Патрыяршае Пасланне да Раства Хрыстова 2015
06.01.2016+ ВАРФАЛАМЕЙ
З ЛАСКІ БОЖАЙ АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЯ - НОВАГА РЫМУ І УСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ
УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ
ЛАСКА, МІЛАСЦЬ І МІР АД ЗБАЎЦЫ ХРЫСТА, НАРОДЖАНАГА У ВІФЛЕЕМЕ
Любыя ў Госпадзе браты, сёстры й дзеці,
Ізноў слодыч святой ночы Раства ахінае свет. Спасярод чалавечых цяжараў і нягодаў, крызісаў і закалотаў, пакутаў і варажнечы, клопатаў і расчараванняў - Таемства ўчалавечання Божага прыносіць тую самую мілату, як ніколі надзённую і сучасную, заахвочваючы «ўсіх жыхароў зямлі навучацца праўдзе» (Іс. 26, 9), бо «нарадзіўся нам сёння Збаўца» (Лк. 2, 11).
На вялікі жаль, аднак, у наш час многія людзі разважаюць, як забойца дзяцей - Ірад, зладзейны і бязлітасны, і знішчаюць іншых людзей рознымі спосабамі. Розум уладара свету, увасоблегана ў забойцы Ірадзе, быў скажоны эгацэнтрызмам, і парадаксальным чынам у нараджэнні нявіннага Дзіцяткі ён убачыў для сябе небяспеку. І таму, каб захаваць сваю зямную ўладу перад гэтай небяспекаў, ён вырашыўся на самы пэўны, як яму здавалася, спосаб абараніць яе - забойства Дзіця.
Засцерагаючыся ад намераў забойцы, Немаўля Ісус, пра якога абвесцілі Ангелы, вымушаны быў уцякаць у Ягіпет, тым самым стаўшыся, кажучы сучаснай мовай, «палітычным уцекачом», разам са Сваёй Маці, Прасвятой Багародзіцай Марыяй і з праведным Ёсіфам.
У нас час, які лічыцца прагрэсіўным, мноства дзяцей вымушаны станавіцца ўцекачамі, каб кіруючыся за сваімі бацькамі, ратаваць сваё жыццё ад зламысных замахаў. Гэта - сапраўдная ганьба для чалавецтва.
Таму на Раство Дзіцяткі Ісуса, ісцінага Выбавіцеля і Збаўцы нашага, Святы Апостальскі і Патрыяршы Усясветны Прастол заклікае ўсякую супольнасць парупіцца пра гарантаванне бяспечнага сталення дзяцей, з павагай да іх права на жыццё, адукацыю і нармальнае развіццё, якое можа быць забяспечана праз выхаванне і навучанне ва ўлонні традыцыйнай сям’і, на падмурку прынцыпаў любові, чалавекалюбства, міра, салідарнасці - тых дабротаў, якія прыносіць нам сёння ўцялеснены дзеля нас Госпад.
Народжаны Збаўца запрашае ўсіх прыняць гэтую вестку пра збаўленне людзей. Сапраўды, за доўгую гісторыю чалавецтва шматразова перасяляліся і мігравалі цэлыя народы. Варта было б спадзявацца, што пасля досведу дзвюх сусветных войнаў, а таксама праз заклікі да міру ад царкоўных і палітычных лідараў і арганізацыяў, сучасныя грамадствы здолеюць забяспечыць мірнае суіснаванне людзей у сваім краі. На жаль, падзеі сведчаць пра адваротнае і разбіваюць гэтую надзею, бо незлічонае мноства людзей, пад пагрозай іх жыццю, вымушаны выбіраць горкі шлях выгнання.
З ускладненнем такога становішча і пастаянным узмацненнем плыні ўцекачоў, павялічваецца і наша адказнасць - тых, хто блаславёны жыць у міры і ў параўнальнай выгодзе, каб нам не заставацца абыякавымі да штодзённай трагедыі тысяч іншых людзей, нашых братоў і сёстраў, але каб на справе паказаць салідарнасць і любоў да іх, у пэўнасці, што праз кожную праяву дабрачыннасці да іх мы ўчыняем дабро Самому народжанаму і прыняўшаму плоць Сыну Божаму, Які з’явіўся ў свет не як цар, не як уладар, не як кіраўнік, не як багач, але нарадзіўся ўбогім і безабаронным Немаўляткам у маленькім хляве, беспрытульным (а так жывуць цяпер тысячы людзей!), і ў першыя ж гады свайго жыцця на зямлі вымушаны быў бегчы на чужыну, ратуючыся ад Іравадай нянавісці. Нявінная кроў дзяцей сённяшніх уцекаўчоў, літаральна напітвае зямлю і мора, пакуль мяцежная душа Ірада «прымае асуджэнне».
Нованароджанае і ўцякаючае ў Ягіпет Боскае Немаўля - гэта ісціны хадайнік сённяшніх уцекачоў, выгнаных сучаснымі ірадамі. Гэтае Дзіцятка Ісус, наш Бог, «стаў для немачных немачным» (1 Кар. 9, 22), прыпадобніўся нам усім - слабым, змораным, у небяспецы, выгнаннікам. Нашая падтрымка і дапамога тым нашым братам і сёстрам, якіх пераследуюць і выганяюць, незалежна ад расы, нацыянальнасці і рэлігіі, стане для народжанага Госпада дарам, нашмат больш каштоўным за дары вешчуноў, найкаштоўны скарб «золата, ладану й смірны» (Мф. 2, 11), невымерным і вечным духоўным багаццем, толькі якое ніколі не сатлее, але чакае нас у Нябесным Царстве.
Дык няхай кожны з нас прынясе ўсё, што можа, нашым братам і сёстрам - уцекачам, якія з’яўляюць нам самога Ісуса Хрыста. Няхай кожны прынясе сёння народжанаму ў Віфлееме Дзіцятку Хрысту каштоўныя дары любові, ахвяры і салідарнасці, пераймаючы Ягоную міласэрнасць. Ухвалім жа Яго Самога з Ангеламі, вешчунамі і простымі пастухамі, з усімі святымі ўсклікаючы: «Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях - добрая воля!» (Лк. 2:14).
Ласка і багатая міласць уцекача Немаўляці Ісуса няхай будзе з усімі вамі.
Раство Хрыстова 2015
+Варфаламей Канстанцінопальскі
Ваш гарачы хадайнік перад Богам
Яшчэ па тэме Віншаванні на Раство і Пасху:
- Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА
- Патриаршее обращение на Рождество Христово
- Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне 2019
- Пасланне Усясветнага Патрыярха Варфаламея на Вялікдзень
- Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
- Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.