12 Паводле Іаана
17.12.20101 Іісус жа за шэсць дзён да Пасхi прыйшоў у Вiфанiю, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрасiў з мёртвых.
2 І прыгатавалі Яму вячэру там, i Марфа прыслугоўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзляжалі з Ім.
3 Марыя ж, узяўшы фунт міра з нарду чыстага, шматкаштоўнага, памазала ногi Іісусавы i выцерла валасамi сваiмi ногi Яго, i дом напоўнiўся духмянасцю мiра.
4 Тады кажа адзiн з вучняў Яго, Іуда Сіманаў Іскарыёт, якi меўся выдаць Яго:
5 чаму гэтае міра не прадалi за трыста дынарыяў i не раздалi ўбогiм?
6 Сказаў жа ён гэта не таму, што клапацiўся пра ўбогiх, а таму, што быў злодзеем i, маючы скарбонку, краў тое, што туды клалi.
7 Сказаў тады Іісус: пакiнь яе, каб на дзень пахавання Майго яна захавала гэта,
8 таму што ўбогiх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце.
9 Даведалася ж мноства народу з Іудзеяў, што Ён там, i папрыходзілi не толькi дзеля Іісуса, але i каб пабачыць
10 А першасвятары пастанавiлi i Лазара забiць,
11 бо многія з Іудзеяў дзеля яго прыходзiлi i веравалi ў Іісуса.
12 На другі дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята, пачуўшы, што Іісус iдзе ў Іерусалiм,
13 узялi пальмавыя галіны i выйшлi насустрач Яму, i ўсклікалi: Асанна! Благаславёны Той, Хто прыходзіць у iмя Гасподняе, Цар Ізраiлеў!
14 Іісус жа, знайшоўшы асляня, сеў на яго, як напiсана:
15 “не бойся, дачка Сіёна! вось Цар твой iдзе, седзячы на маладым асле”.
16 Гэтага спачатку не зразумелi вучнi Яго, а калі праслаўлены быў Іісус, тады яны ўспомнiлi, што гэта было пра Яго напiсана i гэта зрабiлi Яму.
17 Народ жа, якi быў з Ім раней, сведчыў, што Ён выклiкаў Лазара з магiлы i ўваскрасiў Яго з мёртвых;
18 таму і выйшаў насустрач Яму народ, бо чуў, што Ён зрабiў гэты цуд.
19 А фарысеi гаварылi мiж сабою: бачыце, што нiчога не дапамагае? вось, увесь свет за Ім пайшоў.
20 Былi i некаторыя Эліны сярод тых, што прыйшлі, каб пакланіцца ў свята;
21 яны падышлi да Фiлiпа, які быў з Вiфсаiды Галiлейскай, i прасiлi яго, кажучы: спадар, мы хочам Іісуса бачыць.
22 Прыходзіць Фiлiп i кажа пра гэта Андрэю; а потым Андрэй і Фiлiп кажуць Іісусу.
23 Іісус жа сказаў iм у адказ: надышоў час быць праслаўленым Сыну Чалавечаму;
24 праўду, праўду кажу вам: калi зерне пшанiчнае, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то яно застанецца адно, а калi памрэ, то багаты плён дасць;
25 хто любiць душу сваю, той загубiць яе, а хто ненавiдзiць душу сваю ў свеце гэтым, для жыцця вечнага захавае яе;
26 калі хто Мне служыць, няхай iдзе ўслед за Мною; i дзе Я, там i слуга Мой будзе; i калі хто Мне служыць, ушануе яго Айцец Мой;
27 цяпер душа Мая ўстрывожана; i што Мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але дзеля гэтага Я прыйшоў, на гадзіну гэтую;
28 Ойча, праслаў iмћ Тваё! Прыйшоў тады голас з неба: i праславiў, i яшчэ праслаўлю.
29 Народ жа, якi стаяў i чуў тое, казаў: гэта гром. Іншыя казалi: Ангел прамаўляў да Яго.
30 На гэта Іісус сказаў: не дзеля Мяне быў голас гэты, а дзеля вас;
31 цяпер суд свету гэтаму; цяпер князь свету гэтага выгнаны будзе вон;
32 і калі Я буду ўзнесены ад зямлі, усiх прыцягну да Сябе.
33 Гэта Ён гаварыў, указваючы, якою смерцю Ён мае памерцi.
34 Адказаў Яму народ: мы чулi з закону, што Хрыстос застаецца на векі; дык як жа Ты кажаш, што ўзнесены павінен быць Сын Чалавечы? хто Гэты Сын Чалавечы?
35 Сказаў iм тады Іісус: яшчэ на малы час святло з вамi; хадзiце, пакуль святло маеце, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзiць у цемры, той не ведае, куды ідзе;
36 Пакуль святло маеце, веруйце ў святло, каб стаць сынамi святла. Прамовіў гэта Іісус і, адышоўшы, скрыўся ад iх.
37 І хоць гэтулькі цудаў зрабiў Ён перад iмi, яны не веравалi ў Яго,
38 каб збылося слова Ісаіi прарока, якi казаў: Госпадзі! хто паверыў пачутаму ад нас, i рука Гасподняя каму адкрылася?
39 З-за таго не маглi яны вераваць, што, як яшчэ сказаў Ісаія:
40 Ён асляпiў вочы iх i скамяніў сэрцы iх, каб не бачылi вачыма i не разумелi сэрцам, i не звярнулiся, каб Я ацаліў iх.
41 Гэта сказаў Ісаія, калi бачыў славу Яго i гаварыў пра Яго.
42 Аднак жа i з начальнiкаў многiя ўверавалi ў Яго, але з-за фарысеяў не прызнавалiся, каб іх не адлучылі ад сінагогі,
43 бо яны ўзлюбiлi больш славу чалавечую, чым славу Божую.
44 Іісус жа ўсклікнуў i сказаў: хто веруе ў Мяне, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
45 і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне;
46 Я — святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто веруе ў Мяне, не застаўся ў цемры;
47 і калi хто пачуе словы Мае i не паверыць, Я не суджу яго, бо Я прыйшоў не судзiць свет, але збавіць свет;
48 хто адвяргае Мяне i не прымае слоў Маiх, мае суддзю сабе: слова, якое Я прамаўляў, яно будзе судзiць яго ў апошнi дзень;
49 бо Я не ад Сябе прамаўляў, а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён Мне запаведзь даў, што казаць i што прамаўляць;
50 і Я ведаю, што запаведзь Яго ёсць жыццё вечнае; таму тое, што Я кажу, як сказаў Мне Айцец, так і кажу.