Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара ad nutum Sanctae Sedis для грэка-каталікоў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2008 года

 

Вялебныя Айцы святаслужыцелі!

Дарагія манахі, манахіні і браты семінарысты!

Любыя ў Госпадзе браты і сёстры! Паважаныя сябры!

Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысце,

і святое Ўваскрасенне Тваё

ў песнях славім.

Ютрань Уваскрасення Гасподняга

1. Да святога і светлага Ўваскрасення Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста святая Царква — паводле старажытнай традыцыі — вядзе вернікаў шляхам велікапоснага подзвігу, ачышчэння сэрца, малітвы, міласэрнасці і духоўнай салідарнасці. Сапраўды, каб радасна славіць Уваскрасенне Гасподняе, неабходна найперш шчыра пакланіцца святому Крыжу Гасподняму.

На шляху велікапоснай духовай мабілізацыі, у духу хрысціянскай міласэрнасці, многія вернікі нашае Царквы — паводле словаў старажытнай Анафары святога Базыля Вялікага — маліліся:

«Госпадзе, будзь апекуном дзетак, настаўнікам моладзі, падтрымкай старых [...]. Барані ўдоваў, за сірот заступайся, вызвалі палонных, аздараві хворых. Будзь памятлівы, Божа, тых, што пад судом, у вязніцах, на катаржных работах і ўсіх тых, якія маюць патрэбу ў Тваёй вялікай Міласэрнасці».

Гэты подзвіг посту, малітвы, міласэрнасці і духоўнай салідарнасці прыносім пакорліва Уваскросламу Госпаду і з радасцю славім Ягоную Пасхальную перамогу — перамогу Крыжа і Уваскрасення.

2. Калі ўвечары Нядзелі Уваскрасення Ісус Хрыстос прыйшоў да сваіх напалоханых вучняў, Ён прынёс ім дар міру і моц сваёй Пасхальнай перамогі — моц Духа Святога (пар. Ян 20, 19–23). Таксама пасля васьмі дзён, Ісус ізноў прыйшоў да сваіх вучняў, сярод якіх быў і Тамаш, і прывітаў іх словамі: «Мір вам!» А апосталу Тамашу дазволіў дакрануцца «дапытліваю рукою» да Свайго прабітага і жыццядайнага боку, каб ён паверыў і стаў сведкам таго, што Ісус сапраўды жывы.

Радасць і моц Перамогі Уваскрасення жыве ў святой Царкве і перадаецца вернікам — «кожнаму паводле патрэбы» — у Святых Дарах Еўхарыстыі «Ласкаю, Міласэрнасцю і Чалавекалюбствам» таго ж Уваскрослага Хрыста.

У візантыйскай літургічнай традыцыі нашае Царквы знаходзім шмат тэкстаў, якія паказваюць нам Міласэрнага Хрыста Чалавекалюбца. У апошнія дзесяцігоддзі евангельская праўда аб Божай Міласэрнасці атрымала больш глыбокае разуменне ў кантэксце зяўленняў Ісуса Міласэрнага святой манахіні Фаустыне (Кавальскай) у блізкім нашым сэрцам горадзе Вільні. Сам Ісус Хрыстос загадаў ёй напісаць абраз і змясціць на ім словы малітвы: «Ісус, давяраю Табе!»

Хрысціянам Беларусі варта ведаць, што першы абраз Ісуса Міласэрнага быў напісаны ў Вільні ў 1934 г. па блаславенні духоўніка манахіні Фаўстыны — а. Міхала Сапоцькі. Ён сам нарадзіўся на Беларусі, у Навасадах каля Ашмянаў у 1888 г., і ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя быў настаяцелем касцёла св. Міхала ў Вільні. Памёр а. Міхал у Беластоку ў 1975 г., дзе і пахаваны. (Кананічны працэс яго беатыфікацыі завершаны і ён будзе праслаўлены ў верасні гэтага года).

Слуга Божы а. Міхал Сапоцька загадаў іканапісцу Яўгену Казіміроўскаму напісаць святую ікону. Сама сястра Фаустына прыходзіла ў майстэрню, каб распавесці пра дэталі выгляду абраза. 4 красавіка 1937 г. а. Сапоцька змясціў абраз у касцёле св. Міхала ў Вільні. У 1948 г., калі камуністычныя ўлады зачынілі касцёл св. Міхала , а. Юзаф Грасевіч, сябра а. Міхала Сапоцькі, забраў яго на Беларусь і змясціў у парафіяльным касцёле ў Новай Рудзе каля Гродна, дзе вернікі маліліся перад ім у цяжкія часы пераследу.

Вось так святы абраз правёў на Беларусі амаль сорак гадоў. Пасля яго перавезлі ў Вільню і дзякуючы руплівасці віленскіх душпастыраў Аляксандра Кашкевіча і Тадэвуша Кандрусевіча змясцілі ў касцёле Святога Духа. Такім чынам Беларусь і адважныя беларускія святары захавалі святую ікону для духоўнага дабра вернікаў.

Пасля доўгіх шматгадовых даследванняў Святы Айцец Ян Павел ІІ надаў нядзелі пасля Пасхі (Нядзелі Тамаша) імя Нядзелі Божае Міласэрнасці і блаславіў сусветнае шанаванне іконы Хрыста Міласэрнага. У Цэрквах візантыйскай традыцыі гэтая ікона ўшаноўваецца як ікона Хрыста Чалавекалюбцы.

З блаславення Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI 2 красавіка гэтага года, у 3-я ўгодкі блаславёнага спачыну Слугі Божага Яна Паўла ІІ, у Рыме пачнецца Сусветны Кангрэс, прысвечаны пашырэнню культу Божай Міласэрнасці. У ім будуць удзельнічаць некаторыя беларускія каталіцкія іерархі і вернікі. Усіх святароў і вернікаў БГКЦ запрашаем, каб сваёй малітвай суправаджалі гэтую сусветную духоўную падзею, так блізка звязаную з беларускай зямлёй і гісторыяй.

3. У духоўным жыцці Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы асаблівае значэнне мае храм Хрыста Чалавекалюбцы у Маладзечне, дзе ўшаноўваем ікону Хрыста Міласэрнага і дзе штогод у Нядзелю Тамаша асабліва молімся за нашую Бацькаўшчыну Беларусь.

У 2008 годзе свята Хрыста Чалавекалюбцы прыпадае ў нядзелю пасля 25 сакавіка — свята Дабравешчання, якое адкрыла шлях Божай «Эканоміі» Міласэрнасці. Гэта тым больш каштоўная нагода для малітвы за Беларусь.

Дарагія Браты і Сёстры!

У духу ўдзячнасці Хрысту Чалавекалюбцу за Ягоную «Эканомію» Міласэрнасці хачу прывітаць са святам Пасхі Хрыстовай усіх, хто яе святкуе паводле новага каляндара: грэка-каталікоў, братоў рыма-каталікоў, братоў пратэстантаў.

Братам праваслаўным, якія будуць святкаваць Пасху паводле юліянскага каляндара, жадаем добрага велікапоснага духоўнага подзвігу.

Няхай Хрыстос Чалавекалюбец дасць усім нам гатоўнасць і моц супольна сведчыць, што Ён нясе ўсім жыхарам Беларусі багацце сваёй Міласэрнасці.

Усім святарам, манахам, манахіням, семінарыстам,

усім вернікам нашае Царквы ў Беларусі і па-за яе межамі,

а таксама ўсім нашым сябрам

жадаем багатых дароў міру, радасці і надзеі

ад Уваскрослага Хрыста Чалавекалюбцы.

Усіх вас віншуем і вітаем святочным вітаннем:

Хрыстос уваскрос — сапраўды ўваскрос!

Мінск, Пасха Гасподняя 2008 года.

Кс. Архімандрыт Сяргей Гаек МІС

Апостальскі Візітатар

для грэка-каталікоў Беларусі

Рубрыка: