Tag Archives: зБожжа

Першая працоўная сустрэча беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы адкрылася ў Цюбінгене

Сёння, 2 чэрвеня ў старажытным універсітэцкім горадзе Цюбінген, Нямеччына, адкрываецца Першая працоўная сустрэча беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы, якая завершыцца служэннем Боскай літургіі Пяцідзясятніцы ў нядзелю.
Галоўная мэта сустрэчы — асабістае і прафесійнае знаёмства беларусаў, якія пражываюць за мяжой і займаюцца даследаваннямі ў галіне тэалогіі і іншых царкоўных дысцыплін, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці царкоўных супольнасцей і дзейнасці хрысціянскіх арганізацый, абмен кантактамі і стварэнне сеткі па ўзаемападтрымцы і супрацоўніцтве, вызначэнне магчымых накірункаў такога супрацоўніцтва.
Сустрэча носіць міжканфесійны характар, удзел у ёй прымае адзінаццаць чалавек з Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі, ЗША, Нямеччыны, Францыі. У пачатку тыдня некалькі ўдзельнікаў сустрэчы далучыліся да мерапрыемстваў, звязаных з візітам у ФРГ Яго Усесвятасці Усесвяцейшага Патрыярха Варфаламея, у тым ліку, ва ўрачыстасцях уручэння Першаіерарху ступені ганаровага доктара Універсітэта Цюбінгена, а таксама ў праваслаўна-пратэстанцкай кансультацыі Цюбінген-ІІ на тэму “Свабода: праваслаўны і пратэстанцкі погляд”.
З Патрыярхам Варфаламеем на ўрачыстасцях надання яму доктарскай ступені honoris causa. Доктар Яўгенія Даніловіч, Ганна Нётцел, Наталля Васілевч
З Патрыярхам Варфаламеем на ўрачыстасцях надання яму доктарскай ступені honoris causa. Доктар Яўгенія Даніловіч, Ганна Нётцел, Наталля Васілевч
Як адзначае арганізатарка сустрэчы Наталля Васілевіч, дактаранкта Бонскага ўніверсітэта (Rheinische Friedrich-Wilhelms-Universität Bonn):
Беларускія даследнікі за мяжой пераважна ўдзельнічаюць у індывідуальных навучальных і даследніцкіх праграмах, не атрымліваючы падтрымкі ні ад беларускай дзяржавы, ні ад сваіх царкоўных супольнасцяў з Беларусі. Таленавітыя, здольныя, натхнёныя — яны вымушаны разлічваць толькі на ўласныя сілы і рэсурсы. Супрацоўніцтва і ўзаемадапамога, на мой погляд, зробяць і ўсю нашую супольнасць, і кожнага з нас асабіста мацнейшымі ў сітуацыі рассеяння.
IMG_0836
Нефармальная вячэра перад пачаткам сустрэчы. Анастасія Вудэн, Наталля Васілевіч, Кацярына Кукс, Ганна Нётцел, доктар Яўгенія Даніловіч

 

 

 

 

 

 

Анастасія Вудэн, дактарантка і выкладчыца Каталіцкага ўніверсітэта Амерыкі (CUA, Washington DC):

Асаблівасць беларускай свядомасці — гэта сітуацыя памежжа. У беларускім сэрцы і розуме, у духоўным і штодзённым досведзе сустракаюцца, суіснуюць і дыялагізуюць акадэмічная багаслоўе і народная вера, Захад і Усход, праваслаўе, каталіцтва і Рэфармацыя. Пры гэтым, беларускія даследнікі ў замежжы жывуць у ізаляцыі адзін ад аднога, не ведаюць адзін аднога. Спадзяюся, што сустрэча ў Цюбінгіне дапаможа нам наладзіць кантакты і паразважаць разам з людзьмі з розных кантэкстаў, але адных каранёў.

Мерапрыемства адбываецца пры арганізацыйнай падтрымцы Цэнтра “Экумена”, а фонд Пратэстанцкай царквы ў Нямеччыне “Brot für die Welt” забяспечвае ўдзельнікам стыпендыі на пражыванне.