Tag Archives: Сабор

Міжнародны Кангрэс даследнікаў Беларусі і Цэнтр “Экумена” запрашаюць да ўдзелу ў секцыі “Царкоўныя Саборы: кантэкст, аўтарытэт, палеміка, рэцэпцыя”

congressАргкамітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае збор індывідуальных заявак для ўдзелу ў VI Кангрэсе, які адбудзецца 6-9 кастрычніка 2016 года ў г. Коўна (Літва).

У межах Кангрэсу пройдзе традыцыйная секцыя, прысвечаная тэалогіі і гісторыі Царквы. У 2016 годзе для секцыі была абраная тэма “Царкоўныя Саборы: кантэкст, аўтарытэт, палеміка, рэцэпцыя”. Каардынатарамі секцыі выступаюць Наталля Васілевіч і Дзмітры Шыла.

Апісанне тэматычных блокаў секцыі:

У чэрвені 2016 года пройдзе Святы і Вялікі Сабор Праваслаўнай Царквы, які мае сабраць прадстаўнікоў усіх праваслаўных цэркваў свету для абмеракавання пытанняў унутрыцаркоўнага жыцця і ролі царквы ў сучасным грамадстве. Працэс падрыхтоўкі да гэтай эпахальнай для жыцця праваслаўнай царквы падзеі расцягнуўся на цэлае стагоддзе. У перадсаборным працэсе ў свой час прымалі ўдзел і беларускія праваслаўныя іерархі і багасловы (напрыклад, Гарадзенскі епіскап Аляксей Грамадскі, прот. Віталь Баравой, Мітрапаліты Мінскія і Беларускія Нікадзім і Філарэт). Таксама ў 2016 годзе спаўняецца 70 гадоў з правядзення так званага Львоўскага сабору — на якім была ліквідаваная Украінская Грэка-Каталіцкая Царква, прымусова далучаная да Рускай Праваслаўнай Царквы. Гэтыя дзве даты — нагода паразважаць пра ролю сабораў і саборнасці ў жыцці цэркваў. На міждысцыплінарнай і міжканфесійнай секцыі прапануецца разгледзіць наступныя пытанні: гісторыя падрыхтоўкі сабораў, іх тэмаў і дакументаў; геапалітычны, сацыяльна-палітычны, экуменічны і міжправаслаўны кантэкст сабораў, актуальнасць сабораў і яго рашэнняў для Царквы ў цэлым і Беларускіх Цэркваў ў прыватнасці. 

Прыняць удзел у Кангрэса можна ў якасці выступоўцы (для гэтага трэба прадставіць тэзісы памерам 2-4 тыс. знакаў) ці госця без даклада.  Можна таксама падаць заяўку на арганізацыю прэзентацыі навуковых, культурных, выдавецкіх праектаў, выставаў і г.д. Арганізацыйны камітэт вітае ўдзел у Кангрэсе журналістаў і прадстаўнікоў СМІ.

Падаць заяўку можна тут.

Дэдлайн падачы заявак — 20 мая 2016 года.

Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай беларускай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у працы якога прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання грамадства, палітыкі  і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса ‘яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену думкамі і ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцяў Беларусі і другіх краін.  

Місія Кангрэса – развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных асяродках краіны, рэгіёну і свету. 

Інфармацыя пра секцыю на ангельскай мове.