ІІ Фестываль рэлігійнай песні ў Браславе
10.11.2008Ці хто-небудзь з нас не марыў стаць птушкай? Такая, здавалася б, недасягальная і крыху дзіўная мара шмат каго наведвае ў дзяцінстве. Толькі сталеючы мы ўжо ўзгадваем тую фантазію выключна з усмешкай… «Будзь птушкай, імкніся сэрцам да нябёсаў», — спяваюць удзельнікі фестывалю рэлігійнай песні ў Браславе.
З 8 па 9 лістапада 2008 г. у Браславе (Віцебская дыяцэзія) адбываўся ІІ Фестываль рэлігійнай песні «Птушкай будзь». Ужо два гады запар тут збіраюцца ўсе, хто хоча праслаўляць Бога малітвай спеву.
Напрацягу двух дзён сваімі талентамі і радасцю дзяліліся з іншымі моладзь і дзеці з Шуміліна, Глыбокага, Браслава, Друі, Гарадка і Мінска. На гэты раз фестываль атрымаўся не толькі міждыяцэзіяльным, але і міжканфесійным (у ім прынялі ўдзел вернікі Царквы «Новае жыццё» г. Мінска).
Фестываль распачаўся святой Імшой у суботу 8 лістапада. Пасля распачаліся выступленні ўдзельнікаў: кожны па-свойму дзяліўся запалам Божай любові, і міжволі словы песень гучалі на вуснах кожнага з прысутных. Удзельнікі мелі таксама шмат часу для знаёмства і супольнага правядзення часу.
Ініцыятар мерапрыемства, ксёндз дзекан Лешэк Вітвіцкі, падкрэслівае, што галоўным з’яўляецца нават не сам фестываль, але магчымасць супольнага праслаўлення Нябеснага Айца.
У нядзелю адбыўся гала-канцэрт, пасля якога былі падведзены вынікі фестывалю і выказаны словы падзякі ў адрас кожнага, хто прычыніўся да арганізацыі мерапрыемства. Усе ўдзельнікі былі адзначаны граматамі, усе атрымалі падарункі.
Падчас святой Імшы на заканчэнне фестывалю кс. Кшыштаф Вітвіцкі, канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі, ад імя біскупа Уладзіслава Бліна падзякаваў вернікам за актыўны ўдзел у рэлігійным жыцці дыяцэзіі. На развітанне ізноў прагучаў гімн фестывалю.
І няхай жа кожны з нас будзе птушкай, якая жыве небам.
Святлана Бурлевіч
Источник:
Последние новости