На шляху да Сабору: Ўсеправаслаўная перадсаборная нарада ў Шамбезі

IV Усеправаслаўная перадсаборная нарада адкрыецца напярэдадні Пяцідзесятніцы ў праваслаўным цэнтры Канстанцінопальскага Патрыярхата ў Шамбезі – і будзе цягнуцца з 6 па 13 чэрвеня.

Апошняя перадсаборная нарада такога кшталту адбылася больш за 20 год таму – у 1986 г. у Шамбезі, ёй папярэднічалі ячшэ дзве – у 1976 г. і 1982 г. Апроч нарадаў адбыліся пяць пасяджэнні міжправаслаўных камісіяў – у 1971 г. у Жэневе і ў 1986, 1990, 1993 і 1999 гг. у Шамбезі.

Адным з асноўных пытанняў у праваслаўным свеце, якое вымагае вырашэння ўжо не адно дзесяцігоддзе – гэта пытанне царкоўнага ўладкавання ў праваслаўнай дыяспары. Само слова «дыяспара» ці рассеянне – адлюстроўвала ўзнікненне па-за межамі традыцыйна-праваслаўных цэнтраў і краін новых прыходаў, утвораных у выніку досыць масавай эміграцыі, якія падпарадкоўваліся розным юрысдыкцыям і мелі пераважна нацыянальны характар. У выніку, на адной тэрыторыі сталі дзейнічаць паралельныя кананічныя праваслаўныя юрысдыкцыі, часам у канфлікце, часам у супрацоўніцтве. Праваслаўнымі Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі праводзіліся спробы лакальнага вырашэння дадзенага пытання – гэтак адбылося ўтварэнне Праваслаўнай Царквы ў Амерыцы, якое не атрымала прызнання Канстанцінопальскага Патрыярхата і вымагла стварэння SCOBA – Рады праваслаўных епіскапаў Амерыкі; утварэнне разнастайных радаў і епіскапскіх канферэнцый у Еўропе – Нямеччыне і Францыі. Аднак без агульна-праваслаўнага вырашэння праблемаў царкоўнага ўладкавання і жыцця царкоўных супольнасцей у Еўропе, Амерыцы, Азіі, вызначэння кананічных тэрыторыі і самога паняцця такіх тэрыторый – міжправаслаўныя стасункі застаюцца напружанымі. Ці дзейнічае прынцып «адзін епіскап – у адным горадзе», ці ён больш не актуальны і састарэлы? Ці ўсе прыходы па-за межамі кананічных тэрыторый іншых памесных цэркваў мусяць уваходзіць у юрысдыкцыю Кансатнцінопальскага (ці Ўсяленскага) Патрыярхату? Ці на тэрыторыі розных краін мусяць быць створаныя Памесныя Цэрквы, якія будуць мець сваю аўтаномію ці аўтакефалію (напрыклад, па ўзоры ПЦА)? Ці і надалей будзе існаваць шмастайнасць юрысдыкцый, якая часта раздзяляецца паводле нацыянальнай адзнакі і існуе пераважна для эмігрантаў з т.зв. «праваслаўных» краін?

Доўгі час, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе, напружанне паміж праваслаўнымі юрысдыкцыямі ўзрастала, асабліва гэта тычылася Канстанцінопальскага і Маскоўскага Патрыярхатаў, якія прэтэндуюць на вызначальную ролю ў праваслаўным свеце: да праблемы ПЦА і яе непрызнання Канстанцінопалем дадалася праблема ў Эстоніі, дзе ўзнікла (ці была адноўленая) Эстонская Апостальская Праваслаўная Царква ў юрысдыкцыі Канстанцінопаля; з-за ўдзелу гэтай непрызнанай Маскоўскім Патрыярхатам Царквы ў працы Змяшанай Праваслаўна-Каталіцкай камісіі ў Равэне дэлегацыя РПЦ пакінула пасяджэнне, гэтая праблема стала вызначальнай і для рашэнне прыпыніць членства РПЦ у Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў. Іншым балючым пытаннем стала існаванне ў складзе Канстанцінопальскага Патрыярхату Заходне-Еўрапейскага Экзархату прыходаў рускай традыцыі (т.зв. «ру Дару» - цэнтр архіепіскапіі знаходзіцца ў кафедральным саборы ў гонар св. Аляксандра Неўскага ў Парыжы на вул. Дару): тут можна ўзгадаць і сыход з Маскоўскага Патрыярхату наступніка мітр. Суражскага Антонія (Блюма) еп. Васілія (Осбарна) з вялікай часткай святароў і прыходаў у юрысдыкцыю Канстанцінопальскага Патрыярхата ў якасці Амфіпальскага вікарыяцтва Рускага Экзархату, судовыя справы паміж РПЦ і вікарыяцтвам, а таксама судовыя справы паміж двума юрысдыкцыямі на поўдні Францыі – вакол сабора ў Ніцы. Яшчэ адна праблема магла ўзнікнуць і ў сувязі з стасункамі Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея з Украінай, дзе няма пэўнасці наконт таго, да чыёй кананічнай тэрыторыі належыць гэтая краіна, дзе існуе адзін з самых буйных у праваслаўным свеце расколаў – Кіеўскі Патрыярхат, у вырашэнні статусу якога вялікія надзеі і з боку украінскай дзяржавы, і з боку многіх царкоўных дзеячаў ускладаюцца на Канстанцінопаль; аднак леташні візіт Патрыярха Варфаламея ва Ўкраіну не стаў «выбухам», а наадварот крыху ўлагодзіў стасункі паміж двума юрысдыкцыямі.

Апроч таго, значную ролю ў міжправаслаўных стасунках стаў адыгрываць і Румынскі Патрыярхат, што звязана са значным патокам эміграцыі з Румыніі ў Заходнюю і Паўднёвую Еўропу і Амерыку: цягам дзесяцігоддзя былі ўтвораныя шматлікія новыя прыходы, створаныя новыя епархіі, што прывяло да яшчэ большага павелічэння супярэчанняў паміж праваслаўнымі юрысдыкцыямі.

Пра мажлівасць міжправаслаўнай перадсаборнай нарады стала вядома пасля сустрэчы Прадстаяцеляў і прадстаўнікоў Праваслаўных Цэркваў у Стамбуле ў кастрычніку 2008 г., дзе былі дасягнуты некаторыя дамоўленасці.

 

Источник:

ЦАРКВА

Рубрика: