У Варшаве адбылася беатыфікацыя капелана “Салідарнасці”

6 чэрвеня ў Варшаве адбылася ўрачыстая цырымонія беатыфікацыі ксяндза Ежы Папялушкі - капелана “Салідарнасці”, які быў закатаваны камуністычнымі спецслужбамі ў кастрычніку 1984 года.

На Імшу, якая праходзіла на плошчы Пілсудскага ў польскай сталіцы, сабралася больш за дзвесце пяцьдзесят тысячаў чалавек. Пасля заканчэння набажэнства вернікі рушылі працэсіяй да касцёла Божага Провіду, несучы з сабой абраз і рэліквіі кс. Папялушкі. “Няхай яго прыклад і заступніцтва ўздымае стараннасць святароў і распальвае любоў вернікаў”, - такія словы з нагоды ўшанавання ксяндза і нацыянальнага героя прамовіў Папа Бенедыкт XVI.

Нарадзіўся Ежы Папялушка 14 верасня 1947 года ў вёсцы Акопы на Беласточчыне. Яго бацькі былі простымі сялянамі. У сям’і шанавалася памяць дзядзькі, які змагаўся ў шэрагах Арміі Краёвай ды загінуў ад рук камуністаў. З маленства Ежы адзначаўся глыбокай рэлігійнасцю. Школьнае кіраўніцтва неаднойчы рабіла з гэтай нагоды заўвагі ягоным бацькам.

У 1965 годзе Ежы Папялушка паступіў у Мітрапалітальную духоўную семінарыю ў Варшаве. У 1972 годзе стаў ксяндзом. За часамі святарскага служэння ў кс. Папялушкі склаліся добрыя стасункі з удзельнікамі антыкамуністычнага руху, у прыватнасці, з актывістамі “Салідарнасці”.

Ксёндз ніколі не ангажаваўся наўпрост у дзейнасць супраціву, аднак заўсёды падтрымліваў патрыётаў духоўна. Калі ў 1981 года рух “Салідарнасці” стаў набіраць моц, кс. Папялушка служыў набажэнствы на ахопленых страйкамі варшаўскіх прадпрыемствах. Пасля ўвядзення ў снежні таго ж году ваеннага становішча кс. Ежы стаў праводзіць у варшаўскім касцёле св. Станіслава Косткі Імшу за Айчыну. На гэтыя набажэнствы збіраліся тысячы людзей, якія прагнулі знайсці для сябе хрысціянскі адказ на злачынствы рэжыму.

“Не дазволь перамагчы злу, але перамагай зло дабром”, - гэтая цытата з ліста Апостала Паўла да рымлянаў стала дэвізам для святара. Ён быў перакананым прыхільнікам негвалтоўнага супраціву. У сваіх казаннях кс. Папялушка смела і адкрыта казаў пра заганы аўтарытарнай улады, але адначасова перасцерагаў людзей ад таго, каб яны адказвалі рэжыму яго ж метадамі. Ксёндз заўсёды быў побач з тымі, хто цярпеў ад несправядлівага пераследу, вельмі шмат дапамагаў ахвярам рэпрэсій. Удзельнікі супраціву называлі ксяндза Папялушку “капеланам “Салідарнасці”, хоць ніхто афіцыйна не надаваў яму такі тытул.

Рэжым не мог дараваць кс. Папялушку ягоныя пропаведзі і ягоную салідарнасць з пераследванымі. На ксяндза была заведзеная крымінальная справа, за якую яму пагражалі дзесяць год турмы. Падчас ператрусу ў ягоным доме была “знойдзена” зброя, што стала падставай для прапагандысцкай кампаніі ў сродках масавай інфармацыі. За ксяндзом сачылі, супраць яго ладзілі правакацыі, дасылалі лісты з пагрозамі.

Калі стала зразумела, што ніякія метады ціску не спрацоўваюць, спецслужбы прынялі рашэнне забіць кс. Папялушку. Увечары 19 кастрычніка 1984 года яго машыну спынілі каля Торуні два супрацоўнікі Службы бяспекі, пераапранутыя ў форму дарожнай міліцыі. Ксяндза схапілі, звязалі і кінулі з моста ў Віслу. Цела святара-пакутніка было знойдзена ў рацэ толькі праз дзесяць дзён.

Ксёндз Ежы Папялушка сваім жыццём і пакутніцкай смерцю паказаў яскравы прыклад салідарнасці паміж духавенствам і народам у цяжкіх умовах аўтарытарызму, прыклад падтрымкі пакрыўджаных і пераследваных. Прыклад, перайманне якога было б вельмі дарэчы ў сённяшняй Беларусі.

 

 

 

Источник:

ЦАРКВА

Рубрика: