20 Паводле Іаана
17.12.20101 А ў першы дзень тыдня Марыя Магдалiна прыходзiць рана, калі было яшчэ цёмна, да магiлы i бачыць, што камень адвалены ад магiлы;
2 тады бяжыць яна i прыходзiць да Сімана Пятра i да другога вучня, якога любiў Іісус, i кажа iм: узялi Госпада з магiлы, i не ведаем, дзе паклалi Яго.
3 Выйшаў тады Пётр i другi вучань, i пайшлi да магiлы;
4 яны беглi абодва разам, але другi вучань бег хутчэй за Пятра i прыйшоў першым да магiлы,
5 i, нахiлiўшыся, бачыць, што ляжаць палотны; аднак не ўвайшоў.
6 Прыходзiць тады Сіман Пётр услед за iм i ўваходзiць у магiлу, і бачыць, што ляжаць палотны
7 i што хуста, якая была на галаве Яго, не з палотнамі ляжыць, а асобна скручаная на іншым месцы.
8 Тады ўвайшоў i другi вучань, што першым прыйшоў да магiлы, i ўбачыў ён, i ўвераваў;
9 бо яны яшчэ не ведалi з Пiсання, што належыць Яму з мёртвых уваскрэснуць.
10 Тады пайшлi вучнi зноў да сябе.
11 Марыя ж стаяла звонку каля магiлы, плачучы; i калі плакала, яна нахілілася да магiлы
12 і бачыць двух Ангелаў у белым адзеннi, якія сядзяць адзiн у галавах, другi ў нагах, дзе ляжала было Цела Іісусава.
13 I яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Яна кажа ім: узялi Госпада майго, i не ведаю, дзе палажылi Яго.
14 Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад i ўбачыла, што стаiць Іісус, але не пазнала, што гэта Іісус.
15 Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнiк, кажа Яму: гаспадар! калi ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, i я вазьму Яго.
16 Кажа ёй Іісус: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! (што значыць: Вучыцель!).
17 Кажа ёй Іісус: не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца Майго, але ідзi да братоў Маiх i скажы iм: узыходжу да Айца Майго i Айца вашага, i Бога Майго i Бога вашага.
18 Прыходзіць Марыя Магдалiна і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада i што Ён гэта сказаў ёй.
19 I ўвечары таго ж першага дня тыдня, калi дзверы там, дзе сабраліся вучнi, былi замкнёныя з-за страху перад Іудзеямі, прыйшоў Іісус i стаў пасярэдзiне, i кажа iм: мiр вам!
20 I, сказаўшы гэта, паказаў iм рукi і бок Свой. І ўзрадавалiся вучнi, убачыўшы Госпада.
21 Іісус жа зноў сказаў iм: мiр вам! як паслаў Мяне Айцец, так i Я пасылаю вас.
22 Сказаўшы гэта, дзьмухнуў i кажа iм: прымiце Духа Святога;
23 каму адпусцiце грахi, таму будуць адпушчаны; на кiм пакiнеце, на тым застануцца.
24 А Фама, адзiн з дванаццаці, называны Блiзнюк, не быў з iмi, калi прыходзiў Іісус;
25 казалi яму іншыя вучнi: мы бачылi Госпада. Але ён сказаў iм: калi не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў i не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, i не ўкладу рукi маёй у бок Яго, не паверу.
26 I праз восем дзён зноў былі ў доме вучнi Яго i Фама з iмi. Прыходзіць Іісус, калі дзверы былі замкнёныя; стаў пасярэдзiне i сказаў: мiр вам!
27 Потым кажа Фаме: дай палец твой сюды i паглядзi на рукi Мае; і дай руку тваю i ўкладзі ў бок Мой; i не будзь няверуючым, а будзь веруючым.
28 У адказ Фама сказаў Яму: Гасподзь мой i Бог мой!
29 Кажа яму Іісус: ты ўвераваў, таму што ўбачыў Мяне; блажэнныя тыя, якія не бачылі і ўверавалі.
30 Многа яшчэ зрабiў Іісус перад вучнямi Сваiмi і іншых цудаў, пра якiя не напiсана ў кнiзе гэтай;
31 а гэта напiсана, каб вы ўверавалі, што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, i каб, веруючы, жыццё мелi ў iмя Яго.