Гісторыя перакладу тэкстаў Святога Пісання на беларускую мову, здзейсненых Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Даклад на Сімпозіуме, прысвечаным Божаму слову ў год св. апостала Паўла: «Слова Божае жывое і дзейснае» (Гбр 4, 12)

 

Адказ на пытанне, якую функцыю выконвае Святое Пісанне ў жыцці Касцёла, дае «Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла». Святое Пісанне «з’яўляецца асновай і жыццядайнай моцаю Касцёла. Для яго дзяцей яно з’яўляецца цвярдыняй веры і крыніцай духоўнага жыцця. Гэта душа тэалогіі і пастырскага навучання. (…) Касцёл заахвочвае да частага чытання Святога Пісання, бо „няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста“ (св. Геранім)» (КККК 24). Касцёл нястомна навучае, што Божае Аб’яўленне, Апостальская Традыцыя і Святое Пісанне з’яўляюцца крыніцай веры і жыцця Касцёла.

Другі Ватыканскі Сабор асабліва заклікаў звярнуцца да «крыніц» нашай веры. Таму здзейснена шматбаковая праца як у паглыбленні самасвядомасці Касцёла, так і ў аднаўленні яго жыцця і місіі ў сучасным свеце. Асабліва дзве саборныя канстытуцыі «Dei Verbum» (пра Божае Аб’яўленне) і «Sacrosanctum Concilium» (пра святую Літургію) нагадваюць пра значэнне Святога Пісання ў рэалізацыі паклікання Касцёла, як паўсюднага сакрамэнту збаўлення. «У Божым слове ўкрыта такая сіла і моц, што яно з’яўляецца для Касцёла падтрымкай і энергіяй, спажыткам для душы, чыстай і невычэрпнай крыніцай духоўнага жыцця» (DV 21).

Божае слова павінна ва ўсе часы быць даступным для чалавека, таму заданнем Касцёла — паводле навучання Сабору — з’яўляецца клопат пра выкананне належных і правільных перакладаў на розныя мовы, асабліва з арыгінальных тэкстаў Святых Кніг. Пры гэтым трэба памятаць, што Касцёл ужо ад пачатку прызнаў сваім і прыняў вядомы найстаражытнейшы грэцкі пераклад Старога Запавету (Септуагінта), а таксама мае ў пашане іншыя ўсходнія і лацінскія пераклады, асабліва той, які называецца Вульгатай (пар. DV 22).

Сёння таксама Касцёл кіруе і сочыць, якім чынам павінны здзяйсняцца пераклады святых тэкстаў. Сведчаннем гэтага клопату з’яўляюцца розныя дакументы Касцёла. Сінод Біскупаў, які нядаўна праходзіў у Рыме, таксама быў прысвечаны біблійнай тэматыцы (Сінод Біскупаў. Божае слова ў жыцці і місіі Касцёла. Instrumentum laboris. http://www.vatican.va/roman_curia/synod /documents/rc_synod_doc_20080511_instrlabor-xii-assembly_pl.html). Напэўна, вынікі працы біскупаў на чале са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, будуць прадстаўлены ўсяму Касцёлу ў форме апостальскай адгартацыі.

Каталіцкі Касцёл на Беларусі, верны Богу і Апостальскай Сталіцы, клапоціцца пра тое, каб Хрыстовыя вернікі былі насычаныя Божым словам і ўмацаваныя святымі сакрамэнтамі. Першыя крокі такога адраджэння, пасля доўгіх гадоў духоўнай пустыні на нашай зямлі, былі ўчыненыя пасля прызначэння ў 1989 г. біскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Акрамя вяртання святыняў і наладжвання пастырства, клопатам першага біскупа была падрыхтоўка на беларускай мове «Катэхізіса» і «Парадку Імшы» (пар. Т. Кандрусевіч. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. http://catholic.by/port/conference/kandrusevich.htm с. 2). Распачатая такім чынам справа адраджэння Касцёла ў Беларусі была працягнута яго наступнікам кардыналам Казімірам Свёнткам.

Неабходнасць выкарыстання роднай мовы ў літургіі Касцёла на Беларусі, які распачаў сваё адраджэнне, а таксама падрыхтоўка катэхетычнай і рэлігійнай літаратуры на беларускай мове паслужыла прычынаю стварэння ў 1992 г. «Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры», у склад якой увайшлі 4 святары (кс. Ул. Завальнюк, кс. А. Дзям’янка, кс. В. Жыльветра, кс. М. Сапель) і 5 свецкіх (І. Жарнасек, А. Жлутка, К. Лялько, А. Новікава, М. Чапля). Старшынёй быў прызначаны кс. Ул. Завальнюк. Дэкрэт аб скліканні быў падпісаны арцыбіскупам Казімірам Свёнткам 5 ліпеня 1992 г. (пар. К. Свёнтэк. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Дэкрэт № 07/92 ад 5 ліпеня 1992 г.). У выніку працы Камісіі былі здзейсненыя пераклады літургічных і біблійных тэкстаў, неабходныя ў той час, для выкарыстання ў Літургіі і ў рэлігійнай літаратуры.

З часам наступілі змены. 5 мая 1995 г., беручы пад увагу пастанову Святарскай рады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кардынал Казімір Свёнтэк наноў склікаў Камісію, якая атрымала назву «Мітрапалітальнай камісіі па тлумачэнні літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры». У склад гэтай Камісіі ўвайшлі: кс. А. Дзям’янка, кс. В. Жыльветра, кс. Ф. Кісель, кс. Т. Крыштопік, кс. М. Сапель, І. Жарнасек, А. Жлутка, К. Лялько, А. Новікава, а таксама, у якасці кансультанта кс. С. Гаек (Пар. К. Свёнтэк. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Дэкрэт № 08а/95 ад 5 мая 1995 г.). З 1999 г. у працы Камісіі дапамагала М. Пашук, а пазней таксама М. Гракаў і А. Кузьміч. Рашэннем ККББ ад 1 лютага 2000г. старшынёй Камісіі быў прызначаны кс. М. Сапель.

У гэты перыяд праца Камісіі пераважна была сканцэнтравана на падрыхтоўцы перакладу «Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі», які дарэчы, змяшчае шмат біблійных тэкстаў. Гэтая праца была распачата даўно і была працяглай і складанай, бо не існавала распрацаванай тэрміналогіі, у тым ліку і біблійнай. Здаралася, што неаднойчы Канферэнцыя Біскупаў, якая сачыла за працай, прымала канчатковае рашэнне ў спрэчных пытаннях. Калі праца набліжалася да завяршэння, Апостальская Сталіца (у юбілейным 2000 г.) абвясціла трэцяе ўзорнае выданне «Рымскага Імшала». У сувязі з гэтым было прынята рашэнне Канферэнцыяй Біскупаў, што Імшал на беларускай мове павінен быць зроблены паводле новага ўзорнага выдання (Пар. Новы Імшал. Ave Maria 1-2:2005. http://media.catholic.by/ave/ с.1).

З мэтаю павышэння эфектыўнасці працы ў 2002 г. адбыліся персанальныя змены ў Камісіі. Дэкрэтам ад 13 красавіка 2002 г. членамі Камісіі сталі кс. М. Сапель, кс. Ф. Кісель, кс. І. Лашук, кс. Крэміс, а. Куляха, А. Жлутка, М. Пашук, М. Гракаў, К. Лялько, А. Новікава (Пар. К. Свёнтэк. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Дэкрэт № 03/02 ад 13 красавіка 2002 г.). Мэты і заданні Камісіі засталіся ранейшыя. Аднак пільнай патрэбай Касцёла стала стварэнне Лекцыянарыя на беларускай мове, паколькі былі неабходныя тэксты для св. Імшы, якая трансліравалася па радыё з архікатэдральнага касцёла ў Мінску. Спробы перакладу Лекцыянарыя былі ўжо ў 1997 г. Тады над гэтым працавалі А. Бяляцкі і А. Жлутка. Цяпер жа гэтае заданне было даручана А. Кузьмічу і М. Пашук. Куратарам працы спачатку стаў кс. І. Лашук, а затым кс. Я. Крэміс.

Пасля заканчэння працы над перакладам Імшала, некаторыя сябры Камісіі, у тым ліку і старшыня, у сувязі з іншымі абавязкамі папрасілі аб звальненні са складу Камісіі. Дэкрэтам Старшыні Канферэнцыі Біскупаў у верасні 2004 г. Камісія была рэарганізавана ў «Мітрапалітальную камісію па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла» (пар. К. Свёнтэк. Старшыня ККББ. Дэкрэт № B/25/04 ад 21 верасня 2004 г.), а ў снежні таго ж года рашэннем ККББ атрымала статус «Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла» Літургічнай камісіі пры ККББ (пар. К. Свёнтэк. Старшыня ККББ. Дэкрэт № B/30/04 ад 28 снежня 2004 г.). Быў скліканы наступны склад Секцыі: кс. Я. Крэміс, кс. І. Лашук, кс. Ф. Кісель, кс. Я. Кучынскі, а. А. Куляха, М. Пашук, М. Барткова, А. Жлутка, А. Кузьміч. Старшынёй быў прызначаны кс. Ян Крэміс. У кастрычніку 2007 г. у склад Секцыі замест А. Жлуткі была ўключана А. Сухоцкая. Склад Секцыі падабраны з улікам адпаведнай адукацыі, вопыту працы (прадстаўнікі паасобных дыяцэзій). У дзейнасці Секцыі ў залежнасці ад роду працы і патрэбы прымаюць удзел кансультанты. Актуальная назва Секцыі: «Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла» Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (пар. А. Кашкевіч. Старшыня ККББ. Дэкрэт № 340а/Р/07 ад 1 кастрычніка 2007 г.).

Секцыя па перакладзе пры Канферэнцыі Біскупаў атрымала ў спадчыну зробленую працу Мітрапалітальнай камісіі. З 1992 г. па 2004 г. Камісіяй было здзейснена шмат перакладаў літургічных і біблійных тэкстаў, распрацавана пэўная тэрміналогія. Варта адзначыць, што гэта былі першыя крокі духоўна-асветніцкага адраджэння пасля доўгага атэістычнага перыяду ў жыцці нашай Айчыны. Падрыхтоўка і выданне «Рымскага Імшала», малітоўніка «Ойча наш», «Катэхізіса. Падрыхтоўка да канфірмацыі», «Малітвы вернікаў», «Парадку хросту», дакументаў Слугі Божага Яна Паўла ІІ і г.д. Усе гэтыя кнігі ў большай ці меншай ступені змяшчаюць тэксты Святога Пісання.

За перыяд працы Секцыі з 2004 г. па 2008 г. былі перакладзены і зацверджаны адпаведнай касцёльнай уладай, г.зн. Канферэнцыяй Біскупаў або Апостальскай Сталіцай, наступныя кнігі, якія змяшчаюць шмат біблійных тэкстаў.

а) Рытуалы:

1. «Парадак пасвячэння біскупа, прэзбітэраў і дыяканаў».

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 28 снежня 2004 г.

Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 31 мая 2006 г.

2. «Парадак канфірмацыі».

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 30 чэрвеня 2005 г.

Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 21 студзеня 2006 г.

3. «Парадак цэлебрацыі сужэнства».

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 4 красавіка 2006 г.

Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 19 студзеня 2007 г.

4. «Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі».

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 12 красавіка 2007 г.

Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 24 красавіка 2008 г.

5. «Парадак пахавання».

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 20 верасня 2007 г.

Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 14 мая 2008 г.

б) Літургія гадзінаў:

1. Літургія гадзінаў. І том. «Перыяд Адвэнту. Перыяд Нараджэння Пана».

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 14 чэрвеня 2006 г.

2. Літургія гадзінаў. ІІ том. «Перыяд Вялікага посту.

Святы Пасхальны Трыдуум. Велікодны перыяд».

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 20 верасня 2007 г.

в) Кампендыі:

1. «Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла»

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 12 красавіка 2007 г.

2. «Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла».

Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 25–26 чэрвеня 2007 г.

г) Дакументы Святога Айца Бэнэдыкта XVI і Яна Паўла ІІ

1. Энцыкліка Святога Айца Бэнэдыкта XVI «Deus caritas est».

2. Апостальская адгартацыя Бэнэдыкта XVI «Sacramentum Caritatis».

3. Энцыкліка Святога Айца Бэнэдыкта XVI «Spe salvi».

4. Апостальскі ліст Святога Айца Яна Паўла ІІ «Dies Domini».

Тэксты дакументаў Святога Айца Бэнэдыкта XVI размешчаны на афіцыйным сайце Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: Сatholic.by і на сайце Апостальскай Сталіцы: Vatican. va. Тэкст «Dies Domini» размешчаны на сайце: Сatholic.by.

д) Дакументы Касцёла

«Дакументы Другога Ватыканскага Сабору», перакладзеныя ў гэтым годзе, рыхтуюцца да друку. Спадзяемся, што ў хуткім часе будзе магчымасць пазнаёміцца з імі на роднай мове. На дадзены момант, згодна з планам, зацверджаным Канферэнцыяй Біскупаў, ідзе праца над «Літургіяй гадзінаў» (ІІІ том), «Парадкам пакаяння», а таксама перакладам Евангелляў. У перспектыве плануецца праца над «Літургічнай агендай» і «Літургіяй гадзінаў для свецкіх», а таксама далейшы пераклад кніг Новага Запавету.

Кожная з вышэйзгаданых кніг змяшчае тэксты Святога Пісання. Асабліва шмат іх у рытуалах, паколькі ў кожным з іх ёсць раздзел, які падае біблійныя тэксты, што ўжываюцца пры цэлебрацыі дадзенага сакрамэнту, напр., чытанні, рэспансарыйныя псальмы і г.д. Літургія гадзінаў — гэта малітва словамі Святога Пісання (Папская біблійная камісія. Інструкцыя пра інтэрпрэтацыю Святога Пісання ў Касцёле. http://biblia.wiara.pl/?grupa=6&art= 1115747445&dzi=1115458140&katg c. 3). Першыя чытанні, прызначаныя на паасобныя дні літургічнага года, рэспансорыі, кароткія чытанні, антыфоны, псалтыр, размеркаваны на чатыры тыдні — усё гэта ўзята са Святога Пісання. Дакументы Касцёла таксама шмат выкарыстоўваюць цытатаў і параўнанняў, зачэрпнутых з Бібліі.

Згадваючы ўсё, што зроблена, асаблівай ўвагі заслугоўвае падрыхтоўка і выданне студыйнага варыянта «Імшальнага лекцыянарыя». Сапраўды, гэта важная для Касцёла на Беларусі справа, паколькі да выдання «Лекцыянарыя» святары падчас літургіі карысталіся рознымі перакладамі Святога Пісання, якія не заўсёды былі якаснымі, а тым больш не былі зацверджаны правамоцнай касцёльнай уладай. Так выкарыстоўваліся пераклады кс. Ул. Чарняўскага (з польскай мовы) або Васіля Сёмухі (з рускай мовы). Аднак пераважна выкарыстоўваўся «Новы Запавет» Л. Дзекуця-Малея. Яго пераклад, хоць і мае своеасаблівы стыль і лексіку, але, паколькі быў зроблены з грэцкай мовы, адзначаецца большай дакладнасцю, чым пераклады Чарняўскага і Сёмухі.

Праца над падрыхтоўкай «Лекцыянарыя», з благаслаўлення кардынала Казіміра Свёнтка, распачалася ў 2002 г. Пераклад быў здзейснены паводле прадпісанняў Касцёла з арыгінальных моў, г.зн. грэцкай (паводле Nestle-Alandа) і габрэйскай (паводле Stuttgartensia), з улікам лацінскага тэксту Новай Вульгаты. Пераклад быў параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі пры дапамозе кампутарнай праграмы BibleWorks і стылістычна апрацаваны. Пачаткова «Лекцыянарый» быў выдадзены ў форме 16 сшыткаў (якія выходзілі па ходу працы), а пазней у форме 6 кніг у цвёрдай вокладцы. Дастатковая колькасць кніг і сшыткаў была распаўсюджана па ўсіх дыяцэзіях Беларусі.

Прадстаўленая гісторыя ўзнікнення і дзейнасці Секцыі паказвае, што па меры неабходнасці фарміравалася адпаведная заданням структура, дзеля дабра Касцёла і беларускага грамадства. Без сумнення, адным з такіх заданняў надалей з’яўляецца пераклад тэкстаў Святога Пісання на беларускую мову, асабліва тых, якія выкарыстоўваюцца ў Літургіі і навучанні Касцёла. Як ужо было адзначана, Касцёл, як той, каму давераны дыпазіт веры (пар. КККК 16), заўсёды павінен кіраваць і зацвярджаць здзейсненыя пераклады літургічных і, асабліва, святых тэкстаў.

Паводле Кодэкса Кананічнага Права, толькі тыя кнігі з галіны Святога Пісання, тэалогіі, права, гісторыі Касцёла, а таксама іншых галінаў рэлігійных ведаў і маральнасці могуць выкарыстоўвацца, якія былі выдадзены з дазволу кампетэнтнай касцёльнай улады (пар. ККП 827 § 2). «Кнігі Святога Пісання можна выдаваць толькі з дазволу Апостальскай Сталіцы або Канферэнцыі Біскупаў. Для выдання перакладаў на нацыянальныя мовы таксама неабходны дазвол той жа ўлады» (ККП 825 § 1).

Праўды збаўлення ў Бібліі пададзены не ў форме азначэнняў ці тэалагічных тэзісаў, але ў разнастайных літаратурных формах, якія ўзніклі ў розныя часы, у розных асяроддзях і культурах. Біблійная герменэўтыка дае ключ да зразумення такіх тэкстаў. Паколькі Біблія ўзнікла ў выніку супрацоўніцтва Бога (галоўнага Аўтара) з чалавекам (другарадным аўтарам), таму біблійная герменэўтыка павінна ўлічваць два віды прынцыпаў інтэрпрэтацыі: літаратурны, які выкарыстоўваецца ў інтэрпрэтацыі кожнага літаратурнага твора, а таксама тэалагічны прынцып, які выкарыстоўваецца толькі пры тлумачэнні Бібліі, як натхнёнай кнігі (пар. B. Polak. Zasady interpretacji Pisma Świętego. http://www.katechetyka.diecezja.opole.pl/lex/zasady-interpr.htm с. 1).

Да галоўных літаратурных прынцыпаў адносяцца: улічванне арыгінальнага тэксту, ролі кантэксту, улічванне паралельных месцаў; літаратурных жанраў, ведання акалічнасцяў узнікнення тэкстаў. Побач з літаратурнымі прынцыпамі трэба таксама ўлічваць тэалагічныя прынцыпы, а менавіта: згоднасць з Традыцыяй Касцёла, вучэннем айцоў Касцёла, аналогіяй веры, еднасцю Бібліі, інтэрпрэтацыяй праўд збаўлення (DV 12).

а) Літаратурныя прынцыпы (пар. B. Polak. Zasady interpretacji Pisma Świętego. http://www.katechetyka. diecezja.opole.pl/lex/zasady-interpr.htm с. 1-2).

1. Улічванне арыгінальнага тэксту. Гэты філалагічны прынцып мае вялікае значэнне як тэалагічнае, так і практычнае. Паколькі непасрэдна натхнёным з’яўляецца толькі арыгінальны тэкст, які выйшаў з пад пяра біблійнага аўтара. Пераклад жа натхнёны пасрэдна, г.зн. настолькі заслугоўвае называцца «словам Божым», наколькі будзе верным арыгіналу.

2. Роля кантэксту. Чытаючы Біблію, трэба ўлічваць кантэкст граматычны і псіхалагічны. Думкі аўтара не можа перадаць і выказаць адзін сказ, вырваны з кантэксту. Ігнараванне гэтага фундаментальнага прынцыпу вядзе заўсёды да памылковых інтэрпрэтацый. Так паўставалі ерасі. Улічванне кантэксту дазваляе тлумачыць многія цяжкасці і глыбей разумець змест Бібліі.

3. Улічванне паралельных месцаў. У адкрыцці праўдзівага сэнсу Святога Пісання трэба таксама браць пад увагу т.зв. паралельныя месцы, у якіх паўтараюцца тыя самыя выразы або той самы змест. Гэты прынцып вельмі карысны для выяснення сэнсу незразумелых месц у Бібліі.

4. Улічванне літаратурных жанраў. У пошуку праўдзівага сэнсу Пісання не дастаткова аднаго толькі граматычнага і стылістычнага прынцыпу. Трэба ўлічваць літаратурныя жанры, г.зн. формы запісу, якія выкарыстоўваліся людзьмі ў дадзеным месцы і ў дадзеную эпоху для выяўлення таго, што хацелі перадаць.

5. Веданне акалічнасцяў узнікнення тэксту. Для зразумення сэнсу вялікае значэнне мае веданне акалічнасцяў кампазіцыі твора: адукацыя, культура, псіхіка аўтара, яго эпоха, мэта твора, адрасаты, асяроддзе.

б) Тэалагічныя прынцыпы (пар. B. Polak. Zasady interpretacji Pisma Świętego.

http://www.katechetyka.diecezja.opole.pl/lex/zasady-interpr.htm с. 2).

1. Згоднасць з Традыцыяй Касцёла. Каталіцкі экзэгет, як і кожны, хто хоча правільна інтэрпрэтаваць Святое Пісанне, пры перакладзе Бібліі павінен улічваць жывую Традыцыю інтэрпрэтацыі Касцёла, «які выконвае Божае даручэнне і служэнне: захоўваць і тлумачыць Божае слова» (DV 12). Гэтую функцыю выконвае Настаўніцкі Інстытут Касцёла, які аўтарытатыўна дзейнічае ад імя Езуса Хрыста. Гэты Інстытут не стаіць па-над Божым словам, але служыць яму, свята захоўвае яго і верна тлумачыць.

2. Вучэнне айцоў Касцёла. Выяўленнем жывой Традыці Касцёла ёсць таксама інтэрпрэтацыя айцоў Касцёла. Яна абавязвае тады, калі з’яўляецца паўсюднай інтэрпрэтацыяй і датычыць спраў веры і маральнасці.

3. Аналогія веры. Гэта гармонія канкрэтнай навукі з усім комплексам аб’яўленых праўд, якім навучае Касцёл. Ніякі біблійны тэкст не можа мець супярэчнага сэнсу з гэтымі праўдамі. Праўды Аб’яўлення, якім вучыць Касцёл, маюць таго самага Аўтара, што і Біблія — Бога.

4. Еднасць Бібліі. Пры перакладзе трэба ўлічваць еднасць усёй Бібліі. Біблія прадстаўляе сапраўдную еднасць не толькі таму, што ёсць адзін галоўны Аўтар, але таксама з прычыны свайго рэлігійнага зместу, які канцэнтруецца на тэме збаўлення, абяцанага і падрыхтаванага ў Старым Запавеце, а рэалізаванага ў Хрысце ў Новым Запавеце.

5. Інтэрпрэтацыя праўд збаўлення. Заданнем інтэрпрэтатара з’яўляецца тлумачэнне перадусім праўд, якія датычаць збаўлення, а таксама каменціравання паасобных тэкстаў у кантэксце святой гісторыі збаўлення.

Прадстаўленыя фундаментальныя прынцыпы паказваюць, што Касцёл з’яўляецца гарантам і правамоцным інтэрпрэтатарам (пар. Папская біблійная камісія. Інструкцыя пра інтэрпрэтацыю Святога Пісання ў Касцёле. http://biblia.wiara.pl/?grupa=6&art=1115747445&dzi=1115458140&katg c. 1) Божага слова, Аб’яўленага і перададзенага Традыцыяй. Касцёл на працягу вякоў рознымі спосабамі абвяшчае Божае слова, выкарыстоўваючы даступныя сродкі. Аднак ад пачатку існавання Касцёла чытанне Святога Пісання было інтэгральнай часткай хрысціянскай Літургіі. Менавіта літургія, асабліва літургія сакрамэнтаў, вяршыняй якой з’яўляецца цэлебрацыя Эўхарыстыі, ёсць самай дасканалай формай актуалізацыі біблійных тэкстаў, бо Літургія дае магчымасць абвяшчаць Божае слова ў супольнасці вернікаў, якія збіраюцца вакол Хрыста, каб наблізіцца да Бога (пар. Папская біблійная камісія. Інструкцыя пра інтэрпрэтацыю Святога Пісання ў Касцёле. http://biblia.wiara.pl/?grupa=6&art=1115747445&dzi=1115458140&katg c. 3).

Клопат Касцёла пра выкарыстанне Святога Пісання ў Літургіі выразна прадстаўлены ў «Агульных уводзінах да Рымскага Імшала». Паасобныя Канферэнцыі Біскупаў павінны асабліва клапаціцца пра пераклады біблійных тэкстаў, якія ўжываюцца падчас цэлебрацыі Літургіі. Бо са Святога Пісання чытаюцца чытанні, спяваюцца псальмы; Біблія натхняе і спрыяе з’яўленню малітваў і літургічных спеваў, з яе выводзіцца значэнне дзеянняў і знакаў. Пры гэтым належыць карыстацца мовай, якая адпавядае разуменню вернікаў і адначасова з’яўляецца ўзнёслай, літаратурнай і прыдатнай для публічнага абвяшчэння, аднак, з захаваннем тых рыс, якія ўласцівы розным спосабам выказвання, ужытым у біблійных кнігах (пар. Агульныя уводзіны да Рымскага Імшала №№391-392).

Літургічная рэформа Другога Ватыканскага Сабору мела на мэце адкрыць вернікам скарбніцу біблійных тэкстаў, бо калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, тады сам Бог прамаўляе да свайго народу, а Хрыстус прысутнічае ў сваім слове (пар. SС 7). Важным дакументам для працы каталіцкіх перакладчыкаў з’яўляецца Інструкцыя Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў «Liturgia authenticam», якая датычыць выкарыстання нацыянальных моў пры выдаванні кніг рымскай Літургіі. На асаблівую ўвагу заслугоўвае другі раздзел гэтай Інструкцыі (№№19-69), дзе пададзены патрабаванні, якія неабходна здзяйсняць пры перакладзе літургічных і біблійных тэкстаў. Прадпісанні гэтыя вельмі дакладныя. Так, напр., яны падаюць нават тое, як неабходна перакладаць найбольш важныя словы і словазлучэнні, а таксама нормы выкарыстання вялікіх літар.

Паводле згаданай Інструкцыі, нельга рабіць пераклад тэксту з іншых перакладаў, але толькі з арыгінальнай мовы. Літургічныя тэксты неабходна перакладаць з лацінскай мовы. Біблійныя тэксты — з габрэйскай, арамейскай ці грэцкай мовы. Пры перакладзе біблійных тэкстаў неабходна таксама кіравацца тэкстам Новай Вульгаты, выдадзеным Апостальскай Сталіцай (пар. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Інструкцыя «Liturgia authenticam» 24. http://www.kkbids.episkopat.pl/anamnesis/29/2.htm#etykieta1 #etykieta1 с. 4). Вельмі важна, каб пераклады біблійных тэкстаў, якія выкарыстоўваюцца ў Літургіі, адзначаліся аднароднасцю і статычнасцю. Неабходна, каб на дадзенай тэрыторыі, быў адзін зацверджаны варыянт перакладу, які б ужываўся ў роўзных частках літургічных кніг, асабліва тых, якія часта выкарыстоўваюцца, напр., Псалтыр. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў таксама заахвочвае паасобныя Канферэнцыі Біскупаў, каб на сваіх тэрыторыях яны паклапаціліся аб выданні поўных перакладаў Святога Пісання (Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Інструкцыя «Liturgia authenticam» 36. http://www.kkbids. episkopat.pl/anamnesis/29/2.htm#etykieta1#etykieta1 с. 6).

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, клапоцячыся аб падрыхтоўцы перакладу на беларускую мову Святога Пісання, даручыла Секцыі па перакладзе (2007 г.) (пар. А. Кашкевіч. Старшыня ККББ. План працы Секцыі на 2008г., ад 10 верасня 2007 г.), у якасці першага этапу, падрыхтоўку чатырох Евангелляў, якія з’яўляюцца галоўным сведчаннем аб жыцці і вучэнні Езуса і займаюць асаблівае месца ў Касцёле (пар. ККК 22). Трэба адзначыць, што як пры падрыхтоўцы Лекцыянарыя, так і ў працы над Евангеллямі, пераклад быў здзейснены, з арыгінальных моў, параўнаны з іншымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Цяпер гэтая праца знаходзіцца на этапе параўнання паралельных месцаў, падрыхтавана сінопса. У дадзенай працы, акрамя супрацоўнікаў Секцыі, актыўна ўдзельнічаюць каталіцкія біблісты: кс. В. Быкоўскі і кс. А. Зайчык.

Практыка паказвае, што ў працы па перакладзе на беларускую мову Бібліі вялікае значэнне мае падрыхтаваны Лекцыянарый, паколькі пераважная частка тэкстаў Святога Пісання ўжо пададзена ў ім. Першы крок здзейснены. Наперадзе ж чакае вялікая, адказная, а перадусім дакладная і верная дэрыктывам Касцёла праца, праца па падрыхтоўцы поўнага перакладу Святога Пісання, які будзе зацверджаны кампетэнтнай касцёльнай уладай. Бо неабходна, каб праз чытанне і вывучэнне Святых Кніг «слова Пана пашыралася і праслаўлялася» (пар. 2 Тэс 3, 1), а скарб Аб’яўлення, даручаны Касцёлу, усё больш напаўняў людскія сэрцы (пар. DV 26).

Літаратура:

Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла (ККК).

Кодэкс Кананічнага Права (ККП).

Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне «Dei Verbum» (DV).

Канстытуцыя пра святую Літургію «Sacrosanctum Concilium» (SС).

Сінод біскупаў. Божае слова ў жыцці і місіі Касцёла. Instrumentum laboris. http://www.vatican.va/roman_curia/synod/documents/rc_synod_doc_20080511_....

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Інструкцыя «Liturgia authenticam». 28 сакавіка 2001 г.http://www.kkbids.episkopat.pl/anamnesis/29/2.htm#etykieta1#etykieta1.

Папская біблійная камісія.

Інструкцыя пра інтэрпрэтацыю Святога Пісання ў Касцёле. 15 красавіка 1993 г. http://biblia.wiara.pl/?grupa=6&art=1115747445&dzi=1115458140&katg.

Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала. Мінск 2004 г.

К. Свёнтэк. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Дэкрэт № 07/92 ад 5 ліпеня 1992 г.

К. Свёнтэк. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Дэкрэт № 08а/95 ад 5 мая 1995 г.

К. Свёнтэк. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Дэкрэт № 03/02 ад 13 красавіка 2002 г.

К. Свёнтэк. Старшыня ККББ. Дэкрэт № B/25/04 ад 21 верасня 2004 г.

К. Свёнтэк. Старшыня ККББ. Дэкрэт № B/30/04 ад 28 снежня 2004 г.

А. Кашкевіч. Старшыня ККББ. Дэкрэт № 340а/Р/07 ад 1 кастрычніка 2007 г.

А. Кашкевіч. Старшыня ККББ. План працы Секцыі на 2008г. ад 10 верасня 2007 г.

Т. Кандрусевіч. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. http://catholic.by/port/conference/kandrusevich.htm.

B. Polak. Zasady interpretacji Pisma Świętego. http://www.katechetyka.diecezja.opole.pl/lex/zasady-interpr.htm.

Новы Імшал. Ave Maria №1-2/2005. http://media.catholic.by/ave.

Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі 14.11.2008

Ян Крэміс, кс. др.

Рубрыка: