8 Паводле Лукі

1 І сталася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках, прапаведуючы і дабравесцячы Царства Божае, і дванаццаць з Ім,
2 і некаторыя жанчыны, што былі ацалёныя ад духаў злых і немачаў: Марыя, званая Магдалінаю, з якой выйшла сем дэманаў,
3 Іаанна, жонка Хузы, домаўпраўніка Ірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, што служылі Яму маёмасцю сваёй.
4 Калі ж сабралася мноства народу і з усіх гарадоў папрыходзілі да Яго, Ён сказаў прытчай:
5 Выйшаў сейбіт сеяць насенне сваё; і калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
6 а іншае ўпала на камень і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці;
7 а іншае ўпала ў церні, і выраслі церні і заглушылі яго;
8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзіла плод у сто крат. Сказаўшы гэта, Іісус заклікаў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
9 Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, кажучы: што б значыла прытча гэта?
10 Ён жа сказаў: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а астатнім — у прытчах, каб яны бачачы не бачылі і чуючы не разумелі.
11 Вось што значыць прытча гэтая: насенне ёсць слова Божае;
12 і якое пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, але потым прыходзіць дыявал і забірае слова з сэрцаў іх, каб не ўверавалі яны і не былі збаўленыя;
13 а якое на камені ўпала — гэта тыя, што, пачуўшы, з радасцю прымаюць слова, але яны не маюць кораня і да часу веруюць, а ў час выпрабавання адпадаюць;
14 а што ўпала ў церні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багаццем і ўцехамі жыццёвымі на шляху сваім заглушаюцца і не даюць плёну;
15 а што на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчырым і добрым сэрцы і даюць плод у цярплівасці. Сказаўшы гэта, Іісус заклікаў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
16 Ніхто, запаліўшы свечку, не пакрывае яе пасудзінай або не ставіць пад ложак, а ставіць яе на падсвечнік, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
17 Бо няма нічога таемнага, што б не стала яўным, ні схаванага, што б не стала вядомым і не выявілася.
18 Так што сачыце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, адымецца ў таго і тое, што ён думае, нібы мае.
19 І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго, і не маглі даступіцца да Яго з-за натоўпу.
20 І паведамілі Яму, кажучы: Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ і хочуць Цябе ўбачыць.
21 Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
22 І сталася ў адзін з тых дзён: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І яны адплылі.
23 Калі ж плылі, Ён заснуў. І наляцеў бурны вецер на возера, і пачало заліваць іх, і былі яны ў небяспецы.
24 І, падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем! Ён жа, устаўшы, забараніў ветру і хвалям вады, і яны супакоіліся і настала ціша.
25 Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? Яны ж, спалоханыя, дзівіліся і казалі адзін аднаму: хто ж гэта Ён, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?
26 І прыплылі ў зямлю Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
27 Калі ж Ён выйшаў на зямлю, сустрэў Яго нейкі чалавек з горада, апантаны дэманамі з даўняга часу, і адзення не насіў ён, і ў доме не жыў, а ў магільных пячорах.
28 Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы, ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? малю Цябе, не муч мяне.
29 Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму выйсці з чалавека; бо доўгі час той хапаў яго, і звязвалі яго ланцугамі і аковамі, і сцераглі; але ён разрываў путы, і дэман гнаў яго ў пустыні.
30 І спытаўся ў яго Іісус, кажучы: як імя тваё? Той адказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.
31 І яны прасілі Іісуса, каб не загадаў ім ісці ў бездань.
32 Пасвіўся ж там вялікі статак свіней на гары; і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
33 І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней; і рынуўся статак з кручы ў возера і патануў.
34 Пастухі ж, убачыўшы, што здарылася, пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках.
35 І людзі выйшлі пабачыць, што здарылася; і прыйшлі да Іісуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць каля ног Іісуса адзеты і пры розуме; і спалохаліся.
36 А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў выратаваны апантаны.
37 І прасіў Яго ўвесь люд краю Гадарынскага адысці ад іх, бо страхам вялікім былі яны ахоплены. І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
38 А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Іісус адпусціў яго, кажучы:
39 вяртайся ў дом твой і расказвай, што зрабіў табе Бог. І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што зрабіў яму Іісус.
40 І сталася: калі вярнуўся Іісус, народ прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалавек, імем Іаір, які быў старэйшынам сінагогі;
і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,
42 бо ў яго была адзіная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. Калі ж Ён ішоў, народ напіраў на Яго.
43 І жанчына, якая мела кровацячэнне ўжо дванаццаць гадоў, і патраціла на лекараў усю маёмасць ды ні ў аднаго не магла вылечыцца,
44 падышоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго; і адразу спынілася кровацячэнне ў яе.
45 І сказаў Іісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж адмаўляліся ўсе, казаў Пётр і тыя, што з ім: Настаўнік! народ абступіў Цябе і напірае, а Ты гаворыш: хто дакрануўся да Мяне?
46 Але Іісус сказаў: дакрануўся нехта да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
47 Жанчына, убачыўшы, што не ўтаілася, дрыжучы, падышла і, упаўшы перад Ім, паведаміла Яму перад усім народам, з якой прычыны дакранулася да Яго і як ацалілася адразу.
48 Ён жа сказаў ёй: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі з мірам.
49 Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзіць нехта з дому старэйшыны сінагогі і кажа яму: памерла дачка твая, не турбуй ужо Настаўніка.
50 Іісус жа, пачуўшы гэта, сказаў, звяртаючыся да яго: не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратаваная.
51 І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача Пятра, Іаана і Іакава, і бацькі дзяўчынкі і маці.
52 Усе плакалі і рыдалі па ёй. Ён жа сказаў: не плачце, яна не памерла, а спіць.
53 І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
54 Ён жа, выправадзіўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: дзяўчынка! устань.
55 І вярнуўся дух яе і паднялася адразу; і Ён загадаў даць ёй есці.
56 І моцна ўразіліся бацькі яе. Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбылося.