РАСПАЎСЮДЖАННЕ ІДЭЙ ФЛАРЭНЦКАЙ УНІІ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ Ў КАНЦЫ ХV - ПАЧАТКУ ХVІ ст.

Адным з самых цмяных і заблытаных перыядаў айчыннай гісторыі застаецца другая палова ХV - пачатак ХVІ ст. Ранейшыя стэрэатыпы і замоўчванні не дазваляюць разабрацца ў логіцы падзей і культурных з'яў на беларускіх землях у той час. Аднак, калі адкрыта прызнаць і паказаць, што ідэі Фларэнцкай царкоўнай уніі ў Вялікім Княстве Літоўскім адыгрывалі значную ролю ў культурна-рэлігійным і палітычным жыцці, то можна вырашыць адразу некалькі загадкавых пытанняў нашай гісторыі. Тым больш, што гістарыяграфія дадзенай тэматыкі мае даўнюю традыцыю. Аб рэлігійных праблемах у ХV - ХVІ ст., у тым ліку аб Фларэнцкай уніі і яе наступствах пісалі Я.Фіялак [11], А.Лявіцкі [20], К.Хадыніцкі [8], О.Галецкі [12], А.Прахаска [25], Ю.Пелеш [26] і інш. [5]. Аналіз крыніц і літаратуры дазваляе зразумець, адкуль узяліся, з аднаго боку, цудоўныя гатычныя храмы ў Супраслі, Мураванцы, Сынкавічах, а, з другога, - капліцы з праваслаўнымі роспісамі ў Кракаве, Любліне, Сандаміры. Пастановы Фларэнцкага сабору адбіліся таксама на жыцці і творчасці нашага вялікага асветніка Францішка Скарыны, як і на ўсіх культурна-рэлігійных і грамадскіх працэсах пачатку ХVІ ст. Нарэшце, праз даследаванні ўплываў ідэй Фларэнцкай уніі можна наблізіцца да разумення, чаму і як адбывалася лацінізацыя і паланізацыя нашай культуры ў ХVІ ст.

Ад моманту падзелу хрысціянства на заходняе і ўсходняе ў 1054 г. пачынаецца рух насустрач абедзвюх новаствораных канфесій. На чарговых саборах зноў вярталіся да ідэі адзінства. Праблема суіснавання хрысціянскіх веравызнанняў абвастрылася ў Вялікім Княстве Літоўскім у канцы ХІV - пачатку ХV ст., што знайшло адлюстраванне ў пастановах Канстанцкага сабору (1414 - 1418 гг.). Кароль Польшчы Ягайла 2 жніўня 1416 г. пісаў у сваім лісце да сабору ў Канстанцы: «Калі б не перашкоды з-за доўгіх войнаў, абодва тыя народы (ліцвіны і русіны - А.С.), а таксама іншыя, ужо паспяшаліся б у вялікай колькасці з грэчаскага абраду ў святы рымскі касцёл» [10, s.171]. Але найбольш актуальна яна загучала напярэдадні турэцкай агрэсіі на Канстанцінопаль у ХV ст. Сабор у Базэлі-Фэрары-Фларэнцыі-Рыме (1431 - 1445 гг.) ставіў перад сабой шмат пытанняў: склікання і аўтарытэту сабораў; выбару і абавязкаў папаў; кваліфікацыі, колькасці і прызначэння кардыналаў; зацвярджэння бiскупаў; правінцыяльных і дыяцэзіяльных сінодаў; жыдоў і неафітаў; анатаў (штогадовыя даходы); адпраўлення набажэнства і захавання людзей пад час яго; асуджэння недакладных хрысталагічных паняццяў арцыбіскупа Аўгустына Фавароні; уніі з грэкамі [10, s.273].

Адной з найважнейшых мэтаў сабору было аднаўленне адзінства хрысціянскай царквы. Дзеля дасягнення яе запрасілі дэлегатаў усходніх цэркваў. Пасяджэнні праводзіліся спачатку ў Базэлі (25 сесій), потым у Ферары, куды прыбылі праваслаўныя біскупы і тэолагі, імператар Іаан VІІІ Палеалог, патрыярх Канстанцінопаля, прадстаўнікі патрыярхаў Александрыі, Антыохіі і Ерусаліма і некалькі мітрапалітаў. Пасяджэнні ў Ферары адбываліся ў 1438 - 1439 гг., потым іх перанеслі ў Фларэнцыю (1439 - 1442 гг.), дзе і абвясцілі, між іншым, унію з грэкамі (Фларэнцыя, сесія 6), армянамі (сесія 8), коптамі (сесія 11). Пасяджэнні сабора працягваліся ў Рыме ў 1443 - 1445 гг. [10, s. 274].

Для нашай тэмы важным з'яўляецца той факт, што ад пачатку дзейнасці сабору яго ўдзельнікі падзяліліся на прыхільнікаў і праціўнікаў рэформаў і ідэй канцыльярызму (перавага ўлады сабора над уладай папы). Калі папа Яўген ІV перанёс пасяджэнні ў Ферару (у 1437 г.), частка ўдзельнікаў (у тым ліку дэлегацыя з Польшчы) засталася ў Базэлі (да 1443 г., сесіі 26 - 45). Гэта быў так званы «анты-сабор». Яго ўдзельнікі знялі з пасады Яўгена ІV і выбралі антыпапу Фелікса V, з рук якога Збігнеў Алясніцкі (самы ўплывовы палітык сярэдзіны ХV ст. у Польшчы) атрымаў кардынальскі капялюш у 1440 г. [10, s. 274]. Вядома, усё, што адбывалася ў Фларэнцыі, імі ўспрымалася негатыўна. У далейшых пастановах Фларэнцкай уніі з грэкамі былі закранутыя і ўзгодненыя найважнейшыя спрэчныя справы: паходжанне Духа Святога і слыннага Filioque (прызнана раўнавага фармулёўкі «праз Сына», таксама як «і Сына»); першынства папы (яго прызналі побач з непарушнасцю прывілеяў астатніх чатырох патрыярхатаў); чысцец і кансэкрацыя квашанага і неквашанага хлеба [10, s.274, 333 - 344].

На жаль, унійныя дакументы ніколі не былі прынятыя ўсходнімі цэрквамі і застаюцца толькі сведчаннем імкнення каталіцкага касцёла да адзінства ўсіх хрысціян. Большасць праваслаўных вернікаў не пагадзіліся з пастановамі сабору, палова праваслаўных біскупаў, якія іх падпісалі таксама выракліся яе. Кіеўскі мітрапаліт Ісідар (? - 1462 гг.), гарачы прыхільнік уніі, вымушаны быў пакінуць сваю мітраполію. У 1443 г. супраць Фларэнцкай уніі выказаўся сінод у Ерусаліме, дзе бралі ўдзел таксама патрыярхі Александрыі і Антыохіі [13, s. 54]. У 1450 г. сінод, які быў скліканы ў храме Агія Сафія ў Канстанцінопалі, выракся уніі і скінуў патрыярха Грыгора ІІІ. У 1452 г. папа Мікалай V паслаў мітрапаліта Ісідара ў Канстанцінопаль. Напярэдадні турэцкай інвазіі, 12 снежня 1452 г., унія была ўрачыста падпісана ў прысутнасці імператара. Так спрабавалі атрымаць вайсковую дапамогу з Захаду, але ніякіх канкрэтных вынікаў гэта не мела. Праціўнікі ўніі заявілі, што лепей стануць туркамі, чым лаціннікамі.

Аднак Ферарска-Фларэнцкі сабор не застаўся безвыніковым. Ён паклаў пачатак рэгіянальнаму ўнійнаму руху, які меў працяг у наступныя стагоддзі [13, s. 54]. Ісідар, які падпісаў акт Фларэнцкай уніі і атрымаў ад папы Яўгена ІV званне кардынала і быў прызначаны апостальскім легатам у «паўночных краінах», у час наведвання Кіева атрымаў ліст ад кіеўскага князя Аляксандра Уладзіміравіча (Алелькі) з прызнаннем недатыкальнасці мітрапаліцкіх уладанняў і судовых прэрагатыў, што сведчыла аб яго афіцыйным прызнанні як мітрапаліта [2, c. 679]. Пераемнік Ісідара на кіеўскай мітраполіі Грыгорый ІІ (Балгарын) быў лаяльна настроены адносна ўніі. У 1460 г. сейм у Берасці афіцыйна прызнаў яго законным мітрапалітам. У сваёй дзейнасці ён падтрымліваў кантакты як з Рымам, так і з Канстанцінопалем. Пасля яго смерці кіеўскім мітрапалітам стаў смаленскі біскуп Місаіл (Пструцкі, Пструх). З імем Місаіла звязаны два пасланні да папы рымскага Сікста ІV. Як лічаць даследчыкі, абодва яны не дайшлі да пантыфіка, але ўяўляюць сабой значныя рэлігійна-палітычныя творы. Першы ліст, магчыма, быў перададзены папскаму легату Антонію Бонумбра, калі ён вяртаўся з Масквы вясной 1473 г. [9, s. 66], другі з'явіўся ў 1476 г. У дадзеным артыкуле не закранаецца пытанне аб аўтэнтычнасці апошняга паслання. Большасць даследчыкаў (Георгі Галенчанка [1, c. 79 - 107], Генрых Люлевіч [21, s. 97 - 115], Барыс Гудзяк [3, c. 58 - 103] і інш.) прызнаюць яго праўдзівасць, таму не спыняю сваёй увагі на доказе яго аўтэнтычнасці.

Пад лістом да папы Сікста ІV ад 14 сакавіка 1476 г. паставілі свае подпісы 16 вядомых асобаў, належачых да палітычнай эліты Вялікага Княства Літоўскага. Іх ідэнтыфікацыяй заняўся Генрык Люлевіч. Гэта былі: 1) сам біскуп смаленскі Місаіл, выбраны элект на кіеўскую мітраполію; 2) архімандрыт кіева-пячэрскага манастыра Іаан; 3) Макарый, архімандрыт віленскага Троіцкага манастыра; 4) князь Міхаіл Алелькавіч (Аляксандравіч), род якога паходзіў ад кіеўскага князя Ўладзіміра Альгердавіча, роднага брата Ягайлы; 5) князь Фёдар Іванавіч Бельскі (з Белай пад Смаленскам); 6) князь Дзмітрый Канстанцінавіч Вяземскі; 7) Ян (Івашка) Хадкевіч, намеснік віцебскі, маршалак гаспадарскі; 8) яго брат Павел (Пацка Хадкевіч), намеснік Камянца Літоўскага; 9) Яўстах Васілевіч з Полацка, пачынальнік роду Корсакаў; 10) пан Раман з Кіева (прадстаўнік роду Ваўчковічаў), староста пуціўльскі; 11) яго брат пан Ян з Кіева (Івашка Ваўчковіч); 12) вучоны ў законе божым пан Якуб, пісар Казіміра Ягелончыка, віленскі ключнік; 13) пан Міхал Александравіч з Загорава, шляхціч валынскай зямлі; 14) Ян (Іван) Аляксандравіч з Пачапова каля Наваградка, падскарбі гаспадарскі; 15) яго брат Андрэй з Папорці (Троцкае ваяводства); 16) пан Солтан (Аляксандр) Аляксандравіч, слаўны рыцар божагробскі і гішпанскага Залатога руна, падскарбі вялікі надворны караля Казіміра [21, s. 103 - 113].

Як бачым, названыя асобы прадстаўлялі розныя рэгіёны ВКЛ. Генрык Люлевіч ідэнтыфікаваў кожнага з іх, а таксама іх сямейныя сувязі, указаў месца ў тагачаснай эліце ВКЛ. Сярод названых - 3 духоўныя асобы, 3 князі і 10 розных паноў рускіх земляў (Полацка, Віцебска, Смаленска, Кіева, Валыні) і ўласна Літвы (Віленскага і Троцкага ваяводстваў) [21, s. 102 - 103]. Усе яны прадстаўлялі даволі рэпрэзэнтатыўнае і ўплывовае кола праваслаўнай эліты ВКЛ. За кожным стаяў даволі значны натоўп прыхільнікаў, сваякоў і г.д., якія падзялялі іх погляды. Напрыклад, за самім Місаілам, які валодаў вотчынай у Чарэі, відавочна, стаялі Сапегі [21, s. 103].

Іван Сапега (каля 1450 - 1517 гг.), гаспадарскі сакратар і канцлер князёўны Алены (жонкі Aляксандрa Ягелончыка), ваявода віцебскі і падляшскі, двух сваіх сыноў, Пятра i Паўла, аддаў вучыцца ў Кракаўскую Акадэмію [24, s. 75 - 76], якая абслугоўвала ў асноўным інтарэсы каталіцкай шляхты і кліру. Разам з Эразмам Цёлакам ён ездзіў у Рым у справе ўніі і прызнання мітрапаліта Іосіфа Солтана (? - 1521 гг.) рымскай курыяй. Папа Аляксандр VІ (Борджыя) ў красавіку і маі 1501 г. пісаў да віленскага біскупа Войцаха Табара і вялікага князя літоўскага ў справе мітрапаліта Іосіфа, аб грэчаскім абрадзе і пытаўся парады наконт аб'яднання каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы [27, s. 484, 486; 8, s. 71]. Тады ж папа рымскі сваёй булай ад 23 жніўня 1501 г. выказаўся ў духу Фларэнцкага сабору супраць рэбаптызацыі (перахрышчвання праваслаўных), як яму рэкамендавалі Іван Сапега, Эразм Цёлак і бернардыны з Літоўскай правінцыі [9, s. 82 - 83]. Гісторык ордэна бернардынаў Ян з Камарова пісаў: «Паміж прэлатамі і дактарамі, з аднаго боку, і нашымі братамі, з другога, дайшло да разважанняў аб рэбаптызацыі грэкаў, абрад якіх захоўваюць русіны, і аб дапушчэнні іх да святых абрадаў у нашых лацінскіх касцёлах. Свецкія прэлаты і дактары сцвярджалі, што грэкі пры пераходзе на наш абрад павінны быць нанова хрышчаныя (rebaptisari) і толькі тады могуць прыступаць да сакрамэнтаў у нашых касцёлах, у тай час калі нашыя браты, а перад усім міністр правінцыі айцец Ян (Vitreatoris) прытрымліваліся супрацьлеглай думкі, што менавіта рэбаптызацыя тут непатрэбная, але дастаткова прызнаць адзіную галаву касцёла, г.зн. папу рымскага і абяцаць быць яму паслухмяным; хто гэтак зрабіў, таму можна без усялякай рэбаптызацыі, да якой не ёсць абавязаны, прыступаць да сакрамэнтаў у нашых касцёлах і такі за сапраўднага католіка павінен уважацца» [24, s. 71 - 72]. Ідэі, выказаныя Янам з Камарова (каля 1470 - 1536 гг.), правінцыялам польскіх бернардынаў і гвардыянам віленскага кляштару [25, s. 457], безумоўна, адбіліся на лёсе Францішка Скарыны, які, як лічыцца, мог наведваць бернардынскую школу ў Полацку, а потым у Вільні, і быў непасрэдна знаёмы з тагачаснымі экуменічнымі поглядамі. Скарына, у жыцці і творчасці якога даследчыкі знаходзяць і каталіцкія, і пратэстанцкія матывы, не мусіў змяняць веры сваіх бацькоў, каб вучыцца ў каталіцкай Кракаўскай акадэміі, або сустракацца з дзеячамі Рэфармацыі.

Івану Сапегу папа рымскі дазволіў збудаваць храм, у якім адбываліся б службы паводле грэчаскага і рымскага абраду [24, s. 77; 18, s. 341; 14, s. 101 - 103]. Сапегам у гэты перыяд належалі шматлікія латыфундыі ў розных канцах ВКЛ. Такі храм мог быць пабудаваны як у Іказні, так і ў Кодэні (на той час галоўнай рэзідэнцыі Сапегаў чарэйскай лініі), Сапежышках, ці іншай мясцовасці. Гатычныя храмы ў Кодэні і Сапежышках вельмі падобныя адзін да аднаго [4, c. 125 - 126; 5, c. 550 - 551], а таксама да інкастэляванай святыні ў Сынкавічах, пра пачатак існавання якой, на жаль, няма дакладных звестак. Больш таго, абарончыя цэрквы ў Мураванцы і Супраслі тыпалагічна падобныя да іх. Усе гэтыя храмы, узведзеныя прыблізна ў адзін перыяд, з'яўляюцца, на наш погляд, вынікам распаўсюджання ідэй Фларэнцкай уніі сярод уплывовай праваслаўнай эліты Вялікага княства Літоўскага. Так, прынамсі, можна сцвярджаць пра манастыр у Супраслі, заснаваны маршалкам ВКЛ Аляксандрам Хадкевічам (разам з Іосіфам Булгарыновічам) [22, s. 8 - 13; 23, s. 110 - 111]. Сярод падпісантаў эпістолы да Сікста ІV узгадваюцца прадстаўнікі роду Хадкевічаў (Івашка і Пацка Хадкевічы), вельмі шматлікага і разгалінаванага ў ВКЛ [17, s. 34 - 56]. Таму, відаць, Аляксандр Хадкевіч і заснаваў у сваіх уладаннях у Супраслі ўнійны манастыр [18, s. 212].

Дарэчы, усе вышэйназваныя падпісанты ліста да Сікста ІV былі цесна звязаны паміж сабой: Бельскія - блізкія сваякі Алелькавічаў (Міхаіл Алелькавіч і Фёдар Бельскі былі дваюроднымі братамі, іх бацькі - Алелька Уладзіміравіч і Іван Уладзіміравіч Бельскі былі роднымі братамі) [18, s. 47]. Другі сыгнітар - пячэрскі архімандрыт Ян - меў добрыя адносіны з кіеўскім князем Сямёнам Аляксандравічам (Алелькавічам) [18, s. 105]. Зрэшты, сам прадстаўнік роду Міхаіл Алелькавіч, які выводзіў свой род ад князя кіеўскага Уладзіміра Альгердавіча, быў рэпрэзентантам значнага кола сваіх прыхільнікаў, якія выступілі супраць вялікага князя Казіміра, за што быў пакараны смерцю летам 1481 г. [18, s. 106]. Князь Фёдар Іванавіч Бельскі па маці Васілісе (старэйшай сястры каралевы Зоф'і) быў звязаны з князямі Гальшанскімі. Так пашыраецца кола прыхільнікаў царкоўнай уніі на чарговыя літоўскія роды.

Апошнія чатыры подпісы належаць сынам Аляксандра Юр'евіча, падскарбія Казіміра Ягелончыка - Міхаілу, Івану, Андрэю і Аляксандру. Быў, дарэчы, і пяты сын - Юры Аляксандравіч, заснавальнік роду Багушэвічаў. Аляксандр (Солтан) быў надзвычай яскравай постаццю нашай гісторыі. Падобна Аляксандру Хадкевічу, ён заснаваў адзін з найбольш вядомых праваслаўных манастыроў у Вялікім Княстве Літоўскім - Жыровіцкі. Яго жыццё магло б стаць сюжэтам не аднаго прыгодніцкага раману. Ён наведаў рэкордную колькасць краін, здабываючы славу на еўрапейскіх дварах. 20 красавіка 1467 г. у Гродне ён атрымаў ад Казіміра Ягелончыка рэкамендацыйны ліст (нешта накшталт пашпарту) да еўрапейскіх манархаў, з якім і вырушыў у доўгатэрміновае падарожжа, якое працягвалася некалькі год [7, s. 98 - 99]. У снежні гэтага году ён быў пры двары імператара Фрыдэрыка ІІІ. Засведчыў там, што едзе наведаць іншыя краіны і вучыцца рыцарскаму рамяству. Ад папы Паўла ІІ атрымаў спецыяльны ліст з блаславеннем. Крыху раней, 5 сакавіка таго ж году, Солтан атрымаў рэкамендацыю ад караля Сіцыліі Фердынанда Арагонскага, які таксама насіў тытул ерусалімскага караля. Да снежня 1468 г. яго сляды губляюцца, бо, напэўна, знаходзіўся ў Палестыне. У снежні быў на двары князя Мілана Галецца Марыі Сфорцы, які ў спецыяльным дакуменце рэкамендаваў яго іншым пануючым асобам. У сакавіку наступнага году, пасля наведвання Кастыліі, Солтан выехаў да Партугаліі, аб чым сведчыў ліст караля Альфонса ад 17 сакавіка 1469 г. Пад канец мая Аляксандр Солтан спаткаўся з герцагам Бургундыі Карлам Смелым ў Картрэй (Courtrai), дзе быў добра прыняты і прызначаны шамбэлянам, а таксама атрымаў Ордэн Залатога Руна (што хутчэй за ўсё, як лічыць Г.Люлевіч, з'яўляецца сямейнай легендай [21, s. 113]). Ад герцага Карла, у сваю чаргу, атрымаў рэкамендацыйны ліст да караля Эдварда IV, які адарыў Солтана залатым ланцугом і нейкім ордэнам. Так багата адораны, наш суайчыннік вярнуўся дадому кавалерам Божага Гробу, шамбэлянам герцага Бургундыі, магчыма, кавалерам Залатога Руна, з залатым ланцугом ад караля Англіі Эдварда IV. Пазней ён стаў надворным падскарбіем літоўскім і адбыў у праславутае пасольства праваслаўнага духавенства да папы рымскага Сікста ІV [28, s. 65 - 80; 6, s. 17 - 18; 7, s. 98 - 99].

Як можна меркаваць, распаўсюджванне каталіцкіх ідэй на праваслаўных землях было важна для цэнтралізацыі дзяржавы і фармавання адзінага палітычнага народу. Але ўсё было далёка не так проста. Ідэя царкоўнай уніі сустрэла супраціў не толькі з боку праваслаўных ерархаў, але і каталіцкіх [29, s. 225]. Як было сказана вышэй, галоўнай прычынай непрыхільнага стаўлення да уніі ў каталіцкім лагеры быў разлад паміж прыхільнікамі «анты-сабору» ў Базэлі і сабору ў Фларэнцыі [9, s. 52]. Напрыклад, віленскі біскуп Мацей, прыхільнік Базэльскага сабору, адзначыў, што не прызнае Фларэнцкага сабору, папу Яўгена V і яго легата Ісідара. Значна пазней, у 1501 г., віленскі біскуп Войцах Табар таксама выказваўся супраць пастаноў Фларэнцкай уніі і спрыяў выданню антыўнійнага твору Яна з Асвенцыма (Сакрануса) Elucidarius errorum ritus Ruthenici [24, s. 75 - 76].

Цікавасць да ідэй уніі адзначаецца падчас Фларэнцкага сабору і адразу пасля яго, чаму садзейнічалі мітрапаліты Ісідар, Грыгор Балгарын (? - 1472 гг.), Місаіл. Да ідэі царкоўнай уніі эліты зноў звярнуліся пасля 1495 г., што было звязана з ўнутры- і знешнепалітычнымі падзеямі, у першую чаргу, адносінамі з Вялікім княствам Маскоўскім. Аб яе распаўсюджванні даведваемся з ліста Фёдара Шастака да Івана ІІІ (1499 г.) [30, с. 370]. Шастак абвінавачваў мітрапаліта Іосіфа Бaлгарыновіча (? - 1501 гг.) і Івана Сапегу ў пераследах праваслаўных у ВКЛ. Рэлігійны момант паслужыў таксама прычынай вайны 1500 - 1503 гг. паміж Масковіяй і Літвой [31, с. 251 - 2

52]. Праваслаўным па-ранейшаму было цяжка дасягнуць вышэйшых пасадаў у дзяржаве. У 1522 г. не без скандалу праваслаўны князь Канстанцін Астрожскі стаў троцкім кашталянам. Жыгімонт Стары абяцаў, што не будзе даваць праваслаўным вышэйшых пасадаў [15, s. 8]. Аднак, вядома, што гэта правіла парушалася на кожным кроку. І нават такі гарлівы праваслаўны, як К.Астрожскі па просьбе смяротна хворага мітрапаліта Іосіфа Солтана (прыхільніка Фларэнцкай уніі) стаў апекуном царкоўнай маёмасці, якая належала Кіеўскай мітраполіі [16, s. 46 - 47]. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што сярод мітрапалітаў кіеўскіх другой паловы ХV - пачатку ХVІ ст. большасць прыхільна ставілася да ідэй уніі і гарліва бараніла яе.

Аднак да сярэдзіны ХVІ ст. мы назіраем згасанне цікавасці да ідэй Фларэнцкай уніі. Але гэта не было, як часам прадстаўляюць, перамогай традыцыйнага праваслаўя. Справа была ў з'яўленні новай рэлігійна-палітычнай опцыі - рэфармацыйнай. Праз яе прайшлі амаль усе самыя значныя прадстаўнікі праваслаўнай эліты, каб потым ужо не вярнуцца ў праваслаўе, а перайсці ў каталіцкі лагер.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Галенчанка, Г.Я. Пасланне да папы рымскага Сікста ІV 1476г. Паходжанне помніка / Г.Я.Галенчанка // Наш радавод. - Кн.8. - Гродна-Беласток, 1999 (2000).

2. Галенчанка, Г. Ісідор // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1: Абаленскі-Кадэнцыя. - Выд. 2-е. - Мінск: БелЭн, 2007.

3. Гудзяк, Б. Криза і реформа. Киівська митрополія, Царгородський патріархат і генеза Берестейськоі уніі / Б.Гудзяк. - Львів, 2000.

4. Кушнярэвіч, А. Коданская Святадухаўская царква / А.Кушнярэвіч // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус-Яцкевіч. - Мінск: БелЭн, 2006.

5. Кушнярэвіч, А. Сапежышкаўскі касцёл / А.Кушнярэвіч // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус-Яцкевіч. - Мінск: БелЭн, 2006.

6. Byliński, J. Fakty i mity w dziejach unii kościelnej XV - XVII w. / J.Byliński // Kultura polityczna w Polsce - mity i fakty. - Poznań, 1999.

7. Byliński, J. Zagraniczne studia Polaków w epoce staropolskiej / J.Byliński // Jezuicka Ars historica. Prace ofiarowane Księdzu Profesorowi Ludwikowi Grzebieniowi SJ. - Kraków, 2001.

8. Chodynicki, K. Przyczynek do dziejów unji kościelnej na Litwie w w.XV / K.Chodynicki // Sprawozdania Poznańskiego Towarzystwa Przyjaciół Nauk. - R.1932. - Nr. 1 - 2.

9. Chodynicki, K. Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska. Zarys historyczny 1370 - 1632 / K.Chodynicki - Warszawa, 1934.

10. Dokumenty Soborów Powszechnych. Tekst łaciński, grecki, arabski, ormiański, polski. T.III (1414 - 1445). Konstancja. Bazylea-Ferrara-Florencja-Rzym. Układ i opracowanie ks.A.Baron, ks.H.Pietras SJ. - Kraków: Wydawnictwo WAM, 2003.

11. Fijałek, J. Los unji florenckiej w Wielkim Księstwie Litewskim za Kazimierza Jagiellończyka / J.Fijałek // Sprawozdania z czynności i posiedzeń Polskiej Akademii Umiętności. - T. XXXIX. - Kraków, 1934.

12. Halecki, O. Dzieje unji jagiellońskiej / O.Halecki. - T. I. - Kraków, 1918;

13. Hryniewicz, W. Prekursor unijnych dażeń Rusinów. Memoriał unijny metropolity Mizaela (1476) / W.Hrynieiwcz // Unia brzeska geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodów słowiańskich. Praca zbiorowa pod red.R.Łużnego, F.Ziejki i A.Kępińskiego. - Kraków, 1994.

14. Jarmolik, W. Dyplomatyczne misje do Moskwy Iwana Sapiehy / W.Jarmolik // Białostocczyzna. - Nr 4/93.

15. Kempa, T. Działalnośc hetmana Konstantego Iwanowicza Ostrogskiego na polu prawosławia / T.Kempa // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - T. 12. - Białystok, 1999.

16. Kempa, T. Dzieje rodu Ostrogskich / T.Kempa - Toruń, 2002. - S. 46 - 47.

17. Kirkiene, G. Korzenie rodu Chodkiewiczów / G.Kirkiene // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - T. 17. - Białystok, 2002.

18. Kirkiene, G. LDK politicos elito galingieji: Chodkeviciai XV - XVI amziuje / G.Kirkiene - Vilnius, 2008.

19. Krahel, T. Dokumenty Lwa Sapiehy dla kościołów w Ikazni i Nowym Pohoście / T.Krahel // Studia Teologiczne. - Białystok-Drohiczyn-Łomża. - 1993. - Nr 11.

20. Lewicki, A. Unja florencka w Polsce / A.Lewicki // Rozprawy Akademii Umiejętności. - T. 38. - Kraków, 1899.

21. Lulewicz, H. Problem identyfikacji postaci na Rusi litewskiej w drugiej połowie XV wieku / H.Luliewicz // Swiat pogranicza. - Warszawa, 2003.

22. Maroszek, J. Dziedzictwo unii kościelnej w krajobrazie kulturowym Podlasia / J.Maroszek. - Białystok, 1996.

23. Maroszek, J. Pogranicze Litwy i Korony w planach króla Zygmunta Augusta. Z historii dziejów realizacji myśli monarszej między Niemnem a Narwia /J.Maroszek. - Białystok, 2000.

24. Morawski, K. Historya Uniwersytetu Jagiellońskiego. - T. 2: Srednie wieki i Odrodzenie / K.Morawski. - Kraków, 1900.

25. Polski słownik biograficzny. - T. X/1. - Z. 44. - 1962.

26. Prochaska, A. Nieznane dokumenty do unji Florenckiej w Polsce / A.Prochaska // Ateneum Wileńskie. - Nr.1. - Z.1. - 1923.

27. Pelesz, J. Geschichte der union der ruthenischen Kirche mit Rom / J.Pelesz. - Wurzburg-Wien,1878 - 1881. - T.1 - 2.

28. Przegląd Poznański. - Poznań, 1862. - № 33.

29. Trimoniene, R. Polityka jagiellońska a kształtowanie się litewskiego narodu politycznego w końcu XV - I połowie XVI wieku / R.Trimoniene // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - T. 19. - Białystok, 2003.

30. Сагановіч, Г. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500 - 1503 // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1: Абаленскі-Кадэнцыя. - Выд. 2-е. - Мінск: БелЭн, 2007.

31. Летописный сборник, именуемый Патриаршей или Никоновской летописью / С прил. Извлечений из монографии Б.М.Клосса «Никоновский свод и русские летописи ХVI - ХVII веков» (Полное собрание русских летописей. Том ХII). - М.: Языки русской культуры, 2000. - 272 с.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Семянчук А.А.

Рубрыка: