Сьляпыя і відушчыя
05.06.2005
Жывеш сабе паціху, жывеш сабе навобмацак. Ні вобразаў, ні падабанестваў не адрозьніваеш. Вядзеш за сабой такіх жа самых, як ты, сьляпых. Ці ты саграшыў, ці бацькі твае? У Адаме, у Адаме ўсе саграшылі, і страцілі славу Божую, грэх, як смуга, заслаў вочы, стаў бервяном у воку, завесай паміж табой і Богам. І ўжо ня ведаеш, ці гэта ты сьляпы, ці навокал цемра, цемра, у якой проста НЯМА Бога. Катэгарычны імператыў хіба што ўражвае, як зорнае неба над галавой. Але зорак не пабачыць сьляпому, дый зоркі тыя даўно ўжо антызоркі, чорныя дзіры ў небе і ўнутры чалавека. І час спыніўся, і заўтра нічога ня зьменіць, бо ня будзе таго заўтра ў тым, што называюць пеклам, а сапраўднае імя і вымавіць страшна. Гэта царства мёртвага спакою, дзе шалом - мір і спакой Божай прысутнасьці, зьмяняецца іншым спакоем - спакоем адсутнасьці і цемры зьнешняй. І нават катэгарычны імператыў не такі ўжо катэгарычны ўнутры чорнай дзіры, запоўненай уласнай ганарлівасьцю. Мы занадта вялікія, мы звышвялікія ўнутры сваіх уласных пустак, мы занадта шчыльныя, і як чорныя дзіры не пакідаем у гэтым сьвеце нават сваіх імёнаў.
Сьвет, які заплюшчыў вочы. І ты жывеш, жывеш сабе навобмацак. І вядзеш гэткіх жа сьляпых, як ты сам. І нарошчваеш масы ўласнай ганарлівасьці. І вось ты ўжо антызорка на небасхіле сусьвету.
А Ён такі маленькі стаіць і ціха сьвеціць. Ён - сьвятло для сьвету. Хто Ён у параўнаньні з намі, такімі вялікімі як горы, горы, на якіх не растуць ні алівы, ні смоквы, хіба што дзесьці ў на нашай паверхні хтосьці будуе манастыры і шукае нірваны - спакоўю антызорак, спакою адсутнасьці.
Ён сьвятло для сьвету. І ня ТЫ саграшыў, ні бацькі твае, а ў Адаме ўсе саграшылі і пазбаўленыя славы Божай. А Ён - ціхае сьвятло гэтай славы. І Ён не гаворыць "Хто мае вочы бачыць, няхай бачыць", а кажа "Я прыйшоў, каб невідушчыя бачылі", і стаіць адзін паміж цемры, дзе плач і скрыгат зубой, у цемры зьнешняй і цемры ўнутранай.
І сьвет расплюшчвае вочы ў момант, калі сталася цемра па ўсёй зямлі. І разьдзіраецца завеса, і чыстыя сьлёзы Сілаама вымываюць з вачэй парушынкі і бярвеньні. І ты глядзіш на ціхую славу - абясслаўленага і ўкрыжаванага на Бярвеньнях тваіх грахоў - Ісуса з Назарэту, найменшага зь людзей. У сьвеце быў, і сьвет Яго не спазнаў. Хто саграшыў, Ён ці бацькі Ягоныя? Ня Ён, Ён адзін без граху. Гэта мы ўсе ў Адаме саграшылі, і страцілі Ягоную прысутнасьць, асьлепшы ў сваёй ганарлівасьці.
А вочы не для цемры - а для ціхага сьвятла сьвятой славы Айца Нябеснага. Народжаныя сьляпымі ў Ім бачаць, народжаныя сьляпымі ў Ім самі сьвецяць сьвету, сьвецяць ціхім сьвятлом сьвятой славы. І самі становяцца маленькімі, як найменшыя часьцінкі і хвалі сьвятла.
І цемра адступае перад сынамі сьвятла, і антызоркі робяцца зоркамі, але ў Вечным Горадзе Нябеснага Айца ні зоркі ўжо не патрэбныя, ні катэгарычныя імператывы, бо Ён асьвятляе ўсё навокал, і ўсё ўнутры ціхім і радасным сьвятлом сьвятой славы. Няхай будзе сьвятло! І ня будзе вечара, ня будзе раніцы пасьля гэтых словаў. А будзе дзень невячэрні, і будзе мір Божы і Ягоная прысутнасьць ў ціхім сьвятле сьвятой славы Нябеснага Айца.