3 Паводле Іаана

1 Быў жа чалавек з фарысеяў, імя яму Нікадзім, начальнік Іудзейскі;
2 ён прыйшоў да Іісусa ўначы i сказаў Яму: Равві! мы ведаем, што Ты Вучыцель, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто не можа тварыць такіх цудаў, якія Ты творыш, калі Бог не будзе з ім.
3 У адказ Іісус сказаў яму: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца звыш, не можа ўбачыць Царства Божага.
4 Кажа Яму Нікадзім: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? хіба можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй i нарадзіцца?
5 Адказаў Іісус: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады i Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае:
6 народжанае ад плоці ёсць плоць, а народжанае ад Духа ёсць дух.
7 Не здзіўляйся, што Я сказаў табе: “трэба вам нарадзіцца звыш”.
8 Вецер вее, дзе хоча, i голас яго чуеш, а не ведаеш, адкуль прыходзіць i куды адыходзіць; так i з кожным народжаным ад Духа.
9 Тады Нікадзім сказаў Яму: як гэта можа быць?
10 У адказ Іісус сказаў яму: ты вучыцель Ізраілеў, i гэтага не ведаеш?
11 Праўду, праўду кажу табе: што Мы ведаем, пра тое гаворым, i што бачылі, пра тое сведчым, i вы сведчання Нашага не прымаеце;
12 калі Я пра зямное сказаў вам, i вы не верыце, як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?
13 Нixто не ўзыходзіў на неба, толькі Сын Чалавечы, Які, будучы на небе, сышоў з неба;
14 і, як Маісей узняў змея ў пустыні, так належыць быць узнятым Сыну Чалавечаму,
15 каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
16 Бо так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае;
17 бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго;
18 хто веруе ў Яго, не будзе асуджаны, а хто не веруе, той ужо асуджаны, бо не ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 А суд у тым, што святло прыйшло ў свет, але палюбілі людзі цемру больш за святло, бо ўчынкі ix былі ліхія;
20 бо кожны, хто робіць зло, той ненавідзіць святло i не ідзе да святла, каб не былі выкрыты ўчынкі яго, бо яны ліхія;
21 а хто робіць па праўдзе, той ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу зроблены.
22 Пасля гэтага прыйшоў Іісус і вучні Яго ў Іудзейскую зямлю; i там Ён жыў з імі i хрысціў.
23 Іаан жа таксама хрысціў у Эноне, недалёка ад Саліма, бо там было многа вады, i прыходзілі туды i хрысціліся;
24 таму што не быў яшчэ пасаджаны ў цямніцу Іаан.
25 І ўзнікла спрэчка ў вучняў Іаанавых з Іудзеямі пра ачышчэнне;
26 і прыйшлі да Іаана i сказалі яму: Равві! Той, Хто быў з табою на тым баку Іардана і пра Каго ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, i ўсе ідуць да Яго.
27 У адказ Іаан сказаў: не можа чалавек нічога браць на сябе, калі не будзе дадзена яму з неба.
28 Вы самі мне сведчыце, што я сказаў: “я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”.
29 Хто мае нявесту, той жанix, а друг жаніха, які стаіць і слухае яго, радасцю радуецца, чуючы голас жанixa; гэтая вось радасць мая споўнілася;
30 Яму належыць узрастаць, а мне меншаць.
31 Хто прыходзіць з вышыні, Той над yciмі, а хто ад зямлі, той зямны i па-зямному гаворыць; Хто прыходзіць з неба, Той над yciмi,
32 i што Ён бачыў i чуў, пра тое сведчыць, ды сведчання Яго ніхто не прымае;
33 хто прыняў Яго сведчанне, той сцвердзіў, што Бог ісцінны.
34 Бо Той, Каго паслаў Бог, словы Божыя гаворыць, таму што не мераю дае Бог Духа.
35 Бо Айцец любіць Сына i ўсё даў у руку Яго.
36 Хто веруе ў Сына, той мае жыццё вечнае, а хто не веруе ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім.