16 Паводле Марка

1 І калі мінула субота, Марыя Магдаліна і Марыя Іакавава, і Саламія купілі духмянасцяў, каб, прыйшоўшы, памазаць Яго.
2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,
3 і гаварылі між сабою: хто адваліць нам камень ад увахода ў магілу?
4 І, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены; а быў ён надта вялікі.
5 І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў справа, апрануты ў белы ўбор; і жахнуліся.
6 А ён кажа ім: не жахайцеся. Іісуса шукаеце Назараніна, распятага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.
7 Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру, што Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
8 І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапіла трымценне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9 А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдаліне, з якой выгнаў быў сем дэманаў.
10 Яна, пайшоўшы, абвясціла тым, што былі з Ім, якія смуткавалі і плакалі;
11 і тыя, пачуўшы, што Ён жывы і што яна бачыла Яго, не паверылі.
12 Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло.
13 І тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім; але і ім не паверылі.
14 Нарэшце, явіўся Ён і самім адзінаццаці, калі яны ўзляжалі на вячэры, і дакараў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.
15 І сказаў ім: ідучы па ўсім свеце, прапаведуйце Евангелле ўсяму стварэнню.
16 Хто будзе мець веру і хрысціцца, той збаўлены будзе; а хто не будзе мець веры, асуджаны будзе.
17 А тых, хто ўверуе, будуць суправаджаць знаменні такія: імем Маім будуць яны выганяць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі;
18 будуць браць змей; а калі што смяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім; на хворых ускладуць рукі, і тыя будуць здаровыя.
19 І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў праваруч Бога.
20 А яны, выйшаўшы, прапаведавалі ўсюды, і Гасподзь садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знаменнямі ўслед. Амінь.