Ватыкан прыняў новы парадак прыняцця англікан у Каталіцкую Царкву
22.10.2009Паводле інфармацыі Агенцтва Навінаў Ватыкана, Апостальская Сталіца прыняла новы парадак прыняцця англікан у Каталіцкую Царкву: прымаючы Апостальскую Пастанову, паводле словаў Перфекта Кангрэгацыі Дактрыны веры кардынала Вільям Левада, "Каталіцкая Царква адказвае на шматлікія просьбы аб уваходжанні ў бачную еднасць, пададзеныя Святому Прастолу групамі англіканскіх клірыкаў і міранаў па ўсім свеце".
Як сцвярджае кардынал, "у дадзенай Апостальскай Пастанове Святы Айцец уводзіць кананічную структуру для такога калектыўнага прыяднання, засноўваючы Асабістыя Ардынарыяты, якія дазволяць былым англіканам увайсці ў поўную еднасць з Каталіцкай Царквой, захоўваючы адрозныя элементы англіканскай духоўнай і літургічнай спадчыны. Паводле ўмоваў Апостальскай Пастановы, для групаў былых англіканаў пастарскае стырнаванне будзе ажыццяўляцца праз Асабістыя Ардынарыяты, ардынарый якіх будзе ў большасці выпадкаў прызначацца з ліку былых англіканскіх клірыкаў".
Такім чынам, як адзначае Вільям Левада, "Апостальская Пастанова дае рацыянальны і нават неабходны адказ на феноме сусветнага маштабу, прапануючы адзіную кананічную мадэль для сусветнай Царквы, якая можа адптавацца ў адпаведнасці з рознымі мясцовымі сітуацыямі... Яна дазваляе рукаўскаладанне на святароў Каталіцкай Царквы жанатых клірыкаў, якія перайшлі з англіканства, аднак зыходзячы гістарычных і экуменічных абгрунтаванняў, як у Каталіцкай, так і ў Праваслаўнай Цэрквах існуюць абмежаванні на рукаўскладанні на епіскапаў жанатых мужчынаў. Такім чынам, паводле Пастановы, ардынарыем можа быць альбо святар, альбо нежанаты епіскап. Семінарысты ў Ардынарыяце мусяць рыхтавацца разам з каталіцкімі семінарыстамі, аднак Ардынарыяты могуць ствараць свае выхаваўчыя ўстановы, каб задаволіць адмысловыя патрэбы фармацыі ў англіканскім духу".
Паводле словаў кардынала, ініцыятыва стварэння падобнай структуры паходзіць ад шэрагу разнастайных групаў англіканаў, якія "вызналі, што падзяляюць каталіцкую веру, як яна выражаная ў катэхізізе Каталіцкай Царквы і прымаюць Пятрова служэнне як тое, што для Царквы ўсталяваў Хрыстос. Для іх прыйшоў час выразіць гэтую еднасць у бачнай форме поўнага супрычасця".
Такім чынам, паводле сваёй формы англіканскія ардынарыяты Каталіцкай Царквы будуць падобныя на ўніяцкія ўтварэнні - толькі цяпер такая ўнія закране заходнюю традыцыю. Каталіцкая Царква, прымаючы да сябе ў еднасць іншыя хрысціянскія супольнасці, групы, цэрквы, вызначае іх разнастайнасць як багацце традыцый.
З іншага боку, Англіканская Царква ў асобе архіеп. Кантэрберыйскага Роўэна Вільямса, адзначыла, што з'яўленне Апостальскай Пастановы досыць своечасовае і дазваляе ўрэгуляваць статус тых англіканскіх групаў, якія пажадалі еднасці з Каталіцкай Царквой, бачучы Пастанову вынікам двухбаковага экуменічнага дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Англіканскай Супольнасцю, які адбываецца ў межах Міжнароднай англіканска-рыма-каталіцкай камісіяй (ARCIC) і Міжнароднай англіканскай-рыма-каталіцкай камісіяй па еднасці і місіі (IARCCUM).
Паводле: CDF/ANGLICANS CATHOLICS/LEVADA VIS 091020 (820)
Крыніца:
Апошнія навіны