s. 236-243]. Маласпрыяльныя часы для каталіцкай царквы наступілі ў выніку пашырэння Інфлянцкай вайны на тэрыторыю Беларусі. Захоп Полацка ў 1563 г. і працяглая акупацыя маскоўскімі войскамі большай часткі ваяводства прывяло да вымушанай міграцыі каталіцкага кліра і шляхты. «Зачыстка» тэрыторыі ваяводства маскоўскімі ўладамі ад неправаслаўных уплываў магла пайсці на карысць праваслаўным. Толькі ў 1579 г. пачало аднаўляцца даваеннае становішча. Cтаўленне полацкіх абывацеляў да каталіцкай царквы ў гэты час яскравым чынам ілюструе выпадак, апісаны Іванам Лапай. Падчас Віленскага з'езда шляхты ВКЛ дэлегацыя Полацкага ваяводства ў складзе падкаморыя Анікея Корсака і пісара земскага Юрыя Катавіцкага выступіла супраць рашэння Стэфана Баторыя заснаваць у Полацку езуіцкі калегіюм і перадаць яму частку земляў, якія належалі праваслаўнай царкве [7, c. 176, 181]. Пазіцыя полацкіх паслоў, прычым выказаная каралю адначасова з падзякай за вызваленне ад маскоўскай акупацыі, напэўна не мела толькі асабісты характар, а адлюстроўвала настроі пэўнай часткі шляхты, па меншай меры тых, хто, выпраўляючы паслоў на з'езд, складаў на сойміку інструкцыю. Не выключана, што палачане спадзяваліся «пагрэць рукі» за кошт уладычых земляў без удзелу езуітаў. Але сама рэакцыя на каралеўскія планы, скіраваная найперш на абмежаванне прысутнасці адукацыйнай каталіцкай установы, сведчыць пра выразныя антыкаталіцкія настроі мясцовай эліты.

Напрыканцы XVI ст. і ў першыя дзесяцігоддзі XVII cт. Полацкае ваяводства заставалася ў відавочнай апазіцыі да афіцыйнай палітыкі варшаўскіх уладаў у адносінах да праваслаўя [21, s.12]. Датычылася гэта, у першую чаргу, мяшчанства, але таксама і шляхты. Мясцовая шляхецкая грамада неадназначна ўспрыняла абвяшчэнне уніі ў 1596 г. Ужо напярэдадні сойма 1598 г. полацкі соймік апынуўся ў рэчышчы палітыкі кіеўскага ваяводы Канстанціна Астрожскага, правадыра праваслаўнай партыі, і яго хаўрусніка віленскага ваяводы Крыштапа Радзівіла, які ачольваў пратэстантаў у ВКЛ. На сойміку ў 1598 г. полацкія абывацелі актыўна падтрымалі просьбу праваслаўнага віленскага брацтва, якое скардзілася на пераслед ад месцкіх уладаў і каралеўскіх ураднікаў: « Віленскае Брацтва грэчаскай рэлігіі дало нам справу пра тое, нібы ім бяспраўе немалое чынілася, змушалі іх да паслушэнства і да іншага, па-рознаму пераследуючы, і ў нявіннасці выклікалі на суды» [16, s. 239]. Полацкія паслы атрымалі даручэнне прасачыць, каб « ніхто не быў прыспешаны, а маёнткі той рэлігіі каб давалі толькі асобам таго ж набажэнства паводле старадаўніх звычаяў і правоў» [16, s. 239]. Не з'яўляецца выпадковым той факт, што акурат на полацкім сойміку ў 1599 г. пад старшынствам мясцовага падваяводы Баркулаба Корсака быў складзены пратэст супраць уніі, засведчаны шматлікімі подпісамі і пячаткамі [1, c. 205]. За абарону праваслаўя полацкі соймік выказаўся ў 1607 г.: « Рэлігіі набажэнства грэцкага Віленскага брацтва, каб ніякага ўціску не чынілася» [17, s. 191]. Полацкія абывацелі не толькі спрабавалі абараніць праваслаўе, але лічылі патрэбным прапаноўваць разнастайныя рэцэпты яго ўдасканалення. У складзенай на сойміку 27 сакавіка 1607 г. інструкцыі прапаноўвалася наступнае: « Уладыкам Полацкім трэба прызначаць таго, за каго будуць прасіць паны полацкія абывацелі, а пасля смерці уладыкі, каб старосты С. Сафіі трымалі ўладычыя добра, якія потым пераходзілі да наступніка, які б па нашай просьбе прызначаўся «[17, s. 191].

На працягу XVII cт. полацкі соймік неаднаразова і ў розных формах выступаў у абарону пераважна праваслаўных. Перад соймам 1609 г. мясцовыя абывацелі ўнеслі ў тэкст пасольскай інструкцыі пункт аб захаванні маёмасці « Рускай Царквы» паводле « старога звычаю»[3, c. 72]. На сойміку ў Полацку у той жа час разглядалася справа « Віленскага брацтва грэцкай рэлігіі», па выніках чаго паслы абавязваліся паспрыяць вырашэнню справы « без парушэння права» [3, c. 72].

На жнівеньскім сойміку 1611 г. полацкія абывацелі ў чарговы раз выказаліся ў падтрымку праваслаўнай царквы. Cоймікавая інструкцыя патрабавала, каб адносна асоб, « якія пад зверхнасцю мітрапаліта быць не жадаюць», дзейнічала канстытуцыя сойма 1609 г., якая стала прававой падставай прызнання статуса праваслаўнай царквы [20, s. 257], і ўсе трыбунальскія дэкрэты « пры моцы сваёй заставаліся» [18, s. 51v.]. На гэтым жа сойміке палацкія шляхціцы рашуча падтрымалі пратэстантаў, а сярод абраных паслоў ад павета быў адзін з правадыроў «іншаверцаў» кашталян Парнаўскі - Пётр Стаброўскі [18, s. 49]. Пасольская інструкцыя на сойм 1611 г. інфармавала: « Была ўнесена справа ад паноў Патронаў сеньёраў Віленскага евангельскага збору аб разбурэнні і спаленні збору, а таксама раскраданні і поўным знішчэнні маёмасці супраць бурмістраў, райцаў і іншых мяшчанаў места Віленскага…» [18, s. 51-51 v.]. Далей паведамлялася, што спробы прыцягнуць абвінавачаны бок да адказнасці перад Галоўным Літоўскім Трыбуналам поспеху не прынеслі, а яго дэкрэты ігнараваліся. Узрушаныя такім стаўленнем да вышэйшай апеляцыйнай установы, палачане патрабавалі ад паслоў прыкладання максімальных намаганняў па гэтым пытанні паколькі, як адзначана ў дакуменце « справу збора разумеем як абразу спакою паспалітага» [18, s. 51 v.].

Падзеі наступных дзесяцігоддзяў скарэктавалі настроі полацкіх шляхціцаў. Напэўна, не прайшлі незаўважанымі наступствы забойства ў суседнім Віцебску полацкага архіепіскапа Іясафата Кунцэвіча. Але як толькі з'явілася магчымасць, полацкія абывацелі адкрыта выступілі ў абарону праваслаўя. Нагодай стаў скон па ультракаталіцку настроенага Жыгімонта Вазы ў 1632 г. Напярэдадні элекцыйнага сойма 1632 г. на мясцовым сойміку было сфармулявана патрабаванне аб аднаўленні ў Полацку дзейнасці праваслаўнай царквы: " Унесена просьба ад Іх Міласцей Паноў абывацеляў полацкіх шляхецкага народу Русі неуніятаў, каб па прыкладу местаў Вільні, Мсціслаўля і Магілёва ў месце Полацкім для іх вольнага набажэнства была дадзена царква, каб яны маглі мець свабоднае набажэнства і трымаць святара, аб чым маюць старацца паслы" [15, s.1]. Побач з гэтымі патрабаваннямі полацкія абывацелі таксама актыўна падтрымалі уніятаў, крыўды якіх выказаў полацкі архіепіскап Антоні Селява: " Панове Русь неуніяты ў дыяцэзіі Яго Міласці архіепіскапства Віцебскага і Мсціслаўскага ў Магілёве і Мсціслаўлі пэўныя цэрквы адабралі, што учынілі пры адсутнасці Яго Міласці, пасля чаго выйшлі з-пад духоўнага падпарадкавання і Яго Міласці самому, а таксама іншым будучым у уніі духоўным і свецкім асобам розныя шкоды чыняць, нарэшце пагражаюць жыццю" [15, s.1]. Усплеск плюралізма на полацкім сойміку дапаўняе патрабаванне пратэстантаў аб тым, " каб зборы ў местах на старажытных месцах вольна і бяспечна будаваліся, таксама ж і шляхта ў сваіх маёмасцях зборы для набажэнства свайго магла свабодна будаваць" [15, s.1].

Адметна, што толькі пункт, датычны праваслаўнай царквы, быў паўтораны ў інструкцыі полацкім паслам на каранацыйны сойм 1633 г. [13, арк. 14-14 адв.].

Перад соймам 1638 г. полацкія шляхціцы ізноў вяртаюцца да традыцыйнай праблематыкі. Дваццаць трэці пастулат гучаў наступным чынам: « Грэчаская рэлігія каб была супакоена як сярод Іх Міласцей паноў унітаў, так і дэзунітаў» [12, арк. 167 адв.].

Цікава, што такое ўпартае жаданне полацкай шляхты адстойваць інтарэсы праваслаўнай царквы ўваходзіць у супярэчнасць з наяўнай інфармацыяй пра рэальныя ахвяраванні для царквы. Няма палачанаў сярод найбольш вядомых фундатараў праваслаўных храмаў у першай трэці XVII ст. [1, с. 209]. Нельга выключаць, што голас у падтрымку дысідэнтаў належаў нейкай маргінальнай групе, ці, увогуле, быў вынікам пратэстанцка-праваслаўнай узаемападтрымкі.

Але далёка не кожны раз палачане выказваліся ў абарону ці маглі падтрымаць праваслаўную царкву. Не выключана, што на гэта магла паўплываць актывісцкая пазіцыя уніяцкіх і каталіцкіх святароў, звесткі пра прысутнасць якіх на полацкіх сойміках з 30-х гадоў XVII cт. набываюць рэгулярны характар [23, s. 95]. З'яўленне уніяцкіх іерархаў на сойміках мела на мэце не толькі абарону інтарэсаў царквы, але і блакіраванне намаганняў дысідэнтаў, у тым ліку і праваслаўных. Так, у 1640 г. антыпратэстанцкі характар пастаноў полацкага сойміка добра карэлюецца з прысутнасцю на ім Антонія Селявы, полацкага архіепіскапа [4, c. 48]. З іншага боку, прысутнасць уніятаў і асабліва каталікоў на сойміку сведчыць пра відавочную канфесійную пераарыентацыю мясцовай эліты.

Адбылося гэта пад уздзеяннем шэрагу фактараў. Побач з мэтанакіраванай палітыкай падтрымкі уніі ў Полацкім ваяводстве з боку каралеўскага двара, вялікай актыўнасцю вызначалася і само уніяцкае святарства. Дзейнасць пакутніцку замардаванага полацкага архіепіскапа Я. Кунцэвіча мела відавочныя вынікі. Напэўна не адзіным шляхціцам, пакінуўшым пад яго ўплывам праваслаўе, быў уплывовы полацкі месцкі пісар Ян Дзягілевіч, якому святар параіў прачытаць лёсавызначальную кнігу «Абарона святога адзінства» [14, s. 23-24]. Толькі адчуванне ўпэўненасці ў сваіх сілах магло падштурхнуць натоўп на чале з вучнямі базылянскай школы Корсакамі ў ноч з 23 на 24 ліпеня 1638 г. разбурыць кальвінскі збор у Полацку, а потым закідаць камянямі праваслаўных мяшчан [20, s. 464].

У першай палове XVII ст. больш відавочнай стала прысутнасць і ўплыў у ваяводстве шляхціцаў польскага паходжання, каталікоў па веравызнанні. У XVI-XVII стст. на Полаччыне аселі Радзімінскія, Беганскія, Кланоўскія, Кунінскія, Ласоўскія, Бажымоўскія [5, c. 48-55]. Некаторыя з іх дасягнулі высокіх пасадаў у мясцовай урадніцкай іерархіі [11, c. 73-80].

Полацкая шляхта да сярэдзіны XVI cт. была амаль выключна праваслаўнай па канфесійнай прыналежнасці. Прыхільнікі каталіцызму не ўтваралі для яе відавочнай канкурэнцыі. Распаўсюджванне рэфармацыйных ідэяў істотным чынам захапіла і ўсходнія ваяводствы ВКЛ, дзе пратэстанты папаўнялі свае шэрагі за кошт праваслаўных. Наступ уніяцкай царквы на Полаччыне спачатку ўспрымаўся адмоўна. Мясцовы соймік на працягу першых чатырох дзесяцігоддзяў уніі выступаў у падтрымку праваслаўнай царквы і перыядычна - пратэстантаў. На працягу 1630 - 1640-х г. адбыліся змены, у выніку якіх мясцовая ўстанова шляхецкага самакіравання апынулася пад кантролем уніятаў і каталікоў.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. - Минск: Изд. центр БГУ, 2004. - 407 с.

2. Галенчанка, Г. Цяпінскі / Г. Галенчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. - Т. 6, кн. 2. - Мінск: БелЭн, 2003. - С. 127 - 128.

3. Галубовіч, В., Радаман, А. Інструкцыя полацкай шляхты на сойм 1609 г. / В.Галубовіч, А. Радаман // Commentarii polocenses historici. - 2006. - T. III. - С.70 - 72.

4. Галубовіч, В.У. Пасольская інструкцыя ад шляхты полацкага ваяводства на сойм 1640 г. / В.У Галубовіч // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі. - Полацк, 2003. - С. 41 - 49.

5. Галубовіч, В. Шляхта польскага паходжання ў Полацкім ваяводстве ў канцы XVI - XVII cтст. / В.Галубовіч // Матэрыялы гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі: да 80-годдзя Полацкага краязнаўчага музея. - Полацк: НПГКМЗ, 2008. - С. 47 - 55.

6. Гісторыя Беларусі. У 6 т. - Т. 2: Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. - Мінск: Экоперспектива, 2008. - 688 с.

7. Лаппо, И. И. Великое княжество Литовское от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569 - 1586). Опыт исследования политического и общественного строя / И. И. Лаппо. - Т. 1. - СПб.: Тип. И. Н. Скороходова, 1901. - 796 с.

8. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 523: Кніга публічных спраў 1. - Мінск: Беларуская навука, 2003. - 444 с.

9. Полоцкая ревизия 1552 г. - Москва: Университетская типография, 1905. - 237 с.

10. Полоцкие грамоты XIII - начала XVI вв. - Вып. III. - Москва, 1980. - 215 с.

11. Радаман, А. Земскія ўраднікі Полацкага ваяводства (другая палова XVI - першая палова XVII стст.) / А.Радаман, В.Галубовіч, Д.Вілімас // Commetarii polocenses historici. - 2004. - T. I. - C. 73 - 80.

12. Российская Национальная Библиотека в Санкт-Петербурге. Отдел рукописей. Автографы Дубровского. № 124.

13. Российская Национальная Библиотека в Санкт-Петербурге. Отдел рукописей. Автографы Дубровского. № 132.

14. Akta męczeńskie unii // Rocznik Towarzystwa historyczno-literackiego w Paryżu. Rok 1868. - Paryż: Księgarnia Luxemburgska, 1869. - S. 1 - 63.

15. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział II. Sygn. № 1066.

16. Biblioteka Książąt Czartoryskich w Krakowie. Rks. 2234.

17. Biblioteka PAU i PAN w Krakowie. Rks. 360.

18. Biblioteka PAU i PAN w Krakowie. Rks. 365.

19. Вłaszczyk, G. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytnośi. 1492 - 1569 / G. Вłaszczyk. - Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2002. - 336 s.

20. Kempa, T. Wobiec kontrreformacji. Protestanci i prawosławni w obronie swobód wyznaniowych w Rzeczypospolitej w końcu XVI i pierwszej połowie XVII wieku / T. Kempa. - Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2007. - 624 s.

21. Kempa, T. Prawosławie i unia we wschodnich województwach WKL w końcu XVII wieku / T. Kempa // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - Z. 22. - Białystok, 2004. - S. 5 - 41.

22. Liedkie, M. Od prawosławia do katolicyzmu. Ruscy możni i szlachta Wielkiego Księstwa Litewskiego wobiec wyznań reformacyjnych / M. Liedkie. - Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2004. - 313 s.

23. Rachuba, A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569 - 1763 / A. Rachuba. - Warszawa: Wyd-wo Sejmowe, 2002. - 376 s.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Галубовіч В.

Рубрыка: