1 Паводле Іаана

1 У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было ў пачатку ў Бога;
3 усё праз Яго пачало быць, і без Яго нішто не пачало быць, што пачало быць.
4 У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзей;
5 і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
6 Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Іаан;
7 ён прыйшоў для сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго.
8 Ён не быў святлом, але прыйшоў, каб сведчыць пра Святло;
9 было Святло ісціннае, Якое прасвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у свет;
10 у свеце быў, і свет праз Яго пачаў быць, і свет Яго не пазнаў;
11 да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялі.
12 А тым, што прынялі Яго, даў уладу стаць дзецьмі Божымі, тым, што веруюць у імя Яго,
13 якія не ад крыві, і не ад жадання плоці, і не ад жадання мужа, а ад Бога нарадзіліся.
14 І Слова стала плоццю, і жыло сярод нас, і мы бачылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благадаці і ісціны.
15 Іаан сведчыць пра Яго і, ўсклікаючы, гаворыць: гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў;
16 і ад паўнаты Яго мы ўсе прынялі і благадаць на благадаць;
17 бо закон праз Маісея дадзены, а благадаць і ісціна праз Іісуса Хрыста сталіся.
18 Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён явіў.
19 І вось сведчанне Іаана, калі Іудзеі паслалі з Іерусаліма святароў і левітаў, каб спыталі яго: хто ты?
20 І ён вызнаў і не адрокся; і вызнаў: я не Хрыстос.
21 І спыталі яго: дык што? ты Ілія? І ён сказаў: не. Ты прарок? І адказаў: не.
22 Сказалі яму: хто ж ты? каб даць адказ тым, хто паслаў нас; што ты скажаш пра самога сябе?
23 Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: выпрамце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісаія.
24 А пасланыя былі з фарысеяў;
25 і яны пыталіся ў Яго і казалі Яму: чаго ж Ты хрысціш, калі Ты не Хрыстос, ні Ілія, ні прарок?
26 Адказаў ім Іаан, кажучы: я хрышчу вадою; але сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце;
27 гэта Той, Хто ідзе за мною, Які наперадзе мяне стаў, у Якога я няварты развязаць рамень абутку Яго.
28 Гэта было ў Віфавары за Іарданам, дзе хрысціў Іаан.
29 На другі дзень бачыць Іаан Iіcyca, Які ідзе да яго, i кажа: вось Агнец Божы, што бярэ на Сябе rpаxі свету;
30 гэта Той, пра Якога я сказаў: “за мною ідзе Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”;
31 і я не ведаў Яго; але, каб Ён быў яўлены Ізраілю, дзеля гэтага прыйшоў я хрысціць вадою.
32 I сведчыў Іаан, кажучы: я бачыў Духа, Які сыходзіў як голуб з неба, i Ён застаўся на Ім;
33 і я не ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: “над Кім убачыш Духа, Які сыходзіць і застаецца на Ім, Той i ёсць, што хрысціць Духам Святым”;
34 і я бачыў i засведчыў, што Ён — Сын Божы.
35 На другі дзень зноў стаяў Іаан i двое з вучняў яго.
36 I, убачыўшы Іісуса, Які ішоў, ён сказаў: вось Агнец Божы.
37 І пачулі абодва вучні, як ён казаў гэта, i пайшлі за Iіcyсам.
38 Іісус жа, абярнуўшыся i ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім:
чаго вы шукаеце? Яны сказалі Яму: Равві (што азначае: Вучыцель), дзе Ты жывеш?
39 Ён кажа ім: ідзіце i ўбачыце. Яны пайшлі i ўбачылі, дзе Ён жыве, i прабылі ў Яго дзень той. Было ж каля дзесятай гадзіны.
40 Адзін з дваіх, што пачулі ад Іаана пра Іісуса i пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімана Пятра.
41 Ён першы знаходзіць брата свайго Сімана i кажа яму: мы знайшлі Месію (што ў перакладзе азначае: Хрыстос).
42 І прывёў яго да Іісусa. Глянуўшы на яго, Іісус сказаў: ты Сіман, сын Іоны; ты будзеш звацца Кіфа (што азначае: камень).
43 На другі дзень захацеў Ён ісці ў Галілею; i знаходзіць Філіпа і кажа яму: ідзі за Мною.
44 Філіп жа быў з Віфсаіды, з горада Андрэя i Пятра.
45 Знаходзіць Фiлiп Нафанаіла i кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Kаго пiсaлі Маісей у законе i прарокі, Іісусa, Сына Іосіфавага, з Назарэта.
46 І сказаў яму Нафанаіл: ці можа з Назарэта быць што добрае?
Філіп кажа яму: ідзі і паглядзі.
47 Убачыў Іісус Нафанаіла, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма крывадушнасці.
48 Кажа Яму Нафанаіл: адкуль Ты мяне ведаеш? У адказ Іісус сказаў яму: перш, чым паклікаў цябе Філіп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.
49 Нафанаіл адказаў Яму: Равві! Ты Сын Божы, Ты Цар Ізраілеў.
50 У адказ Іісус сказаў яму: ты верыш, бо Я сказаў табе: “Я бачыў цябе пад смакоўніцаю”; убачыш большае за гэта.
51 I кажа яму: праўду, праўду кажу вам: з гэтага часу ўбачыце неба раскрытае i Ангелаў Божых, што ўзыходзяць i сыходзяць да Сына Чалавечага.