25 Паводле Матфея

1. Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяці дзевам, якія, узяўшы свяцільнікі свае, выйшлі сустрэць жаніха;
2. пяць з іх было неразумных пяць мудрых;
3. неразумныя, узяўшы свяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею;
4. а мудрыя узялі алею ў пасудзінах разам з свяцільнікамі сваімі;
5. і калі жаніх замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
6. Але апоўначы крык пачуўся: "вось, жаніх ідзе, выходзьце на сустрэчу яму".
7. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі свяцільнікі свае.
8. А неразумныя мудрым сказалі: "дайце нам алею вашага, бо свяцільнікі нашыя гаснуць".
9. А мудрыя сказалі ў адказ: "каб не сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе".
10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы.
11. Пасля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: "пане! пане! адчыні нам".
12. Ён жа сказаў ім у адказ: "праўду кажу вам: не ведаю вас".
13. Дык вось, чувайце; бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
14. Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасць сваю:
15. і аднаму даў пяць талантаў, другому два, іншаму адзін, кожнаму паводле яго сілы; і адразу адышоў.
16. Той, хто атрымаў пяць талантаў, пайшоў: уклаў іх у справу і набыў другія пяць;
17. гэтак сама і той з двума набыў другія два;
18. а той, хто атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
19. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць з імі рахунак.
20. І той, хто атрымаў пяць талантаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў і кажа: "Гаспадар! пяць талантаў ты даў мне; вось, другія пяць талантаў я набыў на іх".
21. Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго".
22. Падышоў таксама і той, што атрымаў два таланты, і сказаў: "гаспадар! два таланты ты даў мне; вось, другія два таланты набыў я на іх".
23. Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго".
24. Падышоў і той, што атрымаў адзін талант, і сказаў: "гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;
25. і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талант твой у зямлі; вось табе тваё".
26. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: "ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;
27. таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
28. Дык вось вазьміце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў,
29. бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае;
30. а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў". (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!)
31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Ангелы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй,
32. і збяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: "Прыйдзіце, благаславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэння свету:
35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасмяглага і напаілі?
38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?"
40. І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне".
41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад яго: "ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, угатаваны дыявалу і ангелам яго:
42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне;
43. быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне".
44. Тады і яны скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і
не паслужылі Табе?"
45. Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне".
46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыццё вечнае.