Царква Швецыі сказала "так" аднаполым шлюбам
22.10.2009Царква Швецыі - лютэранская царква, якая да 2000 г. мела статус дзяржаўнай - на пасяджэнні Сінода ў Упсале 22 кастрычніка 2009 г. прыняла рашэнне аб магчымасці аднаполых шлюбаў, паведамляе афіцыйны сайт Шведскай Царквы.
Паводле рашэння, якое ўступае ў сілу 1 лістапада 2009 г., Царква не толькі падтрымлівае ініцыятыву шведскага парламенту аб прыняцці закону аб аднаполых шлюбах, у якім саюз паміж аднаполымі партнёрамі мае называцца шлюбам, а не партнёрствам, як было раней; але таксама вызначыла і парадак ажыццяўлення такіх шлюбаў у Царкве Швецыі: "шлюб распаўсюджваецца як на разнаполыя, так і аднаполыя пары". Мае быць распрацаваны таксама чын вянчання для аднаполых параў.
Рашэнне Швецкай Царквы, якая ўжо ў 2007 г. прыняла рашэнне аб магчымасці блаславення аднаполых партнёрстваў, выклікала новую хвалю незадаволенасці ў хрысціянскім асяродку, асабліва гэта тычыцца Праваслаўных Цэркваў, Каталіцкай Царквы, а таксама вялікай колькасці кансерватыўных пратэстантаў. Мяркуецца, што прызнанне аднаполых шлюбаў Царквой Швецыі паўплывае на перафарматаванне экуменічнага руху.
Крыніца:
Апошнія навіны