17 Паводле Лукі
17.12.20101 Сказаў жа Ён вучням Сваім: немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго яны прыходзяць;
2 лепш было б яму, калі б жарон млыновы павесілі на шыю яму ды ўкінулі ў мора, чым каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
3 Будзьце ўважлівымі да сябе. Калі саграшыць супраць цябе брат твой, выгавары яму, і калі пакаецца, даруй яму;
4 і калі сем разоў на дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў на дзень звернецца, кажучы: каюся, — даруй яму.
5 І сказалі Апосталы Госпаду: прымнож нам веру.
6 Гасподзь жа сказаў: калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне і сказалі шаўкоўніцы гэтай: вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора, — і яна паслухалася б вас.
7 Хто з вас, маючы раба, які арэ ці пасе, пасля вяртання яго з поля, скажа яму: адразу ж ідзі за стол?
8 А хіба не скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есці і піць, а потым еж і пі сам?
9 Ці падзякуе ён рабу гэтаму, што зрабіў загаданае? Не думаю.
10 Так і вы, калі зробіце ўсё загаданае вам, кажыце: мы нічога не вартыя рабы, бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.
11 І сталася: ідучы ў Іерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяй.
12 І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся воддаль;
13 і яны голасна казалі: Іісусе Настаўнік, памілуй нас.
14 І, убачыўшы, Ён сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся святарам. І сталася: калі яны ішлі — ачысціліся.
15 Адзін жа з іх, убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся, голасна славячы Бога,
16 і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.
17 І ў адказ Іісус сказаў: ці не дзесяць ачысціліся? а дзе ж дзевяць?
18 хіба не знайшлося з іх нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншародца?
19 І сказаў яму: устань і ідзі, вера твая ўратавала цябе.
20 А як спыталіся фарысеі, калі прыйдзе Царства Божае, Ён, адказваючы ім,
сказаў: не прыйдзе Царства Божае прыкметна,
21 і не скажуць: вось, яно тут, ці: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры вас.
22 Сказаў жа вучням Сваім: прыйдуць дні, калі пажадаеце ўбачыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце;
23 і скажуць вам: вось, тут, ці: вось, там, — не выходзьце і не ганяйцеся;
24 бо як маланка, бліскаючы, ад аднаго краю нябёс да другога свеціць, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25 Але перш належыць Яму многа адпакутаваць і быць адрынутым родам гэтым.
26 І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
27 елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг; і прыйшоў патоп і вынішчыў усіх.
28 Таксама, як было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
29 а ў той дзень, калі выйшаў Лот з Садома, праліліся дажджом з неба агонь і сера і вынішчылі ўсіх;
30 так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы явіцца.
31 У той дзень хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх; і хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад.
32 Памятайце пра жонку Лотаву.
33 Хто будзе старацца ўратаваць душу сваю, той загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
34 Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
35 будуць дзве разам малоць: адна будзе ўзята, а другая пакінута;
36 двое будуць на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
37 І ў адказ сказалі Яму: дзе, Госпадзі? Ён жа сказаў ім: дзе цела, там збяруцца і арлы.